Бра́гінка — рака ў Гомельскай вобласці Беларусі і на Украіне, раней была левым прытокам Прыпяці (басейн Дняпра). На рацэ знаходзіцца гарадскі пасёлак Брагін.
Гідраграфія Даўжыня ракі 179 км, з іх 165,7 км у межах Беларусі. Плошча вадазбору 2778 км², у межах Беларусі 1886,5 км².
Пасля рэгулявальных працаў — пракопвання каналаў, якія сталі адводзіць ваду ў Дняпро, раку падзяляюць на 3 самастойныя аб′екты:
Брагінка Верхняя Цячэ ад вытоку (за 0,5 км на 3 ад вёскі Пракісель) да вытоку Дзяржаўнай канавы і далей да ўпадзення ў Дняпро (Рэчыцкі, Лоеўскі і Брагінскі раёны, даўжыня 76 км, плошча вадазбору 1390 км²). Упадаюць Кербецкая канава, Шчэлбінская канава і інш.
Брагінка Сярэдняя Цячэ ад вытоку Дзяржаўнай канавы (за 2 км на поўдзень ад вёскі Гарадзішча) да вытоку канала Івераўка (другая назва — канава Марозаўка) і далей да ўпадзення ў Дняпро (Брагінскі раён, даўжыня 55 км, плошча вадазбору 460 км²).
Брагінка Ніжняя Цячэ ад вытоку канала Івераўка да ўпадзення ў Кіеўскае вадасховішча ў межах Украіны (Брагінскі раён, даўжыня 36,5 км, плошча вадазбору 928 км²).
Увесь іх вадазбор на Гомельскім Палессі. Даліна Брагінкі пераважна невыразная. Абалона нізкая, забалочаная, шырынёй 0,5—1 км. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае. Шырыня ў межань Брагінкі Верхняй 8—14 м. Сярэдняй і Ніжняй 15—30 м. Замярзае ў 1-й дэкадзе снежня, крыгалом у канцы сакавіка.
Зноскі
Літаратура
Катэгорыя:Прытокі Прыпяці Катэгорыя:Прытокі Дняпра Катэгорыя:Рэкі Хойніцкага раёна Катэгорыя:Рэкі Брагінскага раёна Катэгорыя:Рэкі Лоеўскага раёна