Дабраўлянская сядзіба — помнік сядзібна-паркавай архітэктуры ў вёсцы Дабраўляны Смаргонскага раёна.
Гісторыя Палац у Дабраўлянах быў пабудаваны ў XVIII ст. пры Сангушках.
У 1824 г. граф Адам Гюнтэр і яго жонка Аляксандра Канстанцыя Гюнтэр з Тызенгаўзаў (пам. у 1843) заклалі нарожны камень пад новы палац у Дабраўлянах. У палацы пры Гюнтэрах была вялікая бібліятэка. Дзякуючы іхнім намаганням сядзіба Гюнтэраў ператварылася ў сапраўдны культурны цэнтр для мясцовага дваранства. Правінцыйнае жыццё ў Дабраўлянах першай паловы XIX стагоддзя добра апісанае ў мемуарах іх малодшай дачкі — Альбіны Габрыэлы Пузыны (1815, Вільня — 16.08.1869, Гарадзілава). Падчас паўстання 1831 года граф Адам Гюнтэр увайшоў у склад паўстанцкага Часовага ўрада Свянцянскага павета, за што пазней паўстаў перад судомДраўніцкі Я. Антыцарскае паўстанне 1831 года на Віленшчыне // Нашы карані. Ілюстраваны часопіс краязнаўцаў Паазер’я. Паставы: Сумежжа. — № 5, студзень-сакавік 2003 г. — С.14..
У 1851 годзе Адам Гюнтэр падзяліў сваю маёмасць паміж трыма дочкамі: Мацільдай Бучынскай, Ідай Мастоўскай і Габрыэляй Пузынай. У грашовым эквіваленце на долю кожнай з сясцёр прыпадала па 116 992 рублі срэбрам і 33 1/3 капеек. Тады Мацільда ўзяла сабе Дабраўляны і фальварак Надбрэззе з даплатай сёстрам па 21 326 рублёў срэбрам.
З сакавіка 1862 і да 22 лютага 1864 года хаваўся ў Дабраўлянах у Мацільды Бучынскай ад пераследу царскай адміністрацыі Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. У сакавіку 1862 года часовы ваенны губернатар Мінскай губерні генерал-маёр Кушаль разаслаў цыркуляр, у якім было напісана: «Па атрыманых мною праўдзівых звестках высвятляецца, што памешчыкам Марцінкевічам напісаны на народнай беларускай мове абуральны верш пад назвай „Гутарка старога дзеда“, што мае на мэце ўзбудзіць сялян заходніх губерняў супраць урада, … і што г. Марцінкевіч стараецца распаўсюджваць свой твор… сярод простага народа». Пасля таго, як маёнтак Дабраўляны быў секвестраваны, з 22 лютага 1864 года вымушаны быў пераехаць у найбліжэйшае мястэчка Свір, дзе пражываў паўгода да самага свайго арыштуПамяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Мядзельскага раёна. — Мн.,1998. — С. 110. — .
У гады Першай сусветнай вайны палац быў цалкам разбураны і згарэў неўзабаве пасля вайны (1920) ў выніку падпалу супрацоўнікамі. Пазней ён быў разбураны, парк таксама знік. На сённяшні час засталіся толькі гаспадарчыя пабудовы і рэштка парку. Захавалася літаграфія Казіміра Бахматовіча 1835 года з выявай палаца, а таксама нямецкая паштоўка 1917 года, на якой відаць палац напярэдадні пажару.
Палац у Дабраўлянах знайшоў сваё адлюстраванне ў творы Ігната ХодзькіОдин из рода Ходзько «Пракляты», напісанага на падставе мясцовай легенды.
Парк і палац
Парк закладзены ў другой палове XVIII ст. у рэгулярным стылі. Меў складаны лабірынт у баскетах, шматлікія фармаваныя дрэвы, па перыферыі быў акружаны каналам. У 1824—1830 гг. А. Гюнтэр з Тызенгаўзаў узводзіць новы палац з хатняй капліцай на першым паверсе — характэрным элементам палацаў канца XVIII — першай паловы XIX ст. Прыгожы мураваны будынак з рызалітам і мансардай, пабудаваны архітэктарам Барэці на месцы старога, стаў цэнтрам паркавых кампазіцый. Сядзіба перабудоўвалася ў духу рамантызму, у тым ліку нават гаспадарчыя пабудовы. Інтэр’еры палаца мелі псеўдагатычныя дэкарацыі. У парку будаваліся гроты, альтанкі. Месцам адзіноты служылі маленькія астравы на вадаёмах. Была пабудавана гатычная капліца. Адмысловая ўвага надавалася ідэалізацыі сельскага жыцця. Па-майстэрску пабудаваны будан служыў малочняй. У парку вырошчваліся не толькі кветкавыя расліны, але і гародніна. З розных месцаў парку даносіліся жалейкавыя трэлі перапранутых у сялянскае адзенне «пастухоў».
Будова параднай часткі парку заставалася сіметрычна-восевай. Кампазіцыйная вось кароткая, арыентавана ад галоўнага пад’езда да палаца праз дамбу паміж старымі сажалкамі. Яны знаходзяцца з паўночнага боку па перыметры парку ў выглядзе двух выцягнутых (да 200 м) прамавугольнікаў шырынёй 30 м. Нават цяпер прыкметная выразнасць прамалінейных формаў, адточанасць сценак, што характэрна для вадаёмаў у парках рэгулярнага стылю. За воднай роўняддзю размяшчаецца парадная частка парку круглявай формы. У яе дэкарыраванні па перыметры выкарыстоўвалася таполя чорная італьянская. Сіметрычна, з флангаў, на газоне растуць адзіночныя групы ліпы сэрцападобнай. Парадная частка акружана вялікім паркавым масівам, створаным па прынцыпе спалучэння невялікіх палян і груп дрэваў. Яго асаблівасцю стала водная сістэма. З будаўніцтвам трох сажалак на месцы былых рэгулярных кампазіцый яна прыняла замкнёны выгляд. Каналамі і пратокамі, а таксама пасродкам ручая сажалкі злучаліся са старымі вадаёмамі, з-за чаго цэнтральная частка парку здавалася востравам. Невялікія, круглявай формы новыя сажалкі са зрэзанымі берагамі і астраўкамі размешчаны адна за адной. Водная сістэма вызначыла шпацырны маршрут з перспектывамі, якія раскрываюцца на водную роўнядзь сажалак, пойму ручая і карціны парку. Маленькія дамбы, перакідныя масткі, альтанкі сярод масы зеляніны ажыўлялі пейзажы, служылі акцэнтамі ў кампазіцыі паркавага ландшафту.
Аснову насаджэнняў парку складаюць мясцовыя віды (ліпа, ясень, клён, асіна, алешына). Мелася шмат конскіх каштанаў, раслі буйныя букі. Разрослыя на палянах кусты (дзёран, рабіннік, чаромха, глогі), маладняк алешыны і ясеня закрылі перспектывы, і парк прыняў выгляд суцэльнага лесапаркавага масіва са слядамі залішняга ўвільгатнення. Тут маецца адзіная ў Беларусі біягрупа ліяны , якая падымаецца па асінах на вышыню да 10,5 м. У абсаджванні гаспадарчай зоны (цяпер жывёлагадоўчая ферма), размешчанай з паўночнага боку ад цэнтральнай алеі сядзібы, выкарыстана .
Дабраўлянскі палац быў разбураны ў гады Першай сусветнай вайны і больш не адбудоўваўся. Яго жыццё, падзеі, звязаныя з гэтай сядзібай і іншымі маёнткамі края, захаваны Габрыэлай з роду Гюнтэр. Захаваўся будынак былой лядоўні, гаспадарчыя пабудовы і часткова парк.
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Гюнтэры Катэгорыя:Дабраўляны (Смаргонскі раён) Катэгорыя:Сядзібы Смаргонскага раёна Катэгорыя:Колішнія сядзібы Беларусі Катэгорыя:1830 год у Беларусі