Правы чалавека ў Беларусі — комплекс пытанняў і праблем, звязаных з рэалізацыяй, захаваннем і абаронай асноўных свабод і правоў грамадзян у Рэспубліцы Беларусь. Урад краіны сістэматычна крытыкуюць за парушэнні правоў чалавека і пераслед няўрадавых арганізацый, незалежных журналістаў, нацыянальных меншасцяў і апазіцыйных палітыкаў. У сведчанні ў Камітэце Сената Злучаных Штатаў па міжнародных адносінах былая дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс назвала Беларусь адным з шасці ў свеце «фарпостаў тыраніі». У адказ урад Беларусі назваў ацэнку «даволі далёкай ад рэальнасці».

Аляксандр Лукашэнка назваў свой стыль кіравання «аўтарытарным». Заходнія краіны ахарактарызавалі Беларусь пры Лукашэнку як «апошнюю дыктатуру Еўропы»; урад абвінаваціў тыя ж заходнія дзяржавы ў спробе змены рэжыму. З 1997 года Савет Еўропы не дапускае Беларусі членства за недэмакратычнае галасаванне і парушэнні падчас канстытуцыйнага рэферэндуму ў лістападзе 1996 года. Дзесяткі беларускіх дзяржаўных чыноўнікаў, адказных за палітычныя рэпрэсіі, гвалтоўныя знікненні, прапаганду і фальсіфікацыі выбараў, патрапілі пад персанальныя санкцыі з боку Злучаных Штатаў Амерыкі і Еўрапейскага Саюза.

Глыбокі крызіс правоў чалавека абвастрыўся падчас прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і наступных маштабных мірных пратэстаў. Рэакцыя дзяржавы ўключала масавыя адвольныя затрыманні (больш за 35 тысяч чалавек), сістэматычныя катаванні, ліквідацыю грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ.

Прававая база і міжнародныя дагаворы

Свабода мірных сходаў і асацыяцый

Свабода мірных сходаў у Беларусі сістэматычна парушаецца. Пасля выбараў 2020 года ўлады жорстка душылі любыя праявы нязгоды. Затрыманні праводзіліся з парушэннем нацыянальных і міжнародных нормаў: людзей затрымлівалі як за ўдзел у мірных шэсцях, так і за наяўнасць нацыянальнай сімволікі (напрыклад, бела-чырвона-белыя сцягі, гірлянды і нават адзенне адпаведных колераў). У 2021 годзе ў Закон «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь» былі ўнесены змены, якія фактычна скасавалі паведамляльны прынцып правядзення акцый і забаранілі асвятленне несанкцыянаваных сходаў у СМІ ў рэжыме рэальнага часу. Падаўляліся таксама мірныя антываенныя акцыі пратэсту супраць уварвання Расіі ва Украіну, падчас якіх 27–28 лютага 2022 года было затрымана каля 1100 чалавек.

Дзяржава таксама разгарнула кампанію па ліквідацыі незалежных арганізацый грамадзянскай супольнасці. У другой палове 2021 года ўлады ініцыявалі «зачыстку», падчас якой было ліквідавана ці знаходзілася ў працэсе ліквідацыі больш за 800 няўрадавых арганізацый, сярод якіх праваабарончыя цэнтры «Вясна», «Беларускі Хельсінкскі камітэт», экалагічныя, культурныя і дабрачынныя ініцыятывы.

Свабода слова і цэнзура

Беларускія ўлады сістэматычна абмяжоўваюць доступ да незалежнай інфармацыі. У жніўні 2020 года ў краіне была арганізавана маштабная блакіроўка доступу да інтэрнэту, каб перашкодзіць каардынацыі пратэстоўцаў і ўтойванню фактаў гвалту. Міністэрства інфармацыі пазбавіла статусу СМІ найбуйнейшы беларускі партал TUT.BY і ініцыявала масавую блакіроўку незалежных сайтаў. Дзясяткі журналістаў падвергліся крымінальнаму пераследу, ператрусам і арыштам.

Цэнзура распаўсюджваецца таксама на літаратуру. Была створана спецыяльная камісія для ацэнкі друкаванай прадукцыі, якая ўносіць мастацкія кнігі (у тым ліку творы Уільяма Бероуза і іншых сусветных аўтараў) у спіс выданняў, здольных «нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам». Прымяняецца практыка прызнання любых апазіцыйных рэсурсаў і Telegram-каналаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» або «экстрэмісцкімі фарміраваннямі».

Права на справядлівы суд і палітычныя зняволеныя

Судовая сістэма ў Беларусі пазбаўленая незалежнасці і цалкам падпарадкаваная выканаўчай уладзе. Згодна са справаздачамі праваабаронцаў, суды выконваюць функцыю масавага асуджэння нязгодных з рэжымам. У жніўні 2020 года практыкаваліся «выязныя суды» непасрэдна ў ізалятарах (напрыклад, на Акрэсціна), якія доўжыліся па некалькі хвілін без удзелу адвакатаў. Суддзі выносілі пастановы аб арыштах на падставе сфальсіфікаваных рапартаў міліцыі, ігнаруючы відавочныя сляды катаванняў і скаргі затрыманых на гвалт.

Колькасць палітычных зняволеных у краіне рэзка ўзрасла пасля 2020 года. Адвакаты, якія абараняюць палітвязняў, сістэматычна пазбаўляюцца ліцэнзій па рашэнні Міністэрства юстыцыі.

Права на жыццё і свабода ад катаванняў

Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе прымяняецца смяротнае пакаранне. У 2022 годзе заканадаўства было ўзмоцнена: смяротнае пакаранне стала магчымым за «замах на акт тэрарызму», што наўпрост было накіравана супраць удзельнікаў антываеннага і пратэстнага рухаў (у тым ліку так званых «рэйкавых партызан»).

У перыяд з 2020 года міжнародныя арганізацыі і праваабаронцы зафіксавалі тысячы выпадкаў катаванняў, жорсткага і бесчалавечнага абыходжання з грамадзянамі. Асноўнымі інструментамі тэрору з'яўляюцца падраздзяленні АМАП і ГУБАЗіК. У ізалятарах людзей утрымлівалі ў перанаселеных камерах без ежы, вады, доступу да свежага паветра, мэтанакіравана пазбаўлялі сну, матрацаў і медыцынскай дапамогі, ужывалі фізічны і псіхалагічны гвалт.

Праваабаронцы зафіксавалі гібель некалькіх чалавек у выніку дзеянняў сілавых структур (сярод іх Аляксандр Тарайкоўскі, Аляксандр Віхор, Генадзь Шутаў, Раман Бандарэнка). Органы пракуратуры і Следчы камітэт праігнаравалі каля 5000 заяў аб катаваннях, забяспечыўшы сілавікам поўную беспакаранасць.

Правы меншасцяў і ўразлівых груп

ЛГБТК-супольнасць

Дзяржаўная палітыка ў дачыненні да прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці набыла рэпрэсіўны характар. Гамафобія і трансфобія выкарыстоўваюцца ўладамі як трыгер для прымянення найбольш жорсткіх катаванняў у месцах зняволення. З боку сілавых структур шырока прымяняецца практыка прымусовага аўтынгу праз запіс «пакаянных відэа» і публічнага распаўсюджвання інфармацыі пра асабістае жыццё. У красавіку 2026 года быў прыняты закон (арт. 19.16 КаАП РБ), які ўвёў адміністрацыйную адказнасць за любую «прапаганду гомасексуальных адносін і змены полу», фактычна крыміналізаваўшы бачнасць квір-люзей і прыраўняўшы яе да парнаграфіі і педафіліі. У міжнародным рэйтынгу ILGA-Europe «Rainbow Map 2026» па ўзроўні абароны правоў ЛГБТК+ Беларусь заняла 46-е месца з 49 краін Еўропы.

Нацыянальныя меншасці Улады Беларусі ўжываюць рэпрэсіі ў дачыненні да нацыянальных меншасцяў, у прыватнасці, польскай дыяспары. З 2020 года пераследуюцца актывісты і кіраўніцтва «Саюза палякаў у Беларусі», супраць якіх узбуджаліся крымінальныя справы, праводзіліся арышты і дэпартацыі. Дзяржава таксама аказвае ціск на польскія школы і цэнтры вывучэння польскай мовы.

Выбарчыя правы

Працоўныя правы

Свабода сумлення і рэлігіі

Крыніцы

Літаратура

Беларусь