Вялікі Тыбет, Тыбецкая імперыя (, /bod-chen-po/) — старажытная тыбецкая дзяржава, што існавала ў VII — IX стст.

Гісторыя Згодна з пісьмовай традыцыяй бон, якая сфарміравалася ў позняе сярэднявечча, першапачаткова дзяржаўныя ўтварэнні склаліся на захадзе Тыбецкага нагор’я ў раёне гары Кайлас. Яны стварылі федэрацыю Чжанчжунь (або Шаньшунь). У канцы XX ст. кітайскія археолагі адкрылі на захадзе Тыбета культуру жалезнага веку, што атрымала тое ж найменне. Яе носьбіты займаліся жывёлагадоўляй і земляробствам, ведалі кераміку і металы. Пачатак яе ўзнікнення супадаў па часу з існаваннем імперый Цынь і Хань.

У IV — VI стст. цывілізацыя таксама фарміравалася ў даліне Ярлунг уздоўж рэчышча Цан-по. Паводле пазнейшых тыбецкіх крыніц, з II ст. тут валадарылі прадстаўнікі Ярлунгскай дынастыі, залежныя ад валадароў Чжанчжунь. На мяжы VI ст. і VII ст. трыццаць другі прадстаўнік дынастыі Намры Сангцэн фактычна адасобіўся ад заходніх сюзерэнаў.

Узнікненне самастойнай дзяржавы Вялікі Тыбет звязана з яго сынам Сангцэнам Гам-по, які атрымаў спадчыну ад бацькі ў 618 г. Ён заваяваў значную частку Тыбета, землі цян і гандлёвыя факторыі ў раёне возера Кукунор. У 634 г. Сангцэн Гам-по даслаў пасольства ў імперыю Тан з намерам ажаніцца з сястрой імператара. З-за ваеннага ціску тыбетцаў двор Тан быў вымушаны пагадзіцца. Ярлунгскі валадар меў намер ажаніць родную сястру з манархам Чжанчжунь. Калі той адмовіўся ад рукі князёўны пасля сустрэчы з ёю, абражаны Сангцэн Гам-по заваяваў захад Тыбета.

Да пачатку VIII ст. валадары Вялікага Тыбета пашырылі сваю ўладу да сучасных зямель балці на захадзе. На поўначы яны імкнуліся падпарадкаваць аазісы Тарыма і ўмешваліся ў справы на ўсходзе Сярэдняй Азіі. На поўдні кантраляваліся гандлёвыя шляхі ў Бенгалію. На ўсходзе сталыя войны з імперыяй Тан чаргаваліся з мірнымі і гандлёвымі пагадненнямі. У сярэдзіне VIII ст. знешні ўплыў Вялікага Тыбета на некаторы час саслаб, але зноў адрадзіўся ў перыяд кіравання Трысонга Дэцэна (755 — мяжа VIII ст. і IX ст.). Ён захапіў тагачасную кітайскую сталіцу ў Сіяні і дамогся вяртання зямель на поўначы і ўсходзе Тыбецкага нагор’я. На поўдні ў часовую залежнасць ад Тыбета трапіла дзяржава Камарупа. Для спынення тыбецкіх нашэсцяў на поўнач ад Тыбецкага нагор’я дынастыя Тан была вымушана заключыць саюз з арабамі.

З імем Трысонга Дэцэна звязаны поспех будысцкага веравызнання. Будызм пачаў распаўсюджвацца ў Тыбеце ўжо ў эпоху Сангцэна Гам-по, але Трысонг Дэцэн зрабіў яго афіцыйнай рэлігіяй. Ён запрашаў у Лхасу і арганізоўваў дыспуты паміж прадстаўнікамі розных плыняў будызму. Пры яго двары працаваў вядомы індыйскі філосаф Падмасамбхава, які садзейнічаў усталяванню перавагі напрамку ваджраяна, заснаваў першы будысцкі кляштар і такім чынам стаяў ля вытокаў своеасаблівага тыбецкага будызму.

У 838 г. пасля забойства старэйшага брата валадаром Вялікага Тыбета стаў Лангдарма. Пад уплывам прадстаўнікоў рэлігіі бон ён пачаў пераслед будысцкага духавенства. У 842 г. Лангдарма быў забіты будысцкім ламам. Пасля яго смерці адзіная дзяржава фактычна распалася на некалькі частак, валадары якіх імкнуліся дэманстраваць сувязь з Ярлунгскай дынастыяй. Перыяд раздробленасці цягнуўся да 1245 г., пакуль будысцкія манахі сак’я не заключылі дамову з мангольскай дынастыяй Юань аб фармальным падпарадкаванні Тыбета.

Унутраны лад Унутраны лад дзяржавы Вялікі Тыбет вядомы пераважна з кітайскіх крыніц, якія пачалі занатоўвацца толькі ў IX ст., хаця апавядалі пра падзеі з VII ст. Акрамя таго, важнай крыніцай з’яўляюцца міфы і легенды, занатаваныя самімі тыбетцамі ўжо ў познім сярэднявеччы.

Вялікі Тыбет быў манархіяй, на чале якой стаялі валадары рг'ял-по з Ярлунгскай дынастыі. Паводле тыбецкіх паданняў, яна была заснавана ў II ст. выхадцамі з неба. Першыя 27 валадароў лічацца міфічнымі. Наступныя 4 валадары маглі сапраўды кіраваць землямі ў Ярлунгскай даліне. Першай бясспрэчна гістарычнай асобай быў Намры Сангцэн. Улада рг'ял-по сакралізавалася. Пасля смерці яны хаваліся ў асобных магільнях. Вядомы жрацы, якія адказвалі за замагільныя абрады ў гонар манархаў. Імі былі мужчыны і жанчыны. Верагодна, што пазней прадстаўнікі замагільнага культу заснавалі рэлігію бон.

Поруч з некаторымі рг'ял-по называюцца блізкія да іх дарадцы, што мелі цывільныя і ваенныя тытулы, арганізоўвалі заваёўніцкія паходы. Забойства аднаго з такіх дарадцаў каштавала сыну Трысонга Дэцэна тытула рг'ял-по. Ён быў высланы з Лхасы на поўдзень. Адной са стратэгій падтрымання ўлады знутры імперыі былі шлюбы валадароў з прадстаўніцамі найбольш уплывовых мясцовых сем’яў. Шлюбная стратэгія адыгрывала пэўную ролю і ў знешняй палітыцы.

Згодна з кітайскімі крыніцамі, тыбетцы займаліся качавой жывёлагадоўляй, вырошчвалі ячмень, грэчку, чырвоныя бабы, ведалі розныя металы. Хаця ў Тыбеце меліся крэпасці, высакародныя людзі сяліліся ў лямцавых шатрах, адрозніваліся неахайнасцю, апраналі вопратку са скурак суркоў. Сталай арміі не было. Тым не меней, частка мужчынскага насельніцтва была ваеннаабавязанай. Раз у 3 гады яны збіраліся для арганізацыі ахвярапрынашэння богу вайны, падчас паходаў узначальвалі апалчэнне са сваёй мясцовасці.

Спасылкі

Szczepanski, Kallie. Tibet and China: History of a Complex Relationship Helga Uebach. The Tibetan Empire (Seventh–Ninth Centuries) Beckwith, Ch. The Tibetans in the Ordos and North China Tracing the Genetic Legacy of the Tibetan Empire in the Balti M. N. Rajesh. The Battle for Ancient Tibet in the Modern Narratives of the People’s Republic of China and the Tibetan Exiles with Reference to Indic influences

Катэгорыя:Дзяржавы ў гісторыі Кітая Катэгорыя:Гісторыя Сіньцзяна Катэгорыя:Тыбет Катэгорыя:Дзяржавы ў гісторыі Індыі Катэгорыя:Гістарычныя дзяржавы Азіі