Хваляванні ў Польшчы ў 1970 годзе, таксама вядомыя як Снежаньскія падзеі 1970 года альбо Масакра на ўзбярэжжы () — пратэсты рабочых у Польскай Народнай Рэспубліцы 14–22 снежня 1970 года, пераважна ў Гданьску, Гдыні, Шчэціне і Эльблёнгу, прыдушаныя міліцыяй і арміяй.

12 снежня 1970 года ў Польшчы на падставе «агульнага курсу на замарожванне заработнай платы і абмежаванне спажывання як сродку пераадолення эканамічных цяжкасцей» было абвешчана павелічэнне цэн на прадукты харчавання, прамысловыя тавары і будматэрыялы ў сярэднім на 30 %.

У адказ верфі ў Гданьску і Гдыні першымі абвясцілі аб сваёй забастоўцы 14 снежня 1970 года. Да іх далучыліся прадпрыемствы Эльблёнга, Слупска і Шчэціна. У некаторых выпадках забастоўкі перарасталі ў масавыя беспарадкі. У Гданьску і Шчэціне былі напады на мясцовыя партыйныя камітэты ПАРП, некаторыя крамы і грамадскія будынкі былі моцна пашкоджаны.

Першы сакратар ЦК ПАРП Уладзіслаў Гамулка абвясціў забастоўшчыкаў «контррэвалюцыянерамі» і аддаў загад аб іх разгоне. 17 снежня 1970 года на верфі ў Гданьску адбылося сутыкненне ваеннаслужачых і працаўнікоў верфі, адбыліся яшчэ некалькі сутычак. У выніку жорсткіх сутыкненняў загінуў 41 рабочы (у асноўным моладзь), 2 міліцыянты і 1 вайсковец. Раненні рознай ступені цяжкасці атрымалі 1 164 чалавекі, у тым ліку каля 600 вайскоўцаў і супрацоўнікаў міліцыі.

16 снежня 1980 года ў Гданьску быў усталяваны помнік у памяць аб мірных ахвярах гэтых падзей.

Катэгорыя:Канфлікты 1970 года Катэгорыя:Снежань 1970 года Катэгорыя:Польская Народная Рэспубліка Катэгорыя:Гісторыя Гданьска Катэгорыя:Масавыя забойствы ў Польшчы Катэгорыя:Паўстанні ў Польшчы