Касцёл Святых Казіміра і Рафаіла — колішні касцёл у г.п. Бешанковічы Віцебскай вобласці, які знаходзіўся ў цэнтры паселішча.

Гісторыя У XV стагоддзі польскі кароль Казімір Ягелончык пабудаваў тут храм Св. Юліуша. У XVII стагоддзі ўладанне Бешанковічы належала Сапегам, з якіх Казімір Леў дамогся ў 1650 г. гораду магдэбургскага права і пабудаваў касцёлГрыцкевіч А. Казімір Леў Сапега // Славутыя імёны Бацькаўшчыны. Мн., 2000. С. 145..

У 1876 г. на яго месцы на сродкі ксяндза Керсноўскага пабудаваны новы храмZyskar J. Nasze kościoły. Archidjecezja Mohilowska. Warszawa, 1913. S. 407—408.. Адлюстраваны на малюнку Напалеона Орды 1876 года. У 1935 годзе ён яшчэ існаваў, налічваў 1340 года парафіян.

Архітэктура

З’яўляўся творам драўлянага дойлідства з рысамі рэтрагатычнага стылю. Уяўляў сабой двухвежавы трохнефавы зрубны храм з 5-граннай апсідай і бакавымі сакрысціямі. Двухсхільны дах карабля храма перападаў у больш нізкі гранёны над апсідай. 2-ярусныя васьмерыковыя шатровыя вежы «вырасталі» над плоскасным галоўным фасадам. Асацыяцыі з класіцызмам выклікаліся трохвугольнымі франтончыкамі над прамавугольнымі аконнымі праёмамі, вылучанымі на фоне гарызантальнай шалёўкі фасадаў. Ад гатычнай касцельнай архітэктуры было пазычана акно-ружа над прамавугольным парталам увахода з вімпергам.

Зала храма, расчлянёная на 3 нефы тонкімі драўлянымі слупамі, была перакрыта драўляным латковым скляпеннем. У 4 алтарах знаходзіліся высокамастацкія абразы «Дзева Марыя», «Св. Антоні», «Укрыжаванне». На левай сцяне быў навешаны гранёны амбон.

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Храмы Бешанковічаў Катэгорыя:Знішчаныя збудаванні Беларусі Катэгорыя:Касцёлы Бешанковіцкага раёна