Хісікава Маранобу ( — ) — японскі мастак і гравёр, адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў стылю укіё-э, пачынаючы з 1670-х гадоў.
Жыццё і творчасць Нарадзіўся ў заможнай сям’і майстра па афарбоўцы тканін і вышыўцы залатымі і сярэбранымі ніткамі, у мястэчку Кёнан правінцыі Ава, каля Такійскага заліва. Маранобу займаўся сямейным рамяством, пакуль у 1657 годзе не згарэла майстэрня бацькі. Доўгая практыка па дэкаратыўным упрыгожванні тканін, якой ён займаўся ў майстэрні бацькі, адбілася ў далейшым на стылі яго гравюр: жанчыны ў гэтых творах апрануты ў прыгожа дэкараваныя адзенні, што надавала гравюрам дадатковы мастацкі эфект.
У 1660-х гадах ён перабраўся ў Эда, дзе самастойна вывучаў традыцыйныя стылі малявання ў манеры школ Тоса і Кано. Галоўным настаўнікам Маранобу, які даў яму ўменне валодаць дэкаратыўным і акадэмічным стылем традыцыйнага японскага жывапісу, быў Майстар Камбун, які працаваў у перыяд з 1660 па 1673 год. Спачатку Маранобу займаецца выключна ілюстраваннем кніг, пасля яго ілюстрацыі-гравюры разглядаюцца ўжо як самастойныя творы мастацтва. Маранобу не з’яўляецца заснавальнікам жанру укіё-э, але гэта быў першы майстар укіё-э, пра якога захаваліся біяграфічныя звесткі.
Першыя вядомыя працы Маранобу, падпісаныя яго імем, адносяцца да 1672 года; больш раннія яго творы не захаваліся. У 1670-я гады ён становіцца найбуйнейшым майстрам укіё-э і застаецца ім да сваёй смерці. Яго лічаць заснавальнікам школы Хісікава або Эда, мастаком, уплыў якога на жывапіс працягваўся да канца XIX стагоддзя.
Захавалася каля 150 альбомаў, створаных рукой Маранобу, у якіх ён выкарыстоўвае традыцыйную манахромную тэхніку гравюры.
Катэгорыя:Мастакі Японіі Катэгорыя:Мастакі XVII стагоддзя Катэгорыя:Гравёры Японіі