1-я Віцебская партызанская брыгада (2-га складу) — партызанская брыгада, створаная ў кастрычніку 1943 года на базе атрадаў, якія былі ў маі вылучаны з 1-й Віцебскай партызанскай брыгады. Дзейнічала на акупіраванай тэрыторыі Бешанковіцкага, Чашніцкага і Смаргонскага раёнаў. Брыгада (574 партызаны) 27 чэрвеня (3-і і 5-ы атрады) і 2 ліпеня (2-і, 4-ы, 6-ы другога складу і штаб брыгады) 1944 года злучыліся з Чырвонай Арміяй.
Склад Брыгада была створана на базе 3-га (пазней 4-га), 5-га, 6-га П. З. Патапенкі атрадаў, вылучаных 1-й Віцебскай брыгадай. 6-ы атрад быў расфарміраваны ў канцы кастрычніка 1943 года і на яго базе былі арганізаваны атрады 1-ы, 2-і і 3-і. У сакавіку 1944 года быў арганізаваны новы 6-ы атрад.
Камандаванне
Камандзір П. З. Патапенка
Камісар В. М. Казлоўскі
Начальнік штаба І. А. Цімошчанка
Гісторыя Партызаны праводзілі дыверсіі на чыгунках Маладзечна — Вільня, Маладзечна — Полацк. Наносілі ўдары па гарнізонах і апорных пунктах праціўніка, у тым ліку ў кастрычніку 1943 года ў вёсцы Дуброва Чашніцкага раёна, у сакавіку 1944 года ў вёсцы Прыветак Сенненскага раёна. У маі 1944 года брыгада была перадыслацыравана ў Смаргонскі раён Вілейскай вобласці. У чэрвені 1944 года ў час наступлення Чырвонай Арміі падарвалі больш за 600 рэек на чыгуначным участку Солы — Смаргонь, некалькі мастоў на шашэйных і грунтавых дарогах, разбілі нямецкі гарнізон у вёсцы Гервяты Астравецкага раёна.
Памяць У 1975 годзе каля вёскі Доўгае Бешанковіцкага раёна ў гонар партызанскага атрада П. З. Патапенкі была пастаўлена стэла.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Савецкія партызанскія злучэнні, брыгады і атрады на акупіраванай тэрыторыі Беларусі (1941—1944) Катэгорыя:З’явіліся ў 1943 годзе Катэгорыя:Зніклі ў 1944 годзе