Франчэска Донер (Francesca Donner, ), сапраўднае імя Францыска Марыя Барбара Донер (; 15 ліпеня 1900 — 19 сакавіка 1992) — другая жонка Лі Сын Мана, першага прэзідэнта Рэспублікі Карэя. Першая першая лэдзі Паўднёвай Карэі ў 1948—1960 гадах.
Імя Паводле пасведчання пра нараджэнне яе імя — Францыска Донер. Пазней яна выкарыстоўвала італьянскае напісанне імя — Франчэска (), нават у афіцыйных дакументах. Гэты варыянт яе імя выкарыстоўваецца ва ўсіх яе паўднёвакарэйскіх дакументах (у тым ліку ў пашпарце)Yi Sun-ae 이순애 [Soonae Lee-Fink], Peurancheseuka Ri Seutori 프란체스카 리 스토리 [The story of Francesca Rhee] (Seoul: Raendeom Hauseu Jungang 랜덤하우스중앙 [Random House JoongAng], 2005), cover. (.).
У Карэі Францыску Донер часта называлі проста «пані Франчэска» (Lady Francesca). Цікава, што ў карэйскім грамадстве яе таксама празвалі «Ходжудэк» (호주댁), з прыкладным значэннем «дама з Аўстраліі». Гэтая памылковая назва ўзнікла праз блытаніну паміж сугучнымі па-карэйску Аўстрыяй (오스트리아 осытхырыя) і Аўстраліяй (오스트레일리아 осытхырэілія; альтэрнатыўная назва — 호주 ходжу, ад якой і празванне).
Жыццяпіс
Ранняе жыццё Францыска Марыя Барбара Донер нарадзілася ў муніцыпалітэце Інцэрсдорф, прыгарадзе аўстрыйскай сталіцы Вены, у сям’і прамыслоўца газіраваных напояў. Яна была дачкой Францыскі Герхартл і Рудольфа Донера. Па заканчэнні школы пры мясцовым манастыры, яна паступіла ў Венскі ўніверсітэт, у выніку атрымаўшы доктарскую ступень па мовах. Атрымаўшы спадчыну пасля смерці бацькі, Францыска некаторы час падарожнічала. Яна спынілася ў Жэневе, дзе атрымала пасаду пры Лізе Нацый як перакладчыца і дыпламатка нізкага ўзроўню.
У 1933 годзе Францыска выпадкова пазнаёмілася з 58-гадовым карэйскім палітыкам у выгнанні Лі Сын Манам у адным з гатэляў Жэневы. У той час Лі жыў у Злучаных Штатах і быў у Жэневе ў пошуках падтрымкі ў Лігі Нацыі для карэйскага руху за незалежнасць. Нягледзячы на значную розніцу ва ўзросце, Францыска і Лі знайшлі агульную мову. Неўзабаве Лі наведаў яе ў Аўстрыі і папрасіў яе рукі. Донер рушыла ўслед за ім у ЗША, і шлюб адбыўся ў 1934 году ў Нью-ЁркуYi Sun-ae, Peurancheseuka Ri Seutori (Seoul: Raendeom Hauseu Jungang, 2005).. Для абодвух гэта быў другі шлюб.
Кар’ера
Першыя сумесныя гады Францыска і Лі правялі ў Нью-Ёрку і Вашынгтоне, а затым перабраліся на Гаваі, дзе пражывала вялікая палітычна актыўная карэйская дыяспара. Лі Сын Ман быў лідарам карэйскага ўрада ў выгнанні. Францыска працавала яго сакратаром і памочніцай, асабліва пры падрыхтоўцы яго кнігі «Японія знутры» (, 1940).
Пасля капітуляцыі Японіі ў кастрычніку 1945 года Лі Сын Ман вярнуўся ў Карэю пры падтрымцы ўрада ЗША, а Францыска рушыла ўслед за ім праз некалькі месяцаў.
3 сакавіка 1948 года Лі быў абраны першым прэзідэнтам Рэспублікі Карэя і займаў гэтую пасаду да 1960 года. Францыска ў гэты перыяд, з 1948 па 1960 год, была першай лэдзі краіны, стаўшы такім чынам першай з такім тытулам у новаўтворанай Рэспубліцы Карэя. Яна прысутнічала амаль на ўсіх публічных мерапрыемствах свайго мужа.
Перавыбранне Лі Сын Мана ў 1960 годзе суправаджаліся відавочнымі фальсіфікацыямі. 85-гадовы прэзідэнт таксама праяўляў відавочныя прыкметы старэчай дэменцыі. Пасля масавых беспарадкаў праз вынікі выбараў, што перарасло ў Красавіцкую рэвалюцыю, Лі Сын Ман быў змушаны зноў бегчы ў выгнанне на Гаваі. Францыска рушыла ўслед за ім, даглядаючы за ім, нават калі пасля інсульту ён страціў здольнасць гаварыць. Яна заставалася побач з ім да самай ягонай смерці 19 ліпеня 1965 года, пасля чаго вярнулася ў Аўстрыю, якую яна пакінула на больш за 30 гадоў.
Познія гады Правёўшы пяць гадоў у Аўстрыі, Францыска вярнулася ў Карэю ў 1970 годзе. У 1970—1992 гадах яна жыла ў Сеуле, у рэзідэнцыі , былым доме Лі Сын Мана, разам са сваім прыёмным сынам і яго сям’ёй. Усынаўленне Інсу было аформлена незадоўга да смерці Лі Сын Мана на Гаваях; Францыска не мела сваіх біялагічных дзяцей. Сёння Ліхваджан пераўтвораны ў дом-музей, а Лі Ін Су і яго жонка працягваюць жыць там (па стане на травень 2006 года).
Як удава прэзідэнта Лі Францыска вяла даволі адасоблены лад жыцця, дэманструючы глыбокую прыхільнасць да карэйскай культуры: яна амаль заўсёды насіла традыцыйнае карэйскае адзенне, гатавала і ела пераважна карэйскую ежу. Яна абыходзілася без прыслугі, вяла дамашнюю гаспадарку самастойна. Рэдка выходзіла з дому, толькі па пятніцах наведвала могілкі, каб памаліцца на магіле мужа.
Палітычная спадчына яе мужа да гэтага часу выклікае лютыя спрэчкі ў карэйскім грамадстве. А вось рэпутацыя пані Франчэскі ў карэйскім грамадстве практычна бездакорная; яна як і раней была вельмі папулярнай.
Памерла 19 сакавіка 1992 года ў Сеуле.
Ушанаванне У 2012 годзе ў венскім Дунайскім парку, у раёне Донаўштат, у яе гонар назвалі алею Францыскі-Донар-Лі (). Алея праходзіць уздоўж сажалкі Irissee і на ёй знаходзіцца Карэйскі культурны цэнтр (), адкрыты ў 2012 годзе.
Крыніцы
Катэгорыя:Першыя лэдзі Паўднёвай Карэі