Ва́жа — возера ў Мёрскім раёне Віцебскай вобласці. Знаходзіцца за 12 кіламетраў на паўднёвы захад ад Мёраў, за 3 кіламетры ад вёскі Пераброддзе. Належыць да групы Абстэрнаўскіх азёр.
Гідраграфія Возера знаходзіцца ў басейне ракі Вята. Плошча Важы складае 2,94 км². Найбольшая глыбіня возера — 5,1 м. Даўжыня возера — 2,62 км, найбольшая шырыня — 1,11 км. Аб’ём вады ў возеры складае 6,67 млн м³, плошча вадазбору возера — 24,4 км².
Схілы катлавіны возера на поўдні і на паўднёвым захадзе маюць вышыню 8—10 метраў, месцамі вышыня схілаў складае да 17 метраў. Схілы пакрытыя лесам, на поўначы і паўночным захадзе схілы разараныя.
На ўсходзе да возера прымыкае балота. Берагі возера на поўначы і на захадзе абразіўныя, месцамі берагі сплавінныя і часта зліваюцца з схіламі.
Возера мае 2 востравы, агульная плошча якіх складае 0,01 км².
Возера злучанае з возерам Абстэрна пратокай, шырыня якой складае 200 метраў. У Важу ўпадае рэчка без назвы.
Экалогія Шырыня паласы прыбрэжнай расліннасці складае ад 15 да 100 метраў, расліннасць у возеры пашыраная да глыбіні 2 метры.
Водзяцца шчупак, лешч, верхаводка, гусцяра, язь, плотка, карась залаты і сярэбраны, краснапёрка, лінь, джгір, мянтуз, акунь, судак.
На беразе возера знаходзіцца база адпачынку «Актам».
Крыніцы
Літаратура
Блакітная кніга Беларусі. — Мн.: БелЭн, 1994.
Спасылкі
Катэгорыя:Абстэрнаўская група азёр Катэгорыя:Азёры Мёрскага раёна