Касцёл Святога Міхаіла Арханёла — колішні каталіцкі храм у в. Цімкавічы Капыльскага раёна.

Гісторыя

Пабудаваны ў 1560 г. слуцкім князем Янам Сямёнам Юр’евічам Алелькавічам, асвячоны кардыналам віленскім біскупам Юрыем Радзівілам у 1580 г. У 1647 г. Лявонам Сапегам пастаўлены новы, таксама драўляны касцёл. У другой палавіне XIX стагоддзя перароблены пад царкву.

У 1906—1908 гадах інтэр’ер храма аздабляў арнаментальна-расліннай дэкаратыўнай размалёўкай з выкарыстаннем лепшых народных традыцый мастак Францішак Бруздовіч.

У 1976 і 1979 гг. спецыялістамі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР было зроблена дэталёвае навуковае абследаванне гэтага помніка, зроблены абмеры і фотафіксацыя. У 1986 г. касцёл быў знішчаны пажарам у выніку «нядбайнасці» (у некаторых крыніцах называецца 1985 год).

Архітэктура Твор народнага драўлянага дойлідства з рысамі стылю барока. Трохнефавы храм з 5-граннай апсідай, якая, прарэзаўшы дах, выходзіла наверх, што забяспечвала ёй 2-яруснае асвятленне. Да апсіды сіметрычна далучаліся 2 сакрысціі. Асаблівасцю храма з’яўлялася 3-вежавая кампазіцыя яго галоўнага фасада, аздобленага паўкруглымі слупамі і падзеленага на 2 ярусы прычолкам з прафіляваным карнізам. Верхні ярус вырашаны атыкам з паўвальмавым дахам. Уваходныя дзверы мелі мастацкую акоўку ў выглядзе дубовых галінак.

Інтэр’ер Унутраная прастора была падзелена архаічнымі калонамі на 3 нефы з плоскай столлю. На левай сцяне была навешана квадратная кафедра амбона. Над уваходам хоры з філёнгавым парапетам і вітымі драўлянымі лесвіцамі. Мастак Францішак Бруздовіч распісаў інтэр’ер храма: міжнефавы фрыз запоўніў карцінамі, пакрыў сцены, столь і канструкцыйныя элементы раслінна-кветкавым арнаментам у стылі мадэрн — стылізаваныя букеты ружаў і кусты шыпшыны, галінкі яблынь, дубовае лісце, кветкі сланечнікаў, белыя рамонкі, блакітна-сінія валошкі, белыя лілеі, незабудкі і інш.

Вось як вобразна прадстаўлялі спецыялісты гэты самабытны і арыгінальны помнік манументальна-дэкаратыўнага жывапісу: «Па бронзавым колеры старога дрэва свабодным пэндзлевым роспісам і пры дапамозе трафарэтаў белым, бэзавым, блакітным, зялёным колерамі былі намаляваны квітнеючыя яблыневыя сады, ружы, арнаментальныя кампазіцыі з рамонкаў, лёну, лілей, званочкаў і іншых палявых і садовых кветак»Раманюк, М. Кветкі зямлі капыльскай / Міхась Раманюк // Мастацтва Беларусі. — 1986. — 12. — С. 67.. В. В. Церашчатава, даследчык роспісаў Цімкавіцкага касцёла, падкрэслівае, што «ўсе кветкі мясцовай флоры пададзены мастаком у рэалістычнай манеры як па форме, так і па колеры. Колер роспісаў мажорны і яркі, ужываецца ў розных варыяцыях (белы, блакітна-сіні, зялёны, бэзава-ружовы, чырвоны, жоўты і інш.). Ствараецца ўражанне казачнага, дзівосна зачараванага свету, народнага хараства і прыгажосці»Церашчатава, В. Цімкавіцкі роспіс / В. Церашчатава // Помнікі мастацкай культуры Беларусі : новыя даследаванні. — Мінск, 1989. — С. 24.. Юзафат Жыскар, гісторык касцёлаў, публіцыст, які падрыхтаваў і выдаў у 1912—1913 гг. знакаміты даведнік «Nasze Kościoły» з апісаннем нашых мінскіх, магілёўскіх і віцебскіх касцёлаў, адзначаў, што «цімкавіцкі касцёл багаццем фарбаў, эстэтычнай гармоніяй, жывой гульнёй паліхроміі стаў для Літвы і Белай Русі тым жа, чым стаў касцёл францысканцаў, аформлены Станіславам Выспянскім, для Кракава»Nasze Kościoły / Oprac.: Lidia Paluszkiewicz-Horubala. T.1. Cz. 2 : Diecezja Мinska. — Warszawa, 2001. — S. 329..

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Цімкавічы Катэгорыя:Згарэлыя будынкі і збудаванні Катэгорыя:Колішнія касцёлы Мінскай вобласці Катэгорыя:Касцёлы Капыльскага раёна Катэгорыя:Драўляныя касцёлы Беларусі Катэгорыя:1647 год у Еўропе Катэгорыя:XVII стагоддзе ў Беларусі Катэгорыя:Зніклі ў 1986 годзе