Чарэйскі Троіцкі манастыр — колішні манастыр.

Заснаваны ў 1454 годзе смаленскім епіскапам Місаілам і яго братам Міхаілам Пструхам. Размяшчаўся на поўнач ад мястэчка Чарэя над возерам Галаўля (цяпер Чарэйскае). У канцы XVI ст. канцлер вялікі літоўскі Леў Сапега аднавіў манастыр на новым месцы, даў яму вёскі Вобчына-Манастыр, Будзілава, Плескачы, Рыдомля і Клубінічы. У 1599 годзе ён пабудаваў мураваную Троіцкую царкву (ад яе белых сцен манастыр пазней атрымаў назву Белацаркоўскі), у яе склепе пахаваны бацька Сапегі. У царкве была копія вядомага наўгародскага абраза «Маці Божая Знаменне», перададзеная (ці вернутая) у 1640 годзе з Ружан сынам канцлера Казімірам Сапегам. У 1834 годзе манастыр скасаваны, царква стала прыходскай.

Да рэвалюцыі 1917 года ў Магілёўскім царкоўна-археалагічным музеі захоўваўся сярэбраны стацыянальны крыж 1596 года, падараваны ў Чарэю Львом Сапегам.

Царква захавалася ў напаўразбураным стане.

Літаратура

Раманаў Р. Чарэйскія святыні // Мастацтва. 2000. № 6.

Катэгорыя:Белая Царква (Чашніцкі раён) Катэгорыя:Манастыры Беларусі Катэгорыя:1454 год у Еўропе Катэгорыя:З’явіліся ў 1454 годзе Катэгорыя:Зніклі ў 1834 годзе