По́лазна — возера ва Ушацкім раёне Віцебскай вобласці ў басейне ракі Ушача. Знаходзіцца за 20 км на паўднёвы захад ад Ушачаў, за 2 км на поўдзень ад вёскі Царкавішча.

Плошча Полазна складае 0,15 км². Даўжыня 0,49 км, найбольшая шырыня 0,43 км, даўжыня берагавой лініі 1,55 км. Найбольшая глыбіня возера 32,5 м, сярэдняя 10,6 м. аб'ём вады ў возеры 1,59 млн м³. Плошча вадазбору возера — 0,5 км². Катлавіна Полазна эварзійнага тыпу. Схілы катлавіны возера маюць вышыню 10—15 м, пад лесам. На поўначы схілы ніжэйшыя, вышынёй 3—5 м. Катлавіна мае круглаватую форму. Берагавая лінія слабазвілістая. Берагі возера высокія, іх вышыня складае 30—80 см, абрывістыя, пясчаныя, знаходзяцца пад хмызняком. Падводная частка катлавіны возера лейкападобнай формы. Глыбіні да 2 м займаюць каля 13 % плошчы возера. Да глыбіні 7—9 метраў дно возера пясчанае, глыбей — выслана сапрапелем. Возера мезатрофнае. У паўночнай частцы выцякае ручай у возера Царкавішча. Прыбярэжная расліннасць распаўсюджваецца на адлегласці 5—10 м ад берага, падводная да глыбіні 3,5 м.

У возеры водзяцца шчупак звычайны, лешч, акунь, краснапёрка, плотка, язь і іншыя віды рыб.

Літаратура Озёра Белоруссии / О. Ф. Якушко и др. — Мн.: Ураджай, 1988.

Спасылкі Возера Полазна

Катэгорыя:Азёры Віцебскай вобласці Катэгорыя:Азёры Ушацкага раёна