thumb|250px|Вільчык

Вільчык, вільчак, канёк – верхняе рабро двухсхільнай страхі.

Таксама так называецца разное ўпрыгожанне вяршынь закрылін. Вільчыкі бываюць парныя (утвараюцца верхнімі выпускамі 2 перакрыжаваных закрылін) і адзінарныя. Парныя — найбольш старадаўняе і пашыранае ўпрыгожанне сялянскай хаты. Іх робяць тэхнікай прапілоўкі ў выглядзе стылізаваных рагоў, конскіх галоў, птушак, змей.

Ёсць меркаванні, што раней вільчыкі выконвалі абярэгавую функцыю, але з цягам часу іх магічны сэнс страціўся, яны сталі выключна дэкаратыўным элементам. Адзінарныя вільчыкі з'явіліся ў пачатку XX ст., іх вырэзваюць з адной дошкі і прыбіваюць на скрыжаванні закрылін. Разам з традыцыйнымі дэкаратыўнымі матывамі (раслінны, зааморфны, геаметрычны) сустракаюцца формы, уласцівыя толькі адзінарным вільчыкам (піка, страла, сэрца і інш.).

У наш час формы вільчыкаў узбагачаюць сучаснай эмблематыкай (зорка, голуб).

Вільчыкі вядомы па ўсёй Беларусі, за выключэннем паўднёва-заходніх раёнаў Гомельшчыны, дзе больш пашыраны 4-схільныя дахі.

Літаратура

Сахута, Я.М. Фарбы роднай зямлі: Нарысы пра нар. мастацтва Беларусі. Кн. для вучняў / Я.М. Сахута. — Мінск : Нар. асвета, 1985. — 191 с.

Катэгорыя:Архітэктурныя элементы Катэгорыя:Драўляная архітэктура