Марці́н Гасто́н Дэмічэ́ліс (, ; нар. 20 снежня 1980, Хустыніяна Пасэ, Аргенціна) — аргенцінскі футбаліст і трэнер. Ігрок нацыянальнай зборнай Аргенціны (2005—2016). Дзейнічаў у асноўным як цэнтральны абаронца, часам выступаў і на пазіцыі адцягнутага назад паўабаронцы.
У цяперашні час працуе галоўным трэнерам клуба «Рывер Плэйт».
Клубная кар’ера Прафесійная кар’ера Марціна пачалася ў 2001 годзе ў клубе «Рывер Плэйт» з Буэнас-Айрэса, у моладзевай школе якога ён вучыўся тры гады. Дэбют за клуб у першым дывізіёне адбыўся 2 верасня 2001 года.
У 2003 годзе Дэмічэліс перайшоў у нямецкую «Баварыю» за 4,5 мільёна еўра. Першыя сезоны яго пераследавалі траўмы, але пры новым трэнеры Феліксе Магаце Дэмічэліс стаў іграком асноўнага складу. Наступны трэнер Отмар Гіцфельд паспяхова перавёў Марціна з паўабаронцаў на пазіцыю цэнтральнага абаронцы. З Луі ван Галам стасункі ў іграка не склаліся, ён перастаў трапляць у аснову і выказаў жаданне перайсці ў іншы клуб. За «Баварыю» Марцін выступаў цягам сямі з паловай гадоў і заваяваў з клубам 11 тытулаў.
У канцы снежня 2010 года Дэмічэліс падпісаў угоду з іспанскай «Малагай», якую трэніраваў яго былы трэнер па «Рывер Плэйт» Мануэль Пелегрыні. Дэбют у Ла Лізе адбыўся 8 студзеня 2011 года ў матчы з «Атлетыкам» з Більбаа. У гэтым сезоне клуб здолеў пазбегнуць вылету, а 22 жніўня 2012 года Марцін забіў першы гол каманды ў Лізе чэмпіёнаў, калі яна адолела грэчаскі «Панатынаікос» з лікам 2:0.
Пасля сканчэння кантракта з «Малагай» Дэмічэліс перайшоў у мадрыдскі «Атлетыка», у якім правёў меней за два месяцы і ніводнага разу не выйшаў на поле.
1 верасня 2013 года Марцін Дэмічэліс перайшоў у клуб англійскай Прэм’ер-лігі «Манчэстэр Сіці», дзе ізноў далучыўся да свайго колішняга трэнера па «Рывер Плейт» і «Малазе» Мануэля Пелегрыні. Дэбют у складзе манчэстэрцаў адбыўся 27 кастрычніка 2013 года, а першы гол за каманду Дэмічэліс забіў 22 сакавіка 2014 года ў матчы з «Фулхэмам», які завяршыўся з лікам 5:0.
У жніўні 2016 года вярнуўся ў Іспанію, падпісаўшы аднагадовы кантракт з «Эспаньёлам», аднак у студзені 2017 года пакінуў каманду ў якасці свабоднага агента, згуляўшы толькі ў двух матчах Ла Лігі. Хутка зноў папоўніў склад «Малагі». У маі 2017 года абвясціў аб завяршэнні кар’еры.
Міжнародная кар’ера Марцін Дэмічэліс дэбютаваў за нацыянальную зборную Аргенціны ў 2005 годзе. 11 верасня 2007 года забіў свой першы гол у яе складзе ў таварыскім матчы са зборнай Аўстраліі (1:0).
У зборнай Дыега Марадоны Дэмічэліс згуляў ва ўсіх матчах на чэмпіянаце свету ў Паўднёвай Афрыцы і забіў першы гол матча групавой стадыі са зборнай Грэцыі.
У лістападзе 2011 года Дэмічэліс страціў месца ў зборнай пасля кваліфікацыйнага матча на чэмпіянат свету супраць Балівіі. Праз два з паловай гады ён быў нечакана ўключаны ў склад зборнай на чэмпіянат свету 2014.
Трэнерская кар’ера У маі 2017 года, адразу пасля завяршэння кар’еры ўвайшоў у трэнерскі штаб «Малагі». У чэрвені 2019 года далучыўся да структуры мюнхенскай «Баварыі», стаўшы трэнерам каманды юнакоў да 9 гадоў, а ў красавіку 2021 года ўзначаліў каманду «Баварыя II».
У лістападзе 2022 года падпісаў кантракт з «Рывер Плэйтам» да снежня 2025 года.
Узнагароды «Рывер Плейт»: Чэмпіён Аргенціны (4): 2002 (к), 2003 (к)
«Баварыя»: Чэмпіён Германіі (4): 2005, 2006, 2008, 2010 Уладальнік Кубка Германіі (4): 2005, 2006, 2008, 2010 Уладальнік Кубка нямецкай лігі (2): 2004, 2007 Уладальнік Суперкубка Германіі: 2010
«Манчэстэр Сіці»: Чэмпіён Англіі: 2014 Уладальнік Кубка футбольнай лігі (2): 2014, 2016
Сям’я У 2007 годзе ажаніўся з мадэллю Эвангелінай Андэрсан, маюць сына Марціна Басціяна (нарадзіўся ў 2009 годзе).
Крыніцы
Спасылкі
Профіль на сайце ФІФА
Катэгорыя:Футбалісты Аргенціны Катэгорыя:Ігракі зборнай Аргенціны па футболе Катэгорыя:Ігракі ФК Рывер Плэйт Катэгорыя:Ігракі ФК Баварыя Мюнхен Катэгорыя:Ігракі ФК Баварыя II Мюнхен Катэгорыя:Ігракі ФК Малага Катэгорыя:Ігракі ФК Атлетыка Мадрыд Катэгорыя:Ігракі ФК Манчэстэр Сіці Катэгорыя:Ігракі ФК Эспаньёл Катэгорыя:Футбольныя трэнеры Аргенціны Катэгорыя:Трэнеры ФК Баварыя II Мюнхен Катэгорыя:Трэнеры ФК Рывер Плэйт