«Ма́ргер» () — гістарычная паэма Уладзіслава Сыракомлі. Паэт называў яе «найлепшым з дзяцей свайго духу».

Твор паэт пісаў з канца 1852 да 6 жніўня 1854 г. у Барэйкаўшчыне, а ў 1855 г. паэма выйшла асобным выданнем.

Напісанне Паэма заснаваная на гераічнай абароне Пілянскага (у літоўскай Жамойці) замка ў 1336 годзе супраць крыжакоў.

Пасля доўгай абароны мужныя літоўцы на чале з Маргерам, згубіўшы надзею на ратунак і не хочучы здавацца ў палон, здзейснілі самагубства ў вогнішчы. На гэтую гістарычную падзею ўвагу Ўладзіслава Сыракомлі звярнула пісьменніца Паўліна Вільконская.

Сыракомля пісаў паэму некалькі месяцаў і быў з яе вельмі задаволены. Пішучы ўступ, паэт, на думку Тадэвуша Піні, арыентаваўся на «Дзеву возера» Вальтэра Скота, якога Сыракомля ў маладосці ахвотна чытаў.

Змест Падчас сутычкі з крыжакамі, у палон да літоўцаў трапляе немец Рансдорф. Літоўцы хочуць яго забіць, але правадыр Маргер захоўвае яму жыццё і загадвае занесці яго ў свой замак "Пулен", дзе параненага крыжака лекуюць. Маргер яго ўпадабаў і нават адмовіўся прынесці яго ў ахвяру богу Поклюсу. Дачка правадыра Эгле (, ад літ. eglė "яліна, елка") нават закахалася ў палоннага. Але Маргера пагадзіўся ў выніку даць немца ў ахвяру, праз што Эгле вызваліла Рансдорфа і з дапамогай старога Лютаса выпусціла таго з замка праз падземныя хады, узяўшы толькі прысягу, што Рансдорф нікому пра іх не распавядзе.

Немец вяртаецца да сваіх, марачы доўга пра літоўку, якая ўратавала яму жыццё. Тым часам крыжакі збіраюцца на новую вайну з Літвою, жадаючы здабыць замак Пулен. Рансдорфа як дасведчанага чалавека, які ведае мясцовасць, бяруць з сабой і даюць кіраваць адным атрадам. Аднак ён сам сабе прысягае, што не выдасць патаемнага ходу.

У гэты час вестка пра ўцёк крыжака ў замку пакінула вялікае ўражанне на ўсіх. Маргер здагадаўся, хто ў гэтым вінаваты і прабачыў дачцэ, але святары пагражалі страшнай помстай бога і жадалі задобрыць Поклюса, аддаўшы Эгле ў ахвяру, інакш на Літву зваліцца вялікае няшчасце. Маргер, хочучы ўратаваць Айчыну, аддае дачку святарам, тая чакае часу свайго спалення. Рансдорф даведваецца пра гэта ад Лютаса, якога крыжакі схапілі ў палон і якому немец захаваў жыццё. З гэтымі весткамі, Рансдорф не зажадаў больш стрымлівацца прысягай, бо каханне яго апанавала. Крыжакі атачаюць замак з усіх бакоў, лезуць на сцены, а Рансдорф з атрадам ідзе патаемным ходам і хутка з’яўляецца ў цэнтры замка. Пачынаецца бітва, літоўцы абараняюцца з двух бакоў. Рансдорф жа бяжыць да запаленай вязніцы, выносіць адтуль непрытомную Эгле і ўцякае да крыжачкага лагера.

Літоўцы, бачачы, што ім не перамагчы, пастанаўляюць здзейсніць самагубства. Літоўцы гінуць у вогнішчы, застаецца адзін Маргер. Жадаючы ўжо ўваткнуць у свае грудзі меч, ён заўважае каля замка лодку, што плыве па Нёмане, з Рансдорфам і Эгле. З астатніх сілаў літовец хапае лук і выпускае дзве стралы. Целы немца і дачкі падаюць у ваду, а Маргер спакойна працінае сабе грудзі і падае мёртвы ў вогнішча пасярод сваіх суродзічаў.

Крытыка Па публікацыі на паэта пасыпалася злосная крытыка, якую ён успрымаў балюча. Творцу вінавацілі за фанабэрыстасць і ганарыстасць у прадмове, дзе Сыракомля адкрыта прызнаваў «Маргера» за найлепшы свой твор. Праз ціск крытыкі Сыракомля думаў нават кінуць пісьменніцтва.

Прыяцель паэта Язэп Крашэўскі шчыра пісаў у газеце «Gazeta Warszawska», што «Маргер» не з’яўляецца такім шэдэўрам, як здаецца Сыракомлю, што лепш яму ісці заўсёды толькі за сэрцам, бо тады ён піша найпрыгажэй і найчуллівей. Сыракомлю гэта моцна закранула, аднак ён не пакрыўдзіўся.

Тадэвуш Піні адзначае, што, дарма што многія перавагі і прыгожыя ўступы, «Маргер» саступае іншым паэмам («Дабрародны Ян Дубарог», «Акраец хлеба»). Даследчык заўважае:… у гэтым творы няма той натуральнасці, той прастаты, якая паказвае, што адзін выпадак выплывае з другога ясна і дакладна. Тут усё апавяданне абапіраецца толькі на выпадковых здарэннях. Які ж гэта неасцярожны правадыр, які дазваляе непрыяцелю хадзіць спакойна па сваім замку, не маючы намеру забіць яго, а потым дапускаючы, што ён выйдзе на волю! Які легкадумны стары Лютас, які Рансдорфу паказвае патаемны ход, выпускае яго на свабоду, а потым зусім без патрэбы кажа яму пра зняволенне Эглі, быццам прагнуў, каб немец парушыў прасягу і ў адчаі памкнуўся на дапамогу каханай, несучы адначасова згубу ліцвінам.Тадэвуш Піні таксама сцвярджае, што ў паэме Сыракомлі нічога новага адносна Міцкевічавых «Гражыны» і «Конрада Валенрода» няма; нічога новага пра звычаі старажытных літоўцаў не даведацца з яе, акрамя як пра рэлігію, якую Сыракомля, на ягоную думку прадставіў дакладней, хаця карціна прынашэння ахвяр, паводле Піні, не адпавядае рэчаіснасці. Пераклады У 1882 годзе Ян Нечас зрабіў і выдаў пераклад на чэшскай мове. На літоўскую мову паэма перакладзена двойчы: Сімонасам Норкусам-Наркявічусам (1883) і Антанасам Валайцісам (1936)Vladislavas Sirokomlė, Margis (Margiris), vertė. Antanas Valaitis, Kaunas: Sakalas, 1936. У 1880 годзе Ліядор Пальмін апублікаваў свой пераклад на рускую мову ў маскоўскім часопісе «Русская Мысль». Іншы рускі пераклад зрабіў Міхаіл Зянкевіч.

На беларускую мову перакладзены толькі ўрывак (перакладчык А. Мікус): Бой трывае, цвярдыня палае – літва сабе радзіць:

Пасярэдзіне пляцу ахвярнае вогнішча ладзяць.

Жудкі роспачы енк дасягае самога падзем’я;

Йдзе вядуння, а з ёю багі, быццам прывіды з цемры.

Яе дух узмацнеў, яна Зніч назаўжды загасіла,

З яго іскры апошняй раздзьмула агонь з усёй сілы.

А крыжак на ўсё тое няўцямна здаля пазірае:

Грудзі вояў сякерай страшною ўскрывае старая.

Пад лязом вайдэлоткі літвінскія шэрагі таюць,

Хто сканаў – аднаго на другога, як дровы, складаюць.

Дзеці грознай Літвы, што ад роспачы й шалу п’яныя,

Забіваюцца самі, у вогнішча скачуць жывымі.

Не адзін літасць страціўшы бацька сярод тлуму й дыму

Немаўля сваё выхапіў з зыбкі і ў вогнішча кінуў.

А матуля выцягвае ды паўспалёнага корміць;

Той ідзе і яе ўбіць – яна нежывая ўжо з гора.

Маргер кажа у трубы зайграць святарам сваім гучна,

Каб узняць у тых, хто йдзе ў ахвяру, іх духу рашучасць.

А сам з колькімі мужнымі сцены цвярдыні абрынуў,

Каб упалі на немца й літва мела лішняй хвіліну –

Яе лёсам спаўняцца ў не бачанай светам ахвяры. –

Дык не ўбачыш, чужой веры носьбіт, ні здрады, ні свары!Гэты перакладзены ўрывак у 2015 г. пакладзены на музыку музычным праектам "Anafelas". У сінгле "Margier" партыю дуды выканаў перакладчык урыўку А. Мікус.

Назва За назву сваёй паэмы "Маргер" Сыракомля ўзяў імя правадыра Пілянскага замкавага гарнізону Маргера. Гэтае імя - двухасноўнае старабалцкага (старалітоўскага) тыпу, складаецца з асноў Mar-, Gir-Z. Zinkevičius. Lietuvių asmenvardžiai. Vilnius, 2008. С. 112.. Адыменнае прозвішча "Margir" бытавала ў Горадні яшчэ на сутыку XVIII і ХІХ стагоддзяў, яно засведчанае ў метрыцы горадзенскага касцёла пад 1800 годам.

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Паэмы Уладзіслава Сыракомлі Катэгорыя:Творы 1854 года Катэгорыя:Паэмы на польскай мове