Петрапаўлаўскі сабор (афіцыйная назва — Сабор у імя першавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла) — праваслаўны сабор у Санкт-Пецярбургу ў Петрапаўлаўскай крэпасці, пахавальня рускіх імператараў, помнік архітэктуры пятроўскага барока.

Да 2012 года сабор вышынёй 122,5 м быў самым высокім з будынкаў Санкт-Пецярбурга. З 2013 года ён з’яўляецца трэцім па вышыні будынкам у горадзе, пасля 140-метровага небаскроба Лідар Таўэр і жылога комплексу «Князь Аляксандр Неўскі», вышыня якога складае 124 метра.

Гісторыя У 1703 годзе Пётр I заклаў на беразе Фінскага заліва Петрапаўлаўскую крэпасць. Пётр разумеў, што новая Расія мае патрэбу ў архітэктуры, здольнай выказаць ідэі часу. Імкнучыся ўзмацніць пануючае становішча маладой сталіцы сярод гарадоў Расіі, цар задумаў новае будаўніцтва, якое паднялося б вышэй за званіцу Івана Вялікага і Меншыкаву вежу. Новы храм павінен быў стаць самым значным збудаваннем сталіцы і знаходзіцца ў самым сэрцы Петрапаўлаўскай крэпасці.

Будаўніцтва храма пачалося 29 чэрвеня 1703 года ў дзень святых апосталаў Пятра і Паўла на тэрыторыі толькі што закладзенай Петрапаўлаўскай крэпасці. Асвячэнне першай драўлянай Петрапаўлаўскай царквы адбылося 1 красавіка 1704 года. 14 мая тут правялі святочную службу ў гонар перамогі фельдмаршала Б. П. Шарамецева над шведскімі суднамі на Чудскім возеры.

30 мая 1712 года быў закладзены каменны Петрапаўлаўскі сабор. Ён будаваўся такім чынам, што драўляны храм заставаўся ўнутры новага будынка. Працай кіраваў італьянскі архітэктар Даменіка Трэзіні. Ва ўстаноўцы шпіля ўдзельнічаў галандскі майстар Харман ван Болас. Па загадзе Пятра I будаўніцтва пачалося са званіцы. З-за недахопу рабочых рук, уцёку сялян і недахопу рабочых матэрыялаў яна была скончана толькі ў 1720 годзе. Аднак шпіль званіцы быў накрыты лістамі пазалочанай медзі толькі праз некаторы час. Вышыня збудавання складала 112 метраў, што на 32 метры вышэй за званіцу Івана Вялікага. Увесь сабор быў дабудаваны толькі да 1733 года ўжо пасля смерці Пятра I.

Ад заснавання ў 1742 годзе Санкт-Пецярбургскай епархіі да асвячэння ў 1858 годзе цяперашняга Ісакіеўскага сабора Петрапаўлаўскі сабор з’яўляўся кафедральным, затым быў перададзены ў прыдворнае ведамства.

У 1756—1757 гадах Петрапаўлаўскі сабор быў адноўлены пасля пажару. У 1773 годзе асвячоны прыдзел святой Кацярыны. На званіцы ў 1776 годзе змантаваны куранты майстра Б. Оарта Краса з Галандыі. Пашкоджаную фігуру анёла ў 1830 годзе адрамантаваў Пётр Цялушкін, які падняўся наверх без лясоў.

У 1857—1858 гадах драўляныя канструкцыі шпіля былі заменены металічнымі (архітэктар К. А. Тон, інжынеры Д. І. Жураўскі, А. С. Рахнеўскі і П. П. Мельнікаў). Асноўнай задачай была замена драўляных крокваў на металічныя на званіцы сабора. Жураўскі прапанаваў пабудаваць канструкцыю ў выглядзе васьміграннай усечанай правільнай піраміды, звязанай кольцамі; ён жа распрацаваў метад разліку канструкцыі. Пасля гэтага вышыня будынка павялічылася на 10,5 метраў.

У 1864—1866 гадах ранейшыя царскія вароты заменены новымі, выкананымі з бронзы (архітэктар А. І. Кракау); у 1875—1877 гадах Д. Бальдзіні напісаў новыя плафоны.

У 1919 годзе Петрапаўлаўскі сабор быў зачынены, а ў 1924 годзе пераўтвораны ў музей, большасць каштоўных прадметаў канца XVII — пачатку XVIII стагоддзяў (сярэбранае начынне, кнігі, аблачэнне, іконы) былі перададзены ў іншыя музеі.

У Вялікую Айчынную вайну Петрапаўлаўскі сабор моцна пацярпеў. У 1952 годзе былі адрэстаўраваны фасады, у 1956—1957 гадах — інтэр’еры. У 1954 годзе будынак быў перададзены Музею гісторыі горадаМузей гісторыі Пецярбурга.

З 1990-х гадоў у Петрапаўлаўскім саборы рэгулярна праходзяць паніхіды па расійскіх імператарах, з 2000 года — набажэнствы. У 2008 годзе ў саборы было праведзена першае пасля 1917 года велікоднае набажэнства. У наш час настаяцелем храма служыць ігумен Аляксандр (Фёдараў), які з’яўляецца таксама прадстаўніком Санкт-Пецярбургскай епархіі па архітэктурна-мастацкіх пытаннях.

Гл. таксама Спіс самых высокіх цэркваў свету

Крыніцы

Литература

Спасылкі

Гісторыя і фатаграфіі Петрапаўлаўскага сабора Петрапаўлаўскі сабор на funeral-spb.narod.ru Петрапаўлаўскі сабор — афіцыйная старонка

Катэгорыя:Раманавы Катэгорыя:Саборы Расіі Катэгорыя:Пахавальні Катэгорыя:Храмы Санкт-Пецярбурга Катэгорыя:Музеі-храмы Катэгорыя:Аб’екты на банкнотах Катэгорыя:Руская архітэктура XVIII стагоддзя П Катэгорыя:1733 год у Еўропе Катэгорыя:XVIII стагоддзе ў Санкт-Пецярбургу