ЗІЛ-131 () — савецкі грузавы аўтамабіль павышанай праходнасці, які выпускаўся на заводзе імя Ліхачова (Масква), а таксама на Уральскім аўтаматорным заводзе (Новаўральск).
Быў распрацаваны на замену ЗІЛ-157, аднак доўгі час абодва грузавікі выпускаліся паралельна.
У савецкіх Узброеных Сілах, войсках краін Варшаўскага дагавора і іншых сяброўскіх СССР дзяржаў быў асноўным транспартным сродкам сярэдняй грузападымальнасці. Выкарыстоўваўся для перавозкі асабовага складу і грузаў, а таксама як цягач для буксіроўкі вайсковых прычэпаў і артылерыйскіх сістэм малога і сярэдняга калібру.
Было выраблена .
У 1995 годзе пачаўся выпуск мадэлі-пераемніка ЗІЛ-4334, але толькі невялікая іх колькасць трапіла ва ўзброеныя сілы Расіі, дзе ЗІЛ-131 у асноўным замянілі КамАЗы сямейства «Мустанг» і Уралы.
Гісторыя Распрацоўка Першыя прататыпы былі пабудаваныя да 7 лістапада 1956 года. Гэта былі артылерыйскі цягач ЗІЛ-131 і транспартная машына ЗІЛ-131А. Абодва мелі пад капотам 5,2-літровы рухавік V6, які разглядаўся на той час і для ЗІЛ-130, але яго магутнасць была павялічана на 10 к.с. — да 135 к.с. Па выніках выпрабаванняў гэтыя рухавікі прызналі няўдалымі і пачалася распрацоўка новых матораў V8.
ЗІЛ-131 ствараліся адначасова з цывільным ЗІЛ-130 і зварваць кабіны планавалася на адной лініі. Аднак форма лабавой шыбы была апратэставана прадстаўнікамі Міністэрства абароны, як непрымальная для вайсковага аўтамабіля. Вялікае гнутае шкло яны лічылі нязручным у перавозцы і замене. З меркаванняў уніфікацыі ў рэшце рэшт панарамная шыба засталася, але шкло было падзеленае на дзве часткі. Для спрашчэння рамонту ў палявых умовах ЗІЛ-131 атрымаў таксама адрознае ад ЗІЛ-130 апярэнне: спрошчаную абліцоўку, плоскія крылы і асобна размешчаныя фары з сілавой абаронай.
У чэрвені 1958 года знешні выгляд і параметры тэхналагічнасці апярэння ЗІЛ-131 былі ўзгодненыя. Наступныя прататыпы выйшлі ў 1959 годзе і гэтая версія ўжо была блізкая да канчатковай. Гэтыя аўтамабілі атрымалі новы рухавік V8 магутнасцю 150 к.с. На гэтым этапе базавым варыянтам стала транспартная машына, якая стала звацца ЗІЛ-131, а артылерыйскі цягач атрымаў пазначэнне ЗІЛ-131А.
У 1959—1960 гады машыны прайшлі завадскія выпрабаванні, а ў ліпені 1960 года пачаліся дзяржаўныя выпрабаванні. Па іх заканчэнні зроблена выснова аб мэтазгоднасці выпуску толькі ўніверсальнага транспартнага варыянту аўтамабіля, без цягавай версіі, а індэкс ЗІЛ-131А пазней быў нададзены спрошчанай цывільнай мадыфікацыі. У 1960 годзе адзін з прататыпаў бартавога аўтамабіля быў пераабсталяваны ў седлавы цягач ЗІЛ-131В. У далейшым былі пабудаваныя яшчэ некалькі доследных асобнікаў для дзяржаўных выпрабаванняў. У 1964 годзе цягачы былі рэкамендаваныя да серыйнага выпуску.
Пачатак вытворчасці У 1963 годзе скончыліся дзяржаўныя выпрабаванні прататыпаў і пачалася падрыхтоўка серыйнай вытворчасці. У той час на ЗІЛе не хапала вытворчых плошчаў, з-за чаго ў 1965 годзе было прынятае рашэнне аб арганізацыі выпуску вузлоў трансмісіі на Бранскім аўтамабільным заводзе. У Бранску павінны былі вырабляць масты, раздатачныя каробкі, каробкі адбору магутнасці, балансірныя падвескі, буксіровачныя лябёдкі, а таксама карданныя валы, вытворчасць якіх пазней была перададзена ў Гродна. Вырабам рам, кабін, кузаваў, рухавікоў і канчатковай зборкай машын заняўся непасрэдна завод ЗІЛ.
Першыя машыны былі вырабленыя ў канцы 1966 года. У сакавіку-красавіку 1967 года адбыліся пробная зборка і пуск новага канвеера па зборцы грузавых аўтамабіляў ЗІЛ-131.
Доўгі час выпуск машын стрымліваўся з-за недапаставак трансмісій з Бранску. Для кампенсацыі нявырабленых машын нават давялося працягваць вытворчасць састарэлага ЗІЛ-157. Наяўныя на БАЗе магутнасці па выпуску вузлоў і агрэгатаў для ЗІЛ-131 не маглі забяспечыць праектныя 55 тысяч камплектаў штогод. У першай палове 1970-х вытворчасць была пашырана. Быў праведзены мантаж новых аўтаматычных ліній, у тым ліку ўрадам заказана ў ЗША аўтаматычная лінія кампаніі «Cross» для механічнай апрацоўкі дэталяў і зборкі тармазных барабанаў. Былі куплены балансіровачныя станкі з Вялікабрытаніі. Таксама быў уведзены ў эксплуатацыю шэраг агрэгатаў хіміка-тэрмічнай апрацоўкі дэталяў, сярод якіх быў імпартны «Aichelin» для апрацоўкі паўвосяў мастоў. Пасля праведзенай рэарганізацыі фактычны выпуск павялічыўся з 5171 камплекта ў 1968 годзе да 46303 камплектаў у 1977 годзе.
У студзені 1971 года пачалі вырабляць цывільную мадыфікацыю ЗІЛ-131А без экранаванага электраабсталявання.
У 1980—1986 гады Чыцінскі аўтазборачны завод выпускаў паўночны варыянт ЗІЛ-131С, які прызначаўся для эксплуатацыі пры тэмпературах да −60 °C. У 1986 годзе яго выпуск перанеслі ў Маскву.
Няздзейсненая мадэрнізацыя кан. 1970-х — пач. 1980-х гг У 1976 годзе быў выраблены адзін доследны мадэрнізаваны аўтамабіль з абазначэннем ЗІЛ-131-77. На гэтай машыне была новая панэль прыбораў, былі ўсталяваныя руль ад КамАЗа, новыя сядзенні вадзіцеля і пасажыраў, таксама ўніфікаваныя з аўтамабілямі КамАЗ. Яшчэ адной абновай стала новая бартавая платформа большага аб’ёму і з паніжанай пагрузачнай вышынёй. Гэтыя новаўвядзенні планавалася ўкараніць на серыйных грузавіках у 1977—1980 гады, але гэты працэс значна расцягнуўся і цалкам так і не быў рэалізаваны.
У 1977—1978 гады былі пабудаваныя першыя ўзоры аўтамабіляў наступнага пакалення: ЗІЛ-169 (серыйны аўтамабіль атрымаў індэкс ЗІЛ-4331) і яго паўнапрывадных версій ЗІЛ-132 (будучы ЗІЛ-4334) і ЗІЛ-132В (ЗІЛ-4431). Аднак падрыхтоўка вытворчасці новага сямейства ішла марудна. На выпадак, калі выраб дызельнага рухавіка ЗІЛ-645 (156 к.с.) атрымалася б наладзіць раней выпуску новых кабін, у пачатку 1980-х гадоў былі створаныя прататыпы ЗІЛ-131М. Каб змясціць новы матор і пры гэтым не мяняць кампаноўку машыны, капот і бакавіны абліцоўвання былі ўдоўжаныя. З улікам досведу эксплуатацыі машын, у тым ліку ва ўмовах вайны ў Афганістане, зноў было актуалізавана пытанне абсталявання кабіны лабавой шыбай з плоскім шклом. Паралельна працягваліся працы па машынах новага пакалення. Прататыпы ЗІЛ-4334 і ЗІЛ-4431, якія былі пабудаваныя ў 1981 годзе, знешне былі падобныя на ЗІЛ-131М і мелі старыя кабіны ад ЗІЛ-131, але іх астатняя агрэгатная частка была ўжо цалкам новая.
У 1983 годзе пабудавалі прататып ЗІЛ-Э131 з кабінай з новым апярэннем інтэгральнага тыпу і лабавой шыбай з плоскім шклом.
ЗІЛ-131М прайшлі неабходныя выпрабаванні, але засваенне іх вытворчасці ў рэшце рэшт было прызнана немэтазгодным.
Пасля мадэрнізацыі 1986 года У снежні 1986 года на канвеер стаў мадэрнізаваны аўтамабіль ЗІЛ-131Н. На машынах з’явіўся новы рухавік ЗІЛ-5081.10. Грузавая платформа атрымала тэнт з новага матэрыялу. Грузападымальнасць павялічылі да 3750 кг. Мадэрнізацыя закранула ўсе мадыфікацыі і разам з базавым варыянтам паўсталі абноўленыя цывільны ЗІЛ-131НА, цягач ЗІЛ-131НВ, а таксама паўночныя версіі ЗІЛ-131НС і ЗІЛ-131НВС.
Сабекошт аўтамабіля ў 1988 годзе складаў 5892,96 руб., аптовая цана — 6970,00 руб.
Вытворчасць ЗІЛ-131Н у Маскве працягвалася да пачатку 1990-х гадоў, да моманту калі на ЗІЛе разгарнулі серыйны выпуск новага сямейства ЗІЛ-4331 і пачалася падрыхтоўка вытворчасці новага паўнапрываднага грузавіка ЗІЛ-4334. Аднак з-за эканамічных цяжкасцяў вырабляць ЗІЛ-4334 пачалі толькі ў 1995 годзе, а новы седлавы цягач ЗІЛ-4431, які павінен быў стаць пераемнікам ЗІЛ-131В/-131НВ, так і не выйшаў.
+ Статыстыка вытворчасці ЗІЛ-131 на маскоўскім заводзе імя Ліхачова, адз. 1986 1987 1988 1989 1990 1991 1992 1993 1994 1995 1996 6 0 1 2
Выпуск у Новаўральску У кастрычніку 1987 года зборку ЗІЛ-131Н і ЗІЛ-131НА пачаў філіял ЗІЛа Уральскі аўтаматорны завод у закрытым горадзе Свярдлоўск-44 (з 1994 года — Новаўральск).
+ Статыстыка вытворчасці ЗІЛ-131 на УАМЗ у 1988—2001 гады, адз. 1988 1989 1990 1991 1992 1993 1994 1995 1996 1997 1998 1999 2000 2001 580 612 504 584 789 585
Пасля таго, як УАМЗ стаў самастойным прадпрыемствам, некаторы час аўтамабілі працягвалі выпускацца пад маркай «ЗІЛ», супраць чаго выступіў маскоўскі завод. У выніку з 2004 года прадпрыемства стала вырабляць аўтамабілі пад уласнай маркай «АМУР» (): ЗІЛ-131НА з рухавіком ЗІЛ-508.10 атрымаў абазначэнне АМУР-5313, пры гэтым рухавік таксама змяніў марку, стаўшы АМУР-456.10. Мадыфікацыя АМУР-531305 мела рухавік Мінскага маторнага завода Д-245.
У сярэдзіне 2000-х гадоў кабіна была ўжо састарэлай, і АМУР рабіў спробы знайсці ёй замену. У 2005—2006 гады была выпушчана невялікая партыя аўтамабіляў АМУР-53123 з кабінай МАЗ. У 2008 годзе на Маскоўскім міжнародным аўтасалоне быў прадстаўлены грузавік АМУР-531325 з каркаснапанэльнай кабінай, якая была распрацавана дызайн-атэлье «Буран Стайлінг» (Ніжні Ноўгарад). Кабіна мела шклопластыкавы капот інтэгральнага тыпу, які адкідваўся наперад.
З 2008 года сталі выпускацца аўтамабілі экалагічнага класа Еўра-3: мадыфікацыя з бензінавым рухавіком атрымала назву АМУР-531342, дызельны варыянт з рухавіком ММЗ — АМУР-531340.
У 2010 годзе пачалася працэдура банкруцтва завода і ў чэрвені 2012 года ён спыніў існаванне.
Канструкцыя thumb|left ЗІЛ-131 — трохвосевы паўнапрывадны грузавы аўтамабіль. Кабіна — металічная, трохмесная, размешчана за рухавіком. Кузаў — драўляная платформа з адкідным заднім бортам. Унутраныя памеры платформы — 3600×2322 мм, пагрузачная вышыня — 1430 мм. Уздоўж бакавых бартоў замацаваныя адкідныя лаўкі на 16 месцаў, ёсць сярэдняя здымная лаўка на 8 месцаў. Прадугледжана ўстаноўка дуг і тэнта. Для мантажу спецыяльных кузаваў і ўстановак аўтамабіль мог выпускацца без платформы ў выглядзе шасі.
Габарытныя памеры аўтамабіля без лябёдкі — 6900×2500×2480 мм, вышыня па тэнце — 2975 мм. Грузападымальнасць — 3,5 т пры руху па бездаражы, па шашы і добрых дарогах дасягала 5,0 т. Падрыхтаваная маса бартавога аўтамабіля без лябёдкі — 6460 кг, з лябёдкай — 6700 кг, поўная дапушчальная маса — 10 425 кг.
Максімальная хуткасць — 80 км/г, мінімальная — 5,9 км/г. Без прычэпа ЗІЛ-131 мог пераадольваць 30-градусны пад’ём і брод глыбінёй да 1,4 м. Аўтамабіль спажываў 40—44 л бензіну на 100 км. У залежнасці ад умоў руху меў запас ходу 660—850 км, які забяспечвалі два паліўныя бакі па 170 л.
Аўтамабіль складаецца з 3544 дэталяў. З гэтага ліку 1139 былі арыгінальнай канструкцыі, 1585 аднолькавыя з ЗІЛ-130, астатнія — ад іншых мадэляў. Ад ЗІЛ-130 узяты рухавік, сістэма ахалоджвання, радыятар з жалюзі, вадзяная помпа, вентылятар; глушыцель; некаторыя часткі сістэмы сілкавання (карбюратар, паліўныя фільтры, бакі); счапленне; каробка перадач; шарніры і шліцавыя злучэнні карданных валоў; некаторыя папярочкі і кранштэйны рамы; пярэднія буксірныя крукі і задняя буксірная прылада; рулявое кіраванне; шарніры рулявых цягаў; кампрэсар, тармазны кран, паветраныя балоны, ручны тормаз; кабіна; капот; кантрольныя і вымяральныя прыборы.
Рухавікі Рухавік — ЗІЛ-131 — бензінавы, V-падобны, васьміцыліндравы, карбюратарны, чатырохтактны, верхняклапанны; аб’ём — 6 л; дыяметр цыліндра × ход поршня — 100×95 мм; ступень сціску — 6,5; магутнасць — 150 к.с. пры 3200 аб/хв; круцільны момант — 41 кгс·м пры 1800—2000 аб/хв.
У параўнанні з рухавіком ЗІЛ-130, рухавік ЗІЛ-131 прыстасаваны да ўмоў руху пры значных падоўжных і бакавых нахілах машыны, а таксама да пераадолення броду. Была зменена канструкцыя картара: ён мае калодзеж, у які пастаянна пагружаны нерухомы маслапрыёмнік. Сістэма вентыляцыі картара зроблена такім чынам, каб яе можна было адключыць. Гэта неабходна для стварэння залішняга ціску ў картары, што павінна прадухіляць праніканне ў яго вады пры руху ўброд. Сярод іншых асаблівасцяў — экранаваная сістэма запальвання ў герметычным выкананні, а таксама інерцыйны паветраны фільтр з больш эфектыўнай трохступеньчатай сістэмай ачысткі. Старцёр, размеркавальнік і шпулька запальвання былі загерметызаваныя ад вады.