Барыс Мікалаевіч Гурскі (, Мінск — ) — беларускі вучоны-геолаг, аўтар прац па геалогіі антрапагену і геамарфалогіі. Доктарам геолага-мінералагічных навук (1974), прафесар (1976). Выдатнік разведкі нетраў СССР, выдатнік асветы СССР, выдатнік народнай адукацыі Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1986)

Біяграфія Скончыў у 1957 годзе аддзяленне геалогіі геолага-геаграфічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Працоўную дзейнасць пачаў на пасадзе малодшага геолага Беларускай геолага-гідрагеалагічнай экспедыцыі, а з часам узначаліў яе. Кіраваў геолагаздымачнымі работамі, на аснове вынікаў якіх былі складзены карты і апублікаваны шэраг навуковых прац. Даследаваў ніжне- і сярэднеантрапагенавыя адклады, рэканструяваў этапы развіцця прыроды ў антрапагене на тэрыторыі Беларусі, вывучаў будову антрапагенавых адкладаў басейна Сажа. У 1965 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме «Условия залегания и строение антропогеновых (четвертичных) отложений в басейне р. Сож». У 1966 годзе быў адзначаны нагрудным знакам «Выдатнік разведкі і аховы нетраў СССР» за ўклад у практычную геалогію БССР.

З 1967 года працаваў у Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя М. Горкага старэйшым выкладчыкам кафедры геаграфіі замежных краін (з 1968 па 1971 год з’яўляўся яе загадчыкам). З 1971 па 1980 г. — дэкан факультэта прыродазнаўства. У кастрычніку 1973 года абараніў доктарскую дысертацыю па тэме «Стратиграфические комплексы и палеогеоморфологические поверхности нижнего и среднего антропогена территории Белоруссии». У 1974 годзе стаў доктарам геолага-мінералагічных навук, у 1976 г. — прафесарам. З 1980 года кіраваў кафедрай фізічнай геаграфіі.

За гады працы на факультэце стаў вядомым навукоўцам, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР (1986), аўтарам больш за 300 навуковых прац па геалогіі антрапагену і геамарфалогіі, у тым ліку некалькіх манаграфій і навучальных дапаможнікаў для сярэдніх і вышэйшых навучальных устаноў. Вучонаму належаць такія працы, як «Нижний и средний антропоген Белоруссии» (1974), «Общая геология» (1976, разам з Г. У. Гурскім), «Практикум по общей геологии» (1978), «Историческая геология с элементами палеонтологии» (1979), «Пытанні геалогіі ў школе» (1980), «Як збудаваны і чым багатыя нетры Беларусі» (1992) і інш. Ён з’яўляўся членам шэрагу вучоных саветаў, рэдкалегій, быў віцэ-прэзідэнтам Геаграфічнага таварыства Беларусі, старшынёй аб’яднання выкладчыкаў біёлага-геаграфічных дысцыплін. Адзначаны знакамі: «Выдатнік асветы СССР» і «Выдатнік народнай адукацыі БССР».

Літаратура

Геологи и горные инженеры Беларуси : биографический справочник : [в 2 ч.] / составители: А. Д. Смычник [и др.]. — Минск, 2008. — Ч. 1. — С. 65. Літасфера. — 1995. — № 2. — С. 205—206. Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. — Минск, 2006. — Т. 3. — С. 285.

Катэгорыя:Дэканы БДПУ імя Максіма Танка Катэгорыя:Геолагі СССР Катэгорыя:Геолагі Беларусі