Магілёўская ратуша — помнік архітэктуры ў цэнтральнай частцы Магілёва, сімвал горада. Існавала ў XVII—XX стст. У 2008 завяршылася ўзвядзенне новага будынка на месцы знішчанага савецкімі ўладамі помніка архітэктуры.

Гісторыя thumb|left|155px|Магілёўская ратуша ў пачатку 1900-х

У 1578 годзе, праз год пасля атрымання горадам граматы на магдэбургскае права, у Магілёве пачалося ўзвядзенне гарадской ратушы. Першапачаткова ратуша была драўлянай, таму неаднаразова згарала дашчэнту, і яе месцазнаходжанне мянялася.

4 верасня 1679 г. гараджане пад кіраўніцтвам майстра Феські прыступілі да будаўніцтва прастакутнай у плане (28х10,5 м) мураванай ратушы на Гандлёвай плошчы, асноўны корпус якой быў узведзены да 1681 года. У 1682—1686 гг. майстрам Крузбергам з Быхава ўзведзеная вежа на вышыню каля 26 м, абвалілася. У чэрвені 1692 г. пасля разборкі муроў першай вежы майстрам Ігнатам з арцеллю ўзведзеная новая 8-гранная 5-ярусная вежа вышынёй да 38 м (са шпілем — 46 метраў). Разам са званіцай Богаяўленскага сабора вежа ратушы з’яўлялася асноўнай вертыкальнай дамінантай горада.

Як сведчаць гістарычныя і археалагічныя матэрыялы, у ратушы знаходзіліся: на першым паверсе сені, вялікая «ізба» (адбываліся суды пад кіраўніцтвам войта), канцылярыя і «ратушная святліца», дзе захоўваліся бягучыя справы магістрата; на другім паверсе сені, судовая «ізба» (магістрацкія суды), вялікая зала (пасяджэнні магістрату) і дапаможныя памяшканні; у цокальным паўпадвальным паверсе скарбніца, склады і астрог. Памяшканні ацяпляліся кафлянымі печамі, аздобленымі тэракотавай і зялёнай паліванай кафляй. Верагодна, што першы паверх быў перакрыты скляпеннямі. На другі паверх вялі лесвіцы, аздобленыя разьбянымі драўлянымі балясамі. Вокны з невялікімі круглаватымі шыбамі мелі прыгожыя алавяныя рамы-аканіцы. Падлога зробленая са спецыяльнай цэглы, сцены пабеленыя. Звонку ратуша была атынкаваная, былі два ганкі — нізкі і высокі парадны (з боку галоўнага і дваровага фасадаў). Вежа пяціярусная, завяршалася гранёным купалам са шпілем, мела балкон з металічнымі кратамі, вялікі гадзіннік (паводле архіўнага здымку пачатку XX ст., быў на вежы ў 2-й палове XVII ст.). Стромкі дах ратушы накрыты плоскай чырвонай дахоўкай, аздоблены пазалочанымі флюгерамі-ветранікамі на франтоне, на дахах ганкаў і на вежавым шпілі.

Падчас Паўночнай вайны ў верасні 1708 года ратуша згарэла, але была хутка адноўленая. А ў 1733 годзе ратуша капітальна перабудаваная, дах накрыты бляхай. Архітэктура яе фасадаў стала адпавядаць узведзеным побач на плошчы ў стылі класіцызму дамам губернатара і віцэ-губернатара: шырокі гарызантальны пояс, які падзяляў паверхі будынкаў, рустоўка ніжняга паверха, ліштвы акон другога паверха. Будынак быў самым высокім у горадзе. У 1780 годзе з яе назіральнай пляцоўкі Магілёвам любаваліся імператрыца Кацярына II і аўстрыйскі імператар Іосіф II.

Знішчэнне і першыя спробы аднаўлення Падчас Вялікай Айчыннай вайны ратуша была моцна пашкоджана. 28 снежня 1952 г на нарадзе архітэктараў БССР па ахове помнікаў архітэктуры, было прынята рашэнне аб яе аднаўленні, 11 верасня 1953 года — рашэнне Выканкама Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў № 725, паводле якога будынак ратушы аб’яўлялася помнікам архітэктуры, а працы па яе рэстаўрацыі павінны былі быць завершаны да 10 снежня 1953 г.. Аднак рэстаўрацыя ратушы так і не была пачатая. Нягледзячы на пастановы аб рамонце, у ліпені 1957 года яна была падарваная гарадскімі ўладамі. Гэта стала актам вандалізму, які пазбавіў горад яго галоўнага архітэктурнага сімвала.

Аднаўленне З цягам часу нарадзілася ідэя адрадзіць страчаны помнік. У 1975 годзе пачалася падрыхтоўка распрацоўкі праекта аднаўлення ратушы. У 1978 годзе Міністэрства культуры БССР выдзеліла грошы на распрацоўку праекта адбудовы і размяшчэнне ў ёй палаца шлюбаў.

У верасні 1979 г. пад кіраўніцтвам А. Трусава пачаліся археалагічныя раскопкі ратушы. Было вывучана 620 кв. м плошчы пры таўшчыні культурнага слоя ад 0,4 да 1,5—1,7 м. Выяўленыя падмуркі (глыбіня 30—70 см) і рэшткі сцен (шырыня 105—115 см), зробленыя з тонкай (5—5,6 см) цэглы-пальчаткі ў тэхніцы муроўкі (рад лажкоў, рад тычкоў). Падмуркі складзены з вялікіх камянёў, прамежкі закладзены цэглай на вапнавым растворы. Каля галоўнага фасада выяўленыя рэшткі цаглянага ганка. Знойдзеныя таксама кафлі з раслінным і геаметрычным арнаментам, паліваныя куфлі з выявай старажытнага герба Магілёва і вялікая колькасць вырабаў са шкла XVI—XX стст. У 1984 г. І. Чарняўскім раскапаныя рэшткі параднага ганку ратушы, было даследавана 100 кв. м помніка.

Праведзены ў пачатку 1980-х гг. грунтоўныя археалагічныя і архіўныя даследванні былі пакладзены ў аснову будаўнічанага праекта, распрацаванага Беларускім рэстаўрацыйна-праектным інстытутам (архітэктар Я. ХанінаГрамадзянская супольнасць і дзяржава. Станаўленне беларускага самакіравання / І. А. Пушкін, А. Р. Агееў. — Магілёў : МДУХ, 2017. — 182 с. ISBN 978-985-6985-90-7.). Па старых рысунках, фотаздымках і чарцяжах яна аднавіла ўсе дэталі будынка. У 1983—1985 гадах нават выпускалася рабочая дакументацыя, але потым праектаванне было прыпынена. Тады ж была вызначана і будучая музейная функцыя ратушы.

Палітыка галоснасці ў другой палове 1980-х гадоў спрыяла росту цікавасці грамадства да страчанай гістарычнай спадчыны. Каля падмуркаў ратушы адбываліся мітынгі дэмакратычнага руху, а выданне з 1989 года газеты «Ратуша» спрыяла замацаванню ў свядомасці гараджан неабходнасці адбудовы помніка. 23 мая 1992 г. адбылася сімвалічная закладка першага каменя на старым месцы будучай ратушы і яго асвячэнне на ўрачыстым набажэнстве архіепіскапам Магілёўскім і Мсціслаўскім Максімам (Крохам). У 1992 годзе быў выведзены нулявы цыкл, але з-за эканамічнага крызісу працы надоўга прыпыніліся.

У пачатку 2000-х гадоў магілёўскія ўлады вярнуліся да ідэі адраджэння ратушы. Прапановы старшыні Магілёўскага гарвыканкама Віктара Шорыкава падтрымаў старшыня абласнога выканкама Барыс Батура. У 2004 годзе да ЦРГКЛіТ звярнуўся Магілёўскі гарвыканкам з просьбай выканаць эскізны праект. Выкананы праект быў узгоднены з Упраўленнем па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, і з Магілёўскім архітэктурным упраўленнем.

У сярэдзіне 2006 года быў выкананы архітэктурны праект (навуковы кіраўнік праекта Аляксандр Кропатаў, галоўны архітэктар А. Кандратаў, архітэктары В. Пракопчык і Т. Панамарова, канструктар В. Сазонава), аднак у чэрвені 2007 года яго давялося сур’ёзна карэкціраваць, бо ў выніку праведзеных археалагічных вышукаў быў выяўлены вялікі слой насыпных грунтоў, так што фундамент ратушы давялося паглыбіць да 7 метраў. Для надання большай устойлівасці вежу паставілі на маналітную жалезабетонную пліту. Першапачаткова меліся чарцяжы планаў папярэдняга праекта, фатаграфіі праекта 1834 года, фатаграфіі абмераў планаў 1919 года, абмер плана 1945 года, і дакладныя фрагментарныя абмеры мура цокаля 1979 года. З дапамогай камп’ютарнай апрацоўкі старых фотаздымкаў былі ўдакладнены памеры і прапорцыі фасадаў і архітэктурнага дэкора.

У жніўні 2007 года на аб'екце распачаліся будаўнічыя работы. Будаўніцтва даверылі ААТ «Прамжылбуд». Падземная частка была выканана з маналітнага і зборнага бетону і жалезабетону. У кастрычніку пачалася кладка сцен з чырвонай цэглы высокай трываласці, якая паступіла з Мінскага керамічнага і Обальскага цаглянага заводаў. У сакавіку 2008 года была завершана кладка цэглы вежы. Вясной ішла дэкаратыўная тынкоўка сцен і ўкладка чырвонай глінянай дахоўкі, якую набылі ў Германіі. 19 красавіка на 47-метровую вышыню быў усталяваны купал ратушы. У маі былі скончаны асноўныя будаўнічыя работы і дэманціраваны вежавы кран.

Першы раз адроджаны помнік прэзентавалі грамадскасці на Дзень горада 3 ліпеня 2008 года, а афіцыйнае ўрачыстае адкрыццё з удзелам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі адбылося 18 ліпеня 2008 года.

Гадзіннік

На самым версе 47-метровай вежы ўсталяваны ўнікальны механічны гадзіннік, выраблены магілёўскім гадзіннікавым майстрам Генадзем Галоўчыкам. На гадзінніку размешчаны дыск з абрысамі граніц Беларусі, на які нанесы важныя, паводле меркавання майстра, падзеі з гісторыі Магілёва: выпуск першага хімвалакна на прадпрыемстве «Лаўсан»; інфармацыю пра тое, што ў чэрвені ў XVII стагоддзі ў Магілёве быў снег, які праляжаў два дні, і гэтак далей. Стрэлка на адным з цыферблатаў праходзіць кола адзін раз за 500 гадоў, надпіс сведчыць, што жыццё чалавека скончыцца раней, чым гэтая стрэлка зробіць чвэрць абаротуУ Магілёве праз палітыку звольніўся геніяльны гадзіннікавы майстар. Маецца таблічка ў гонар маці майстра. Таксама майстар схаваў у механізме гадзінніка «дыск ганьбы» з негатыўнымі падзеямі з жыцця Магілёва і прозвішчамі тых, хто шкодзіць гораду. Надпісы на «дыск ганьбы» можа нанесці толькі гадзіншчык, калі ведае, дзе ён. Прачытаць іх можна будзе толькі ў 2066 годзе — пласцінка выпадзе з механізму за год да 800-годдзя Магілёва, «каб не азмрочваць святкаванне» Могилев лишился двух уникальных имиджевых объектов — башенных часов и горниста (и все из-за политики). Что дальше? .

28 чэрвеня 2014 года на вежы ратушы з’явілася механічная фігура гарадскога трубача. Аўтарам ідэі і выканаўцам механічнай часткі гэтай механічнай скульптуры стаў Галоўчык, а аўтарам мастацкай часткі (твар і рукі) стаў магілёўскі скульптар Андрэй Вараб’ёў. 1 кастрычніка, у , гарадская ратуша правяла Дзень гарніста, на якім прайшло адкрытае галасаванне па выбару імя для механічнага трубача. Варыянты, прынятыя на галасаванне, на працягу некалькіх месяцаў паступалі на адрас музея. У выніку галасавання большасцю было выбрана імя Магіслаў («той, хто славіць Магілёў»), прапанаванае скульптарам Андрэем Вараб’ёвым.

Магіслаў кожны дзень выконвае гарадскую фанфару з балкона ратушы, тройчы за суткі — а 12-й гадзіне дня, а 8-й гадзіне ўвечары (сімволіка гэтага выхаду звязаная з сімволікай васьмёркі як знаку бясконцасці), і трэці раз — у тую хвіліну, калі над Магілёвам садзіцца сонца. Музыка, якую выконвае Магіслаў, была запісана па выніках адмысловага конкурса на гарадскую фанфару, выканаўца — Дзмітрый Касцюшка.

Пасля фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і масавага гвалту супраць нязгодных з гэтым Магіслаў замоўк па рашэнні музейшчыкаў. Пасля звальнення дырэктара музея Аляксея Бацюкова на знак салідарнасці з ім падаў заяву на звальненне і гадзіннікавы майстар Генадзь Галоўчык. Пасля яго сыходу ў сярэдзіне лютага гадзіннік спыніўся.

Архітэктура і выкарыстанне Ратуша — мураваны двухпавярховы будынак з васьміграннай пяціяруснай вежай пасярэдзіне галоўнага фасада. Вышыня ратушы складае 14 метраў, вежы — 47 метраў 30 сантыметраў. Фасады ратушы адноўлены на сярэдзіну XVIII стагоддзя. Пры рашэнні дваровага фасада выкарыстоўваліся аналагі і ўскосныя ўказанні ў гістарычнай запісцы на існаванне франтона. Агульная плошча памяшканняў складае 844,2 м², у тым ліку падвала — 18,7 м², першага паверха — 284,1 м², другога і мансарды — па 270,7 м².

Нясучыя сценавыя канструкцыі ратушы створаны з блокаў ячэістага бетону таўшчынёй 500 мм і цэглы (260—300 мм). Таўшчыня цагляных сцен вежы змяншаецца ад 1130 мм унізе да 380 мм наверсе.

Унутраная планіроўка будынка прыстасавана да сучасных патрэб і адрозніваецца ад гістарычнай. На першым паверсе размясціліся залы Музея гісторыі Магілёва, экспазіцыйныя залы маюць падвясную столь і пакрыццё падлогі керамічнай пліткай. Падлога другога паверха паркетная. Першапачаткова на другім паверсе планавалася размясціць прыёмную кіраўніка гарадской адміністрацыі, але ў працэсе будаўніцтва старшыня гарвыканкама Віктар Шорыкаў прыняў рашэнне перадаць гэтыя плошчы музею горада. На мансардзе знаходзяцца фондавыя і службовыя памяшканні, кабінеты музея.

Сёння ратуша выконвае функцыю гарадскога грамадскага цэнтра. З мая 2010 года ў ёй праходзяць сесіі дэпутатаў Магілёўскага гарадскога савета дэпутатаў. Таксама ў будынку адбываюцца ўрачыстыя прыёмы замежных дэлегацый, канферэнцыі, уручэнні прэмій і іншыя афіцыйныя мерапрыемствы.

Галерэя

Літаратура