Страбаскапі́чныя прыла́ды — дэманстрацыйныя ці кантрольна-вымяральныя прылады для назірання хуткіх перыядычных рухаў аб’ектаў.
Прынцып дзеяння страбаскапічных прылад грунтуецца на страбаскапічным эфекце. Прызначаны для назірання і вымярэння частаты ваганняў механічных і электронных сістэм, рэзанансу, колькасці абаротаў механізмаў, для вывучэння вібрацый розных целаў, візуальнага кантролю хутка вагаючыхся элементаў і інш. Дазваляюць праводзіць вымярэнні без механічнага кантакту.
Страбаскапічныя прылады падзяляюць на механічныя або оптыка-механічныя, электронна-аптычныя, электронныя і асцылаграфічныя і інш. Да механічных адносяцца прыборы з механічнымі абтураторамі (перарывальнікамі) святла ў выглядзе дыскаў або полых барабанаў са шчылінамі, праз якія назіраецца аб’ект. У электронна-аптычных прыладах перыядычнае перарыванне святла ажыццяўляецца электроннымі затворамі (напрыклад, заснаванымі на эфекце Кера), у электронных — імпульснымі крыніцамі святла, якія кіруюцца з дапамогай спецыяльных генератараў.
Пры даследаванні электронных працэсаў выкарыстоўваюцца страбаскапічныя асцылографы, страбаскапічныя гальванометры і інш. Існуюць страбаскапічныя прылады, якія працуюць не толькі ў бачным, але і ў іншых дыяпазонах электрамагнітнага выпраменьвання, напрыклад, рэнтгена-імпульсныя.
Існуюць страбаскапічныя прылады спецыяльнага прызначэння. Да іх можна аднесці аўтамабільны страбаскоп, прызначаны для рэгулявання вугла запальвання ў аўтамабільным рухавіку, прылады для медыцынскіх мэт (даследаванне руху галасавых звязак, работы клапанаў сэрца).
Гл. таксама Страбаскоп
Літаратура
Стробоскопические приборы // Физический энциклопедический словарь / Главный редактор А. М. Прохоров. — М.: Советская энциклопедия, 1983.
Катэгорыя:Прылады Катэгорыя:Прыборы