Стратыгра́фія — вертыкальны разрэз і апісанне культурнага пласта археалагічнага помніка (селішча, гарадзішча, кургана, могільніка і інш.), які агаляе напластаванні розных храналагічных перыядаў. Сам тэрмін і шэраг методык узятыя з геалогіі.

Стратыграфія з’яўляецца важным інструментам вызначэння адноснага ўзросту культурных пластоў. Дае магчымасць вызначаць іх змену ў часе і параўноўваць час існавання археалагічных помнікаў у пэўным месцы («вертыкальная» стратыграфія). Апісанне вядзецца па пластах зверху ўніз. Пазначаецца характар глебы, прыродныя ўключэнні, перабудовы, змены характару жыццядзейнасці, парушэнні натуральнага залягання. Калі рэчы рознага часу знаходзяцца ў адным гарызонце, выкарыстоўваецца «гарызантальная» стратыграфія, якая дазваляе пазначыць паслядоўнасць змены месцаў чалавечай актыўнасці на археалагічным помніку. «Параўнальная» стратыграфія (параўнанне розных археалагічных комплексаў) дае магчымасць вызначаць храналогію асобных культурных з’яў на тэрыторыі рэгіёна, краіны, кантынента і ўсяго свету.

Стратыграфія з’яўляецца асновай стварэння адноснай храналогіі (перыядызацыі) помніка археалогіі, эталонных стратыграфічных калонак, сінхранізуемых па аднолькавых знаходках і дадзеных прыродазнаўчых навук, праверкі вынікаў выкарыстання тыпалагічнага і іншых метадаў даціроўкі археалагічных культур.

Стратыграфія цесна звязаная з геалогіяй і глебазнаўствам.

Крыніцы

Літаратура

Мерперт Н. Я. Стратиграфия (в археологии) // Советская историческая энциклопедия / Под ред. Е. М. Жукова. — М.: Советская энциклопедия, 1973—1982.

Спасылкі

Стратиграфия // Праект «Открытая археология» Стратиграфия // Росархеолог

Катэгорыя:Археалогія Катэгорыя:Метады даследаванняў