Ш, ш — 27-я літара беларускага кірылічнага алфавіта. Выкарыстоўваецца таксама ва ўсіх славянскіх кірылічных алфавітах (25-я ў балгарскім, 26-я ў рускім, 29-я ва ўкраінскім, 30-я ў сербскім і апошняя ў македонскім) і ў пісьменнасцях некаторых неславянскіх народаў. У стара- і царкоўнаславянскім алфавітах таксама носіць назву «ша», значэнне якой невядома. У кірыліцы звычайна лічыцца 28-й паводле парадку (калі гаворка ідзе пра стараславянскую азбуку) ці 27-й (у царкоўнаславянскай азбуцы), у глаголіцы паводле ліку 29-я. Адна з нешматлікіх літар, што аднолькава выглядае ў абодвух — кірылічным і глагалічным — славянскіх алфавітах: Ш / Ⱎ.

Гісторыя Паходзіць з кірыліцкай Ш («ша»). У старабеларускую графіку перайшла са старажытнарускай мовы. Абазначала зычны гук [ш] (шапка, шумъ). Наяўнасць у старабеларускім пісьменстве паралельных варыянтаў тыпу грошы — гроши, шыло — шило тлумачыцца традыцыйным характарам тагачаснага пісьма і не сведчыць аб мяккасці [ш]. Лічбавага значэння не мела. У рукапісах XIV—XVII стагоддзяў у сувязі з функцыянаваннем розных пісьмовых школ і выкарыстаннем розных тыпаў пісьма (устаў, паўустаў, скорапіс) ужывалася ў некалькіх варыянтах, якія памагаюць вызначаць час і месца напісання помнікаў. У XVI стагоддзі, акрамя рукапіснай, набыла друкаваную форму. Пачынаючы з Ф. Скарыны, стала адрознівацца як вялікая і малая, хоць ужыванне вялікай літары ва ўласных імёнах, геаграфічных назвах і ў пачатку сказаў не было яшчэ паслядоўным.

Беларуская мова У сучаснай беларускай мове абазначае шумны глухі зацвярдзелы фрыкатыўны (шчылінны) пярэднеязычны зычны гук [ш] (шалаш, шышка). Бывае вялікая і малая, мае рукапісную і друкаваную форму. Пры класіфікацыйным падзеле мае значэнне дваццаць пяты (група «Ш»), пры лічбавай нумарацыі — дадатковае значэнне для размежавання прадметаў пад адным нумарам (шыфр № 5ш).

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Літары кірыліцы Катэгорыя:Балгарскі алфавіт Ш Катэгорыя:Македонскі алфавіт Катэгорыя:Рускі алфавіт Катэгорыя:Украінскі алфавіт Катэгорыя:Стараславянскі алфавіт