Осінг (саманазва: Lare Osing, ) — аўстранезійскі народ, што насяляе ўсходні ўскраек вострава Ява ў Інданезіі. Агульная колькасць (2023 г.) — 345 000 чалавекOsing in Indonesia.

Паходжанне Відавочна, осінг маюць агульнае паходжанне з яванцамі. Іх родная мова сфарміравалася на аснове старажытнай яванскай мовы. У другой палове XV ст. крызіс індуісцкай дзяржавы Маджапахіт выклікаў міграцыю часткі яванцаў на ўсход, дзе склалася індуісцкая дзяржава Бламбанган, якая праіснавала да 1743 г., пакуль не была ўключана ў склад султаната Матарам. Лічыцца, што назва осінг значыць на іх мове адмаўленне. Тым не меней, пасля заваявання мясцовае насельніцтва паступова прыняло іслам, хаця працягвала захоўваць некаторыя старажытныя звычаі, сувязі з суседнімі індуісцкімі дзяржавамі Балі, асобную гаворку і тоеснасць.

Асаблівасці культуры Асноўным заняткам осінг здаўна з’яўляецца сельская гаспадарка. Дзякуючы ўрадлівым глебам у рэгіёне, населеным гэтым народам, практыкуецца камерцыйнае вырошчванне кавы, гваздзіку, тытуню і іншых культур. Акрамя таго, жыхары прыбярэжных вёсак займаюцца рыбалоўствам, унутраных раёнаў — здабычай вулканічнай серы. У апошнія дзесяцігоддзі паступова развіваецца абслугоўванне турыстаў.

У мінулым вёскі асноўвалі на схілах гор. Яны мелі раскіданую планіроўку. Вясковай сацыяльнай і эканамічнай адзінкай была сямейная дворагаспадарка. У яе склад уваходзіла некалькі асобных будынкаў — гасцёўня і спальня, кухня, гаспадарчая пабудова. Часцяком будынкі ўяўлялі сабою па́лі без сцен і ўнутраных перагародак пад адзіным дахам. Спалі на цыноўках, агароджаных тонкімі тканінамі для захавання прыватнага жыцця асобных пар. У жылых пабудовах ладзілі чатырохнахільныя дахі, у гаспадарчых — трохнахільныя. Звычайна дворагаспадарка давала прытулак пашыранай сям’і на чале з мужчынам-гаспадаром, але існавалі і малыя нуклеарныя сем’і.

Осінг вядомы як выдатныя разьбяры па дрэву і вытворцы батыку з малюнкамі, якія адлюстроўваюць навакольную прыроду.

Мова Родная мова осінг паходзіць ад старажытнай яванскай мовы і часцяком разглядаецца як дыялект сучаснай яванскай мовы. Падзяляецца на некалькі мясцовых гаворак. Акрамя таго, вылучаюць 2 стылі гаворкі — паўсядзённы осінг і болей вытанчаны бесік. Апошні выкарыстоўваецца ў рэлігійных і рытуальных мэтах.

Рэлігія Большасць сучасных вернікаў спавядае іслам. Тым не меней, у осінг захаваліся старажытныя анімістычныя ўяўленні, шанаванне продкаў. Традыцыйныя вясковыя святы часцяком нагадваюць балійскія.

Спасылкі The Osing of East Java Budi Prasetyo. The Ethnozoolgy: Traditional Knowledge and Animal Use by Osing Tribe in Banyuwangi, Indonesia Sumarmi Local Wisdom of Osing People in Conserving Water Resources Ahmad Sulthoni, Dhalia Soetopo DIALEKTIKA BAHASA JAWA DALAM ADAT PERANG BANGKAT SUKU OSING KECAMATAN SINGOJURUH Mepe Kasur, Ancient Tradition Of The Osing Nearing Eid-El-Adha

Катэгорыя:Народы Азіі Катэгорыя:Народы Інданезіі Катэгорыя:Народы Явы Катэгорыя:Аўстранезійцы