Базідыяльныя грыбы, базідыяміцэты (Basidiomycota) — аддзел (раней разглядаўся як клас) вышэйшых грыбоў з асаблівымі органамі размнажэння — базідыямі; у эвалюцыйным развіцці — сістэматычная група, паралельная сумчатым грыбам.

Асаблівасці біялогіі Характарызуюцца наяўнасцю першаснага і другаснага міцэлію і тыповым для іх базідыяльным споранашэннем. Органы палавога размнажэння ў базідыяльных грыбоў адсутнічаюць, палавы працэс ажыццяўляецца ў выглядзе саматагаміі. Канідыяльнае споранашэнне (бясполае размнажэнне) сустракаецца рэдка.

У аснове класіфікацыі базідыяльных грыбоў асаблівасці будовы базідый і пладовых цел. Уключаюць 3—4 пададзелы, 16—19 класаў, звыш 30000 відаў.

Для базідыяміцэтаў характэрна поўная страта спецыялізаваных палавых клетак. Палавое споранашэнне — базідыяспоры. Палавы працэс ідзе праз зліццё дзвюх вегетатыўных (саматычных) клетак гаплоіднага міцэлію, што вырастае з базідыяспораў. Характэрная марфалагічная асаблівасць базідыяміцэтаў — наяўнасць спражак — дугападобных структур каля папярочных перагародак, што падзяляюць клеткі гіфы.

На дыкарыятычным міцэліі ў большасці базідыяміцэтаў фарміруюцца пладовыя целы, на паверхні або ўнутры якіх утвараюцца базідыі. Пладовыя целы розных тыпаў: гіменіяльныя (спараносны слой — гіменій — на паверхні цела) і гастэральныя (гіменій унутры цела, замкнёнага да поўнага выспявання базідыяспораў); формы — плоскія, канічныя, капытападобныя, плеўкавыя, распасцёргая на субстраце, падзеленыя на шапку і ножку (шапкавыя грыбы); кансістэнцыі — мясістыя, дравяністыя, шчыльналямцавыя, скурыстыя.

Пашырэнне і выкарыстанне Пашыраны па ўсім зямным шары, акрамя Антарктыды; на Беларусі ў канцы XX ст. выдзялялася каля 2000 відаў з 12 парадкаў (агарыкальныя, аўрыкулярыяльныя, афілафаральныя, галаўнёвыя грыбы, гіменагастральныя, дакрыміцэтальныя, дрыжалкавыя, іржаўныя грыбы, нідулярыяльныя, лікапердальныя, склерадэрматальныя, фаляльныя).А. Капіч (1996)

Да базідыяміцэтаў належаць мікраскапічныя формы і грыбы з буйнымі пладовымі целамі — макраміцэты. Большасць — сапратрофы, мікарызаўтваральнікі, многія — паразіты раслін, узбуджальнікі хвароб сельскагаспадарчых культур (галаўнёвыя і іржаўныя грыбы), гнілі драўніны (губавыя грыбы, дамавыя грыбы), есць ядомыя (апенька, баравік, масляк, падасінавік, сыраежка і інш.), лекавыя (чага, вясёлка) і ядавітыя (мухаморы). Некаторыя віды (шампіньёны, і інш.) уведзены ў прамысловае культываванне.

Літаратура

Гарибова Л. В., Лекомцева С. Н. Основы микологии: Морфология и систематика грибов и грибоподобных организмов. Учебное пособие. — М.: Товарищество научных изданий КМК, 2005. Kirk P. M., Cannon P. F., Minter D. W., Stalpers J. A. Ainsworth and Bisby’s Dictionary of the Fungi. 10th editon. — CAB International 2008. ISBN 978-0-85199-826-8