Апо́стальская адміністрату́ра для ве́рнікаў візанты́йскага абра́ду ў Белару́сі — апостальская адміністрацыя для вернікаў візантыйскага абраду ў Беларусі, заснаваная Папам Рымскім Францыскам 30 сакавіка 2023 года. З'яўляецца галоўнай юрыдычнай структурай Беларускай грэка-каталіцкай царквы. Па сваім статусе прыраўноўваецца да дыяцэзіі, якая, аднак, не можа быць паўнавартасна створана ў дадзены момант часу па пэўных палітычных матывах.
Гісторыя Каталіцкая супольнасць візантыйскага абраду ў Беларусі з’яўляецца спадкаемцай дыяцэзій Кіеўскай мітраполіі на беларускіх землях, якая ў 1596 годзе заключыла Берасцейскую унію з Апостальскай Сталіцай. Пасля таго як беларускія землі канчаткова перайшлі пад уладу Расійскай імперыі ў 1795 годзе, гэтыя структуры былі ліквідаваныя паводле рашэнняў Полацкага царкоўнага сабору ў 1839 годзе.
У 1939 годзе мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі стварыў у Беларусі экзархат, але яго далейшаму развіццю перашкодзілі Другая сусветная вайна і наступны перыяд камуністычнага панавання.
У 1988 годзе пачалося адраджэнне рэлігійных супольнасцей, якія ў 1994 годзе былі афіцыйна даручаны пастырскай апецы апостальскага візітатара архімандрыта Сяргея Гаека, прызначанага Папам Янам Паўлам ІІ. У такім статусе царква існавала амаль трыццаць гадоў.
30 сакавіка 2023 года Папа Францыск заснаваў Апостальскую адміністратуру для вернікаў візантыйскага абраду ў Беларусі і прызначыў яе першым пастырам архімандрыта Сяргея Гаека.
У 2024—2025 гадах у Беларусі праходзіла маштабная перарэгістрацыя рэлігійных арганізацый згодна з патрабаваннямі новага заканадаўства аб свабодзе сумлення. Для Беларускай грэка-каталіцкай царквы гэты працэс стаў сур'ёзным выпрабаваннем: 4 з 16 парафій не змаглі прайсці перарэгістрацыю. Рашэннямі ўлад, у тым ліку праз Вярхоўны суд, былі ліквідаваны парафіі ў Брэсце, Баранавічах, Івацэвічах і Оршы. Такім чынам, адміністратура страціла чвэрць сваіх афіцыйна зарэгістраваных супольнасцей.
14 верасня 2026 года Папа Рымскі Леў XIV прыняў адстаўку архімандрыта Сяргея Гаека ў сувязі з дасягненнем ім вызначанага ўзросту і прызначыў новым апостальскім адміністратарам манаха-студыта і доктара тэалогіі айца Лявонція Тумоўскага.
Структура Тэрыторыя апостальскай адміністратуры ахоплівае ўсю Рэспубліку Беларусь і структурна падзяляецца на два протапрэзбітэраты (дэканаты). Цэнтральна-заходні протапрэзбітэрат ахоплівае горад Мінск, Мінскую і Гродзенскую вобласці (да 2026 года таксама Брэсцкую вобласць). Усходні протапрэзбітэрат ахоплівае Віцебскую, Гомельскую і Магілёўскую вобласці. Пасля прымусовай ліквідацыі шэрагу супольнасцей у 2026 годзе ў складзе адміністратуры афіцыйна дзейнічаюць 12 парафій.
Крыніцы
Катэгорыя:З’явіліся ў 2023 годзе Катэгорыя:Беларуская грэка-каталіцкая царква Катэгорыя:Усходнія каталіцкія цэрквы