Беларускі Гаюн — маніторынгавы OSINT праект, які адсочваў ваенную актыўнасць расійскіх і беларускіх войск. Маніторынгавая група была створана да расійскага ўварвання ва Украіну актывістам Антонам Матолькам. Праект названы па беларускім міфічным персанажы, лясным духу Гаюне. Літоўскае нацыянальнае радыё і тэлебачанне заявіла, што на інфармацыю, якую публікаваў маніторынгавы праект часта спасылаліся буйныя ўкраінскія СМІ, што дапамагала ўкраінскім мірным жыхарам і вайскоўцам лепш разумець пагрозы ад расійскіх войск, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі.

Гісторыя Беларускі Гаюн з’явіўся ў пачатку студзеня 2022 года як маніторынгавая ініцыятыва па адсочванні перамяшчэння расійскай тэхнікі і войск па тэрыторыі Беларусі. Перад праектам стаяла задача назіраць за колькасцю тэхнікі, якую завозяць у краіну і вывозяць назад, дзе патэнцыйна можа ўзнікнуць новая расійская вайсковая база. Праект створаны каб беларусы ведалі што адбываецца на тэрыторыі Беларусі. 20 лютага 2020 года з’явіўся тэлеграм-канал «Гаюна», у якім каманда пачала публікаваць інфармацыю пра выяўленыя расійскія войскі і іх перамяшчэнні. Першыя два месяцы вайны каманда працавала кругласутачна без выходных. У лютым і сакавіку ў сярэднім праекту пісала па паўтары тысячы чалавек штодзень. На піку гэта значэнне даходзіла да дзвюх тысяч чалавек. У сакавіку 2022 года МУС РБ прызнала тэлеграм-канал праекту экстрэмісцкім фарміраваннем. У красавіку 2022 года на канал падпісалася больш за 360 тысяч чалавек. На той момант 90 % аўдыторыі складалі падпісчыкі з Украіны, а астатняя частка — беларусы. На момант 25 лютага 2023 года на тэлеграм-канал праекта падпісана больш за паўмільёна чалавек.

Пранікненне сілавікоў і спыненне праекта 5 лютага 2025 года Антон Матолька паведаміў, што ў выніку несанкцыянаванага ўваходу беларускія сілавікі раніцай атрымалі доступ да чата з ботам «Гаюна», куды збіралася інфармацыя ад людзей. Сілавікі атрымалі доступ да чата, перайшоўшы па запрашальнай спасылцы, якая была створана яшчэ 2 сакавіка 2022 года. Спасылку на бот «Гаюна» яны знайшлі на тэлефоне затрыманай незадоўга да таго актывісткі, якая працяглы час хавалася ў Беларусі. У момант пранікнення сілавікоў у чат у яго наладах не была ўключаная функцыя схавання старых паведамленняў для новых карыстальнікаў. Маштаб выгружанага аб’ёма дадзеных невядомы.

6 лютага ГУБАЗіК паказаў супрацоўніка Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода, якога, як сцвярджаюць сілавікі, затрымалі пасля ўзлому доступу да бота праекта «Беларускі Гаюн». Кіраўнік BYSOL Андрэй Стрыжак заявіў, што праз доступ сілавікоў да інфармацыі з чат-бота «Беларускага Гаюна» толькі за суткі на іх гарачую лінію прыйшло 50 запытаў па экстраннай эвакуацыі з Беларусі.

7 лютага маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн» паведаміў пра спыненне працы.

Прынцып працы Асноўнай крыніцай атрымання інфармацыі ёсць чытачы тэлеграм-канала. Яны дасылаюць паведамленні ў спецыяльны чат-бот. На момант 11 красавіка 2022 года ў бота было даслана больш за 33 тысячы паведамленняў ад 10 тысяч чалавек. Таксама частка інфармацыі прыходзіць з сацыяльных сетак, такіх як Укантакце і Аднакласнікі. 90 % атрыманай інфармацыі з сацыяльных сетак на момант пачатку вайны прыпадала на TikTok. Акрамя гэтага праводзіцца маніторынг месэнджараў і публікацый СМІ. Інфармацыю структуруюць і на гэтай аснове робяцца высновы.

У праекце распрацавана сістэма фактчэкінгу і верыфікацыі, яна не раскрываецца, каб было складаней даслаць для публікацыі дэзінфармацыю. Часам, калі ў каманды не было поўнай упэўненасці ў дакладнасці інфармацыі, яе публікавалі з паметкай «не пацверджана».

Каманда Дэталёвую інфармацыю пра каманду трымаюць у сакрэце. Станам на 11 красавіка 2022 года асноўная частка каманды працавала за межамі Беларусі. У большасці гэта грамадзяне Беларусі, якія вымушаны выехаць з краіны праз крымінальны пераслед. Да 25 лютага 2023 года склад каманды практычна не змяніўся.

Рэакцыя рэжыму Лукашэнкі

16 сакавіка 2022 года МУС Рэспублікі Беларусь прызнала тэлеграм-канал і чат Беларускага Гаюна экстрэмісцкім фарміраваннем. У пераліку экстрэмісцкіх арганізацый і фарміраванняў на сайце міністэрства з’явіўся запіс, што Гаюн ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць.

У снежні 2022 года супрацоўнікі беларускіх сілавых органаў пад выглядам назіральнікаў Беларускага Гаюна спрабавалі даведацца пра асабістыя даныя і фарміраваць дасье на падпісчыкаў праекта. Рабілі яны гэта з дапамогай чат-ботаў для знаёмстваў. У паведамленнях, у не надакучлівай форме, яны прасілі пазначыць імя і прозвішча, дату нараджэння, месца пражывання, а таксама іншыя асабістыя даныя.

На момант 8 верасня 2023 года стваральніку праекта было вядома пра 10 выпадкаў арышту за ўзаемадзеянне з Беларускім Гаюном. Антон Матолька заявіў, што недзе людзі былі ідэнтыфікаваны праз вулічнае відэаназіранне, а недзе праз знойдзены ў тэлефоне тэлеграм-бот.

У красавіку 2023 года па беларускім дзяржаўным тэлебачанні паказалі фільм, дзе было расказана пра затрыманне айцішніка Дзмітрыя Маставога. Аўтары фільма абвінавацілі яго ў стварэнні анлайн-трансляцыі на аэрадроме Мачулішчы. Яны заявілі, што чат-бот «Гаюна» кантралюецца беларускімі сілавымі органамі. Медыя «Zerkalo» адзначыла, што ў эфіры дзяржаўнага ТБ няма доказаў гэтым заявам, а замест здымкаў перапіскі аўтары ўжывалі камп’ютарную графіку. Адміністрацыя «Гаюна» заявіла, што затрыманы праграміст не рабіў для іх прамых трансляцый, а паведамленні пра кантроль іх чат-бота сілавікамі — «лухта».

Крыніцы

Катэгорыя:Некамерцыйныя арганізацыі Катэгорыя:Сродкі масавай інфармацыі Беларусі Катэгорыя:Telegram-каналы Катэгорыя:Беларусь падчас расійска-ўкраінскай вайны