Наргіз Махамадзі (; ) — іранская праваабаронца, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру (2023).
Наргіз Махамадзі пачала сваю праваабарончую дзейнасць у 1990-я гады, студэнткай факультэта фізікі. Па заканчэнні ўніверсітэта працавала інжынерам, але таксама пісала аўтарскія калонкі ў некаторыя іранскія выданні.
У 2003 годзе яна пачала працаваць у Тэгеранскім цэнтры абароны правоў чалавека, заснаваным іншай іранскай актывісткай, лаўрэаткай Нобелеўскай прэміі міру Шырын Эбадзі. У 2011 годзе Наргіз Махамадзі была ўпершыню арыштаваная і прысуджаная да турэмнага зняволення. Праз два гады яна выйшла на волю і далучылася да кампаніі супраць смяротнага пакарання ў Іране. За гэтую дзейнасць яна зноў была арыштаваная ў 2015 годзе. У 2016 годзе прысуджаная да 16 год турэмнага зняволення. Пасля вяртання ў турму выступала супраць катаванняў і сэксуальнага гвалту, які прымяняецца да палітычных зняволеных — жанчын у іранскіх турмах. З турмы яна таксама падтрымала пратэсты 2022 года і арганізавала некалькі акцый салідарнасці сярод зняволеных, за што ўлады зрабілі яшчэ больш строгімі ўмовы яе зняволення.
6 кастрычніка 2023 года Наргіз Махамадзі ўдастоена Нобелеўскай прэміі міру за «яе барацьбу з гвалтам іранскага рэжыму і за роўныя правы і свабоды для ўсіх».
Зноскі
Катэгорыя:Лаўрэаты Нобелеўскай прэміі міру Катэгорыя:Лаўрэаты Нобелеўскай прэміі з Ірана