«Белару́ская мо́ва» — першая беларуская галіновая энцыклапедыя, якая прысвечана беларускай мове. Выдадзена ў 1994 годзе ў Мінску на беларускай мове выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі».
Уключае 513 энцыклапедычных артыкулаў, якія даюць дакладную інфармацыю аб моўных дысцыплінах і навуковых кірунках, што вылучаюцца ў межах беларускага мовазнаўства; навуковых паняццях і метадах, пры дапамозе якіх апісваецца беларуская мова; сувязях беларускай мовы з іншымі мовамі свету і інш. Значная частка артыкулаў прысвечана галіновым кадыфікацыйным працам па беларускай мове, пісьмовым помнікам старабеларускай і беларускай літаратурнай мовы, беларускім пісьменнікам і дзеячам старабеларускага пісьменства, айчынным і замежным даследчыкам беларускай мовы.
Артыкулы размешчаны ў алфавітным парадку, загаловачнымі тэрмінамі даюцца родавыя паняцці, а відавыя ўключаюцца ў адпаведныя агульныя матэрыялы, тлумачацца там і падаюцца ў тэрміналагічным паказальніку. Выданне вылучаецца багатым ілюстрацыйным афармленнем (фотаздымкі, карты, схемы).
Выданне ўзнагароджана Дзяржаўнай прэміяй Беларусі (1998).
Бібліяграфія Беларуская мова : энцыклапедыя / пад рэдакцыяй А. Я. Міхневіча. — Мінск : Беларуская Энцыклапедыя, 1994. — 653, с. : іл., партр., факсім. ; 27 см. — Бібліяграфія ў канцы артыкулаў. — 10000 экз. — ISBN 5-85700-126-9
Літаратура
Катэгорыя:Энцыклапедыі Беларусі Катэгорыя:Беларускія энцыклапедыі Катэгорыя:Беларуская мова Катэгорыя:Кнігі 1994 года Катэгорыя:Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі