Евангелі́чныя мо́гілкі () — колішні некропаль у Вільні, які размяшчаўся на Боўфалавай гары ля скрыжавання вуліц Малой Пагулянкі і Аб'яздовай у гістарычным раёне Пагулянка.
Гісторыя Першапачаткова абедзве евангелічныя суполкі мелі ў Вільні паасобныя могілкі: кальвіністы хавалі сваіх нябожчыкаў побач са зборам на вуліцы Завальнай, а лютэране — пры вуліцы Людвісарскай (былой Татарскай), якія існавалі з сярэдзіны XVI да пачатку XIX стагоддзя.
У 1806 годзе радца горада Вільні і ўладальнік вядомага гатэля на Вялікай вуліцы Готфрыд Ган набыў вялікі прамавугольны пляц на Боўфалавай гары для стварэння новага агульнага некропаля. Могілкі былі закладзены паводле планаў віленскага садоўніка Вебера. Адкрыццё адбылося ў 1809 годзе. Спачатку гэта былі выключна лютэранскія могілкі, але з 1830 года тут адбываліся і пахаванні кальвіністаў, прычым кожная з канфесій мела свае асобныя кварталы.
Некаторыя каштоўныя гістарычныя надмагіллі са старых лютэранскіх могілак былі перанесены на новы некропаль (напрыклад, пліты роду Летаваў, суперінтэнданта Самуэля Дамброўскага). У 1819 годзе насупраць брамы паводле праекта нямецкага архітэктара Караля Шыльдгаўзена была пабудавана мураваная могілкавая капліца. У 1839 годзе на могілках быў таемна пахаваны расстраляны паўстанцкі эмісар Шыман Канарскі.
У канцы XIX стагоддзя раён Пагулянкі пачаў шчыльна забудоўвацца, і ў 1895 годзе мясцовыя домаўладальнікі беспаспяхова звярталіся да ўлад з петыцыяй перанесці могілкі за межы Вільні.
Могілкі моцна пацярпелі ў час ваенных дзеянняў і катаклізмаў. Зімой 1940 года вымерзлі амаль усе каштаны ў галоўнай алеі, у 1942 годзе нямецкія акупацыйныя ўлады вывезлі званы з капліцы, а ў 1944 годзе падчас бамбардзіровак горада на тэрыторыю ўпала шмат бомбаў і снарадаў, што разбурыла помнікі.
У 1956 годзе могілкі закрыты, некаторыя надмагіллі былі перавезены на могілкі на Росе, на камунальныя могілкі ў Салтанішках і на праваслаўныя могілкі на Новым Свеце. У 1960 годзе была знесена могілкавая капліца і на гэтай тэрыторыі створаны гарадскі парк, а ў 1974 годзе пабудаваны Палац шлюбаўKrzysztof Wałejko (z zespołem red. ks. Marek Borysiak, Anna Franko, Irena Jutkiewicz i Katarzyna Jutkiewicz: Praktyczny przewodnik po Wilnie. Przedsiębiorstwo Wydawnicze «Krzysztof Wałejko», Suwałki 2003, s. 99. ISBN 83-918978-2-6..
На былых могілках захаваўся толькі класіцыстычны маўзалей роду Нішкоўскіх (архітэктар Караль Падчашынскі), які цяпер выкарыстоўваецца як сувенірны кіёск. У гэтым маўзалеі быў пахаваны Ян Фрыдэрык Нішкоўскі (1774—1816), прафесар хірургіі Віленскага ўніверсітэта.
Вядомыя асобы, пахаваныя на могілках
Адольф Абіхт (1793—1860) — прафесар паталогіі Віленскага ўніверсітэта. Ян Генрык Абіхт (1762—1816) — прафесар філасофіі Віленскага ўніверсітэта. Адам Фердынанд Адамовіч (1802—1881) — прафесар ветэрынарыі і параўнальнай анатоміі. Францішак Аляхновіч (1883—1944) — беларускі драматург, тэатральны дзеяч, публіцыст, празаік. На магіле быў усталяваны драўляны крыж з таблічкай, якая змяшчала тэкст на беларускай мове лацінкай. Баляслаў Богуш-Сестранцэвіч (1868—1940) — польскі военачальнік, брыгадны генерал Войска Польскага. Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч (1869—1927) — графік і жывапісец, прафесар Універсітэта Стэфана Баторыя. Якуб Брыятэ (1746—1819) — прафесар хірургіі, фактычны заснавальнік анатамічнага тэатра ў Вільні. Ян Фрыдэрык Вольфганг (1775—1859) — прафесар кафедры фармацыі і фармакалогіі Віленскага ўніверсітэта. Отан Гедэман (1887—1937) — гісторык, даследчык Браслаўшчыны, Дзісеншчыны і Белавежскай пушчы. Тэафіль Глюксберг (1796—1876) — віленскі кнігавыдавец і тыпограф. Альберт Жамет (1820—1875) — мастак-пейзажыст, дэкаратар Віленскага тэатра. Аляксандр Заштаўт (1877—1944) — польскі палітычны дзеяч. Шыман Канарскі (1808—1839) — дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху ў Польшчы, Літве і на Беларусі. Быў таемна пахаваны пасля расстрэлу царскімі ўладамі. Тэадор Ламбек (1837—1893) — віленскі кнігавыдавец. Мацей Ворбек-Летаў (1593—1663) — прыдворны лекар караля Уладзіслава IV Вазы, мемуарыст. Ёзэф Маршэўскі (1827—1874) — мастак-пейзажыст. Ян Фрыдэрык Нішкоўскі (1774—1816) — прафесар хірургіі Віленскага ўніверсітэта. Караль дэ Пертэс (1740—1815) — выдатны ваенны картограф XVIII стагоддзя, энтамолаг. Ваўжынец Путкамер (1794—1850) — землеўласнік, грамадскі дзеяч, маршалак шляхты Лідскага павета, муж Марылі Верашчакі. (1859—1938) — суперінтэндант Віленскага евангелічна-рэфармацкага Сінода (1902—1938).
Галерэя
Крыніцы
Літаратура — Машынапіс у фондах Бібліятэкі Асалінеума.
Спасылкі
Катэгорыя:Могілкі Вільні Катэгорыя:З’явіліся ў 1806 годзе Катэгорыя:Зніклі ў 1960 годзе