Іосіф Карлавіч Здановіч або Язэп Здановіч () — беларускі і рускі музыказнавец, фалькларыст.

Біяграфія Нарадзіўся 8 сакавіка 1898 года ў Сяльцы Пружанскага павета Гродзенскай губерні. Большая частка яго жыцця звязана з Масквой, куды, імаверна, трапіў у бежанстве падчас 1-й сусветнай вайны. Пачатковую музычную адукацыю атрымаў у дзіцячым прытулку.

У 1918—1923 гадах у Чырвонай Арміі, служыў у ваенных аркестрах. У 1919—1922 гадах вучыўся ў Маскоўскай кансерваторыі. У 1926 годзе скончыў музычна-этнаграфічныя курсы пры Дзяржаўны інстытут музычнай навукі (ДІМН) у Маскве, а пазней — аспірантуру гэтага інстытута.

З 1930 года Здановіч выкладаў у Маскоўскай кансерваторыі . У 1930—1933 гадах працаваў навуковым супрацоўнікам ДІМН. У 1933—1951 гадах працаваў у Цэнтральны дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў, адначасова ў 1934—1941 гадах па сумяшчальніцтве — навуковы супрацоўнік кабінета музыкі народаў СССР Маскоўскай кансерваторыі.

Пасля 1951 года звестак пра жыццё Здановіча няма.

Дзейнасць Удзельнік шматлікіх фальклорных экспедыцый. Збіральнік песень Берасцейшчыны. Па роду дзейнасці займаўся музычнай творчасцю розных народаў СССР, у 1939 годзе склаў метадычны дапаможнік па зборы фальклору. Песні ў запісе Здановіча неаднаразова выкарыстоўвалі беларускія кампазітары.

«Народныя песні Заходняй Беларусі» Яшчэ падчас вучобы ў аспірантуры Здановіч пачаў падрыхтоўку выдання «Народных песень Заходняй Беларусі». У 1931 годзе выйшаў першы выпуск — «Народныя песні мястэчка Сялец», які ўключаў 46 песень з нотамі, запісаных аўтарам у Маскве на слых ад сваёй маці — Ганны Восіпаўны. Тэксты заставаліся нязменнымі, тым часам як напевы маглі вар’іравацца. Спыненне далейшага выдання серыі, імаверна, звязана з расфарміраваннем ДІМН і яго зліццём з кансерваторыяй.

Зборнік выйшаў пад навуковай рэдакцыяй вядомага лінгвіста Паўла Растаргуева, які зафіксаваў у маўленні выканаўцы шэраг дыялектных асаблівасцей. Творы ў зборніку класіфікаваны па групах: любоўныя (26 песень, куды ўвайшлі таксама пятроўскія, жартоўныя і казацкія), сямейныя, рэкруцкія і салдацкія.

Аўтар адзначаў, што ў Сяльцы гэтыя песні называлі «бродэжкамі». Назва паказвала, што яны не былі звязаны з царкоўнай абраднасцю і іх спявалі ў любы час года: падчас працы, па дарозе дадому, а ўзімку — на вячорках. Здановіч заўважаў, што гэтыя песні паступова выціснуты гарадской культурай і пачалі забывацца. Асаблівую каштоўнасць маюць апісанні выканання, напрыклад, песні «Загневаны», якая была драматызаванай гульнёй з танцамі і чаргаваннем мужчынскіх і жаночых спеваў.

Іншыя працы Вялікую каштоўнасць мае зборнік «Русские народные песни» (1950), складзены ім на аснове калекцыі Дзяржаўнага рускага народнага хору імя М. Пятніцкага ў архіве кінафотафонадакументаў. Таксама ў 1939 годзе ў сааўтарстве з В. М. Крываносавым і Н. М. Уладыкінай-Бачынскай выдадзены зборнік «Киргизский музыкальный фольклор» .

Сачыненні Белорусские народные песни Гродненской губернии местечка Селец // Сборник работ этнографической секции. — Вып. 1. Труды Гос. Ин-та Муз. Науки. — М., 1926. — С. 52-67. Песни западной Белоруссии. — М. — Л., 1930. Народные песни местечка Селец (Западная Белоруссия). — М., 1931. Киргизский музыкальный фольклор (совм. с В. М. Кривоносовым и Н. М. Владыкиной-Бачинской). — М.-Л., 1939. Методическое пособие по сбору фольклора. — 1939. Русские народные песни. — М. — Л., 1950.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі Большая биографическая энциклопедия. 2009

Катэгорыя:Фалькларысты Беларусі Катэгорыя:Фалькларысты СССР Катэгорыя:Музыказнаўцы Беларусі Катэгорыя:Музыказнаўцы СССР