Маргарычта Ю́р’еўна Латышке́віч () — беларуская пісьменніца.
Выдала кнігу вершаў «Пульс навальніц» (2012), кнігу прозы «Яблыкі» (2016), кнігі вершаў і прозы «Наш дом» (2018), «Вараціш-гара» (электронная, 2019), «Там, дзе сэрца» (2020), кнігі аповесцяў «Уласны крыж» (2021) і «Вершнікі на дарозе» (2022). У 2020 годзе ў часопісе «Маладосць» выйшаў яе першы фэнтэзійны раман «Век людзей».
Біяграфія Улетку 2007 годзе скончыла гімназію № 1 у Брэсце і паступіла на філалагічны факультэт БДУ. У лютым 2010 года рэктар БДУ прызначыў ёй стыпендыю імя Кандрата Крапівы на 2-м семестры 4-га курсу. У 2011 годзе скончыла Філалагічны факультэт БДУ. У 2012 годзе скончыла магістратуру ў галіне філалогіі і працаўладкавалася ў Вучэбна-навуковую лабараторыю беларускага фальклору пры Філфаку БДУ. Адначасна паступіла ў аспірантуру БДУ, дзе на кафедры тэорыі літаратуры стала пісаць кандыдацкую дысертацыю на тэму паданняў у фантастыцы і казках, а таксама наадварот згадкі казак у фэнтэзі. Адна з яе публікацый тычылася граняў эстэтызацыі жорсткасці ў рамансе і фэнтэзі. У 2015 годзе скончыла аспірантуру БДУ і ўладкавалася рэдактаркай аддзелу прозы ў часопіс «Маладосць».
3 сакавіка 2020 года стала вядоўцай відэачасопіса «Бярозка». 27 ліпеня 2020 года стварыла «Блог прафесійнага чытача» ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. На 2022 год жыла ў Полацку (Віцебская вобласць), дзе працавала ў галіне распрацоўкі мабільных гульняў. Выйшла замуж за перакладчыка Яўгена Папакуля.
Сяброўка Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Узнагароды Лаўрэатка Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі «Найлепшы дэбют» (2017) за кнігу «Яблыкі».
Творчасць У сакавіку 2007 года ў 18-гадовым узросце змясціла ў часопісе «Маладосць» цыкл легенд «З народнай міфалогіі». У лістападзе 2007 года абнародавала тамсама вершы. На фестывалі «Лунінская восень» перамагла на конкурсе творчых і літаратурна-даследчых прац. У 2009 годзе стала дыпламанткай літаратурнага конкурсу «Паглядзі на Брэст над Бугам, колькі хараства», які ладзіла Брэсцкае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі. У лістападзе 2010 года ў часопісе «Маладосць» выйшла нізка яе вершаў «Трымаць руку на пульсе навальніц». На лістапад 2010 года друкавалася ў «Брэсцкай газеце» і часопісах «Бярозка», «Маладосць» і штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва». У 2011 годзе часопіс «Маладосць» змясціў фота Маргарыты Латышкевіч на сваю вокладку пры выданні чарговай нізкі яе вершаў. У 2012 годзе выдала кнігу паэзіі «Пульс навальніц» і яе творы ўвайшлі ў супольны зборнік «Мы — маладыя» (2012).
У жніўні 2013 года змясціла ў часопісе «Маладосць» цыкл вершаў «Рэха магутнага пачуцця». У верасні 2013 года яе творы ўвайшлі ў беларуска-рускі літаратурны альманах «Мост дружбы». 23 кастрычніка 2013 года перамагла на першым міжнародным конкурсе маладых пісьменнікаў «Мост дружбы». 25 кастрычніка пераможцаў узнагародзілі дыпломамі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. У 2013 годзе яе творы ўвайшлі ў супольны зборнік «Кахаць і верыць». 16 красавіка 2014 года стала лаўрэаткай у намінацыі «Паэзія» на Рэспубліканскім літаратурным конкурсе імя Максіма Багдановіча, які ладзілі Саюз пісьменнікаў Беларусі і Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва. У красавіку 2014 года ў часопісе «Маладосць» выйшла яе апавяданне «Радыёмаўчанне».
У 2015 годзе яе творы ўвайшлі ў супольны зборнік «Мой дзень пачынаецца». У ліпені 2016 года часопіс «Маладосць» абнародаваў цыкл яе вершаў «Люстра сну». Тамсама выйшла пара апавяданняў Леаніда Левіна ў яе перакладзе на беларускую. Таксама ў ліпені 2016 года яе апавяданні ўпершыню выйшлі ў часопісе «Полымя». У 2016 годзе выйшла яе першая кніга прозы «Яблыкі». 18 лютага 2017 года заняла 2-е месца на літаратурным конкурсе ў газеце «Звязда» за 2016 год з апавяданнем «У.» ад 6 кастрычніка 2016 года. У маі 2017 года выдала цыкл апавяданняў у часопісе «Полымя». 3 верасня 2017 года атрымала Нацыянальную літаратурную прэмію ў намінацыі «Найлепшы дэбют» за зборнік «Яблыкі» 2016 года.
У кастрычніку 2017 года абнародавала ў часопісе «Полымя» цыкл вершаў «Пад 300 кіль уражанняў». У 2017 годзе яе творы ўвайшлі ў альманах пераможцаў конкурсу «Першацвет». У 2018 годзе шэраг яе вершаў на сербскую пераклала Даяна Лазаравіч. У маі 2018 года абнародавала ў часопісе «Маладосць» аповесць «Вараціш-гара», а таксама выпусціла зборнік «Мінск назаўжды» супольна з 19 пісьменніцамі і пісьменнікамі ў межах фестывалю «Горад і кнігі». У зборніку Латышкевіч пераклала з расійскай апавяданні Міхаіла Валодзіна «Пліты крычаць, або Гісторыя пра мінскага Герадота», а таксама Яўгеніі Пастарнак і Андрэя Жвалеўскага «Цагліна перапоны». Сама ж змясціла ў зборніку апавяданне «Тры месяцы да вясны».
У 2018 годзе выдала зборнік прозы «Наш дом», які 23 студзеня 2019 года прадставіла ў Цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя Янкі Купалы ў Мінску. 9 лютага 2019 года прадставіла кнігу «Наш дом» на 28-й Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы. 16 сакавіка 2019 года выступіла на тэлеканале «Беларусь 3» у перадачы Навума Гальпяровіча «Суразмоўцы». У красавіку 2019 года перамагла на біяграфічным конкурсе «Слаўная кампанія: рэанімацыя» з жыццяпісам Яна Баршчэўскага «Цень крыжа на каляінах» і атрымала прэмію «За багатую вобразнасць у паказе жыцця героя на фоне часу».
12 верасня 2019 года перамагла на конкурсе апавяданняў газеты «Звязда» з «Казкай пра ваўка». У 2020 годзе абнародавала аповесць «Першая песня» ў некалькіх нумарах часопісу «Бярозка». У красавіку—лістападзе 2020 года ў часопісе «Маладосць» (№ 4—11) выйшаў першы фэнтэзійны раман Латышкевіч «Век людзей». Яго аздобіла мастачка Валерыя Дзяткова, якая працуе пад псеўданімам «Бестрамвайнасць». Памерам раман перавысіў 1,5 млн знакаў.
Крытыка 14 кастрычніка 2011 года галоўная рэдактарка часопісу «Маладосць» Таццяна Сівец адзначыла: «Як 50 гадоў таму выходзілі першыя кніжкі нашых сённяшніх класікаў, так мы спадзяемся, што кніжкі Маргарыты Латышкевіч, Ганны Федарук, Арцёма Кавалеўскага і іншых, каго друкуе сённяшняя „Маладосць“, калісьці будуць першымі нізкамі вядомых беларускіх аўтараў». У маі 2014 года ў часопісе «Маладосць» Ірына Шаўлякова падкрэсліла: «У аповедзе Маргарыты Латышкевіч „Радыёмаўчанне“… маем справу з „касмічнай операй“ практычна ў чыстым выглядзе, калі быць больш дакладным — з эпізодам патэнцыяльнай касмічнай — логіі. Тэматычная адметнасць твору звязаная з канцэнтраванай авантурнасцю фабулы: гэта своеасаблівы абразок з жыцця рабочых будняў касмічных кантрабандыстаў, што спецыялізуюцца на акарскім шоўку, сіліронскіх спецыях». Пры гэтым Шаўлякова адзначыла: «Фантастычна-авантурны апавяданне з амаль дасканалай кальцавой кампазіцыяй фінішуе як лірычна-медытацыйны абразок».
6 студзеня 2017 года ў газеце «Літаратура і мастацтва» Наста Грышчук змясціла творы Латышкевіч у рэйтынг найлепшых часопісных публікацый прозы за 2016 год: «У „Полымі“ спадарыня Маргарыта выступіла з кароткай формай: апавяданні „Інструкцыя для хворых“, „Муза“, „Піястры“, „Шчасце“, „Быць Каралевай“ (№ 7). Усе яны ўвайшлі ў дэбютны зборнік прозы „Яблыкі“. Маргарыта Латышкевіч глядзіць і на радасці чалавека, і на яго няўдачы з гумарам. Гэта дазваляе прыўзняцца над апісанай сітуацыяй, змяншае маштаб трагедыі ці шчасця, але ўсё на карысць: так на прадмет гаворкі можна паглядзець у цэлым, здалёк». 20 студзеня 2017 года Наста Грышчук зрабіла разгорнуты агляд яе кнігі: «Па вялікім рахунку, кніга Маргарыты Латышкевіч „Яблыкі“ якраз пра тое — пра свет дзяцей. Дзецям гэтым — ад 5 да 50 з гакам. Але незалежна ад узросту ўсе яны хочуць аднаго: самасцвердзіцца, быць шчаслівымі, любімымі, прызнанымі і прынятымі ў сваёй супольнасці. Але ўзрост навязвае свае правілы, і хітры ўнутраны голас падказвае: будзь сур’ёзны, будзь дзелавіты, рабі як усе, і ніхто не здагадаецца, што ты так і застаўся зарумзаным дзіцём з савочкам». Грышчук заўважыла, што «паэтычны зборнік… „Пульс навальніц“ і „Яблыкі“ лучыць нязменна аптымістычны і рамантычны погляд аўтара на свет. Аднак рамантычнасць тут не тоесная ружовым акулярам. Гэта хутчэй здольнасць прымаць чалавечыя слабасці. Вера ў тое, што чытач прызнае ў сабе крыўдлівае эгаістычнае дзіця і пасьмяецца разам з аўтаркай». Наста Грышчук таксама адзначыла: «Адметнасць прозы спадарыні Маргарыты — у дзвюх вызначальных рысах. Па-першае, гумар, які выступае адначасова павелічальным шклом, зброяй і абаронай. Смех, які часам даходзіць да гіпербалы і гратэску, дазваляе павялічыць дробныя рысы чалавечай натуры да памераў, неабходных для прэпарацыі. Перабольшваючы, ты даследуеш з’яву, не такую і заўважную ў штодзённасці. Гэты ж смех вынішчае негатыў: пасьмяяўшыся, прыкладам, з чужое сквапнасці, ты ўжо не зможаш усур’ёз абараняць гэту рысу ў самім сабе. … Другая адметнасць прозы Маргарыты Латышкевіч — знарочыстая простасць светаўспрымання». Надалей Грышчук падкрэсліла: «герой спадарыні Маргарыты паводзіцца нелагічна, пацешна, разам з тым — міла і кранальна. … супастаўленне „павінна“ і „ёсць“ у апавяданнях Маргарыты Латышкевіч адбываецца на двух узроўнях. Першы — вонкавы: персанажы чакаюць ад галоўнага героя адзін крок, а ён выдае зусім іншы. Другі ўзровень больш складаны і, адпаведна, камічны эфект ад яго большы: калі герой хоча зрабіць адно, а робіць зусім іншае, чаго вымагаюць пасада, узрост, гендэр і г. д. Ёсць яшчэ адно несупадзенне поглядаў, якое выклікае і смех, і роздум: гэта вайна светаў дарослага і дзіцячага». Урэшце Грышчук палічыла апавяданне «Зямля» за «самае глыбокае і самае „маштабнае“ тэматычна» ў кнізе і патлумачыла: «Яна распавядае выключна пра дзіцячую гульню. Усё галоўнае — па-за тэкстам. У гэтым палягае прыкмета вялікага таленту, які, маю спадзеў, яшчэ не раз дасць пра сябе ведаць».
7 красавіка 2017 года ў «Літаратуры і мастацтве» Алеся Лапіцкая і Наста Грышчук назвалі паэтычную цыкл Латышкевіч «Па лесвіцы з месяцовых промняў» лепшай публікацыяй у сакавіцкім нумары часопіса «Маладосць». Яны адзначылі, што «верш пра „кніжных дзяцей“… немінуча мусіць увайсці аднойчы ў зборнік вершаў М. Латышкевіч». 6 чэрвеня 2017 года ў «ЛіМе» Жанна Капуста заўважыла апавяданні Латышкевіч у майскім нумары часопіса «Полымя»: «Змешчаныя ў часопісе творы лёгка падзяляюцца паводле тэматыкі: пра дзяцей, але не зусім для дзяцей („Два літры мора“, „Доктар Ціханава“, „Пачатак восені“) і пра дарослых („Званіў“, „Раман з наёмнікам“). Жанна Капуста згадала, што гэтыя „творы могуць быць выдатнай ілюстрацыяй да артыкулаў па псіхалогіі“». 31 жніўня 2018 года ў газеце «Беларусь сёння» з’явіўся агляд на кнігу Латышкевіч «Наш дом», у якую ўвайшлі апавяданні і 2 аповесці ў жанры фэнтэзі. У 1-й аповесці эльфы «жывуць у пячорах, у лясным краі пад назвай Курганова Поле». У «Дзікім Гоне» курганны рыцар вартуе межы. У аглядзе таксама згадвалася разуменне Латышкевіч у апавяданнях, што «праблемы дзяцей не менш важныя, чым у дарослых, бо менавіта цяпер акрэсліваецца лёс, даюцца вартасці і заганы». Аглядальнік выказвае: «Уражанне, нібы пад адной вокладкай — тры кнігі». 20 верасня 2019 года пісьменніца Станіслава Умец у інтэрв’ю «ЛіМу» назвала сярод «цудоўных прыкладаў містычных твораў» у жанры фэнтэзі кнігу Латышкевіч «Наш дом».
У чэрвені 2020 года ў часопісе «Маладосць» Алена Кісель адзначыла пра кнігу Латышкевіч «Там, дзе сэрца»: «Гэты намер — пабачыць у кожным нешта нечаканае, адкрыць новае, напомніць чытачу пра ўнутранае хараство тых, сярод каго жывеш, — вельмі прыкметны ў зборніку». Алена Кісель падкрэсліла: «„Там, дзе сэрца“ сапраўды прыемна чытаць, таму што кніга не толькі выкарыстоўвае патэнцыял беларускай мовы, але і імкнецца пашырыць яе мастацкія магчымасці. Адсутнасць русізмаў, паўната лексікі, пэўныя аўтарскія новатворы — з моўнага боку; класічны строй вершаў з арыгінальнай і прыгожай рыфмоўкай і слушны „разлом“ вершаванага радка, інтанацыйная „лесвічка“ — з боку літаратурнага; нечаканасць і глыбіня сродкаў выразнасці — з абодвух бакоў. Асабліва звяртае на сябе ўвагу жаданне паэткі ажывіць з’явы і прадметы вакол сябе — з дапамогай метафараў, увасабленняў і параўнанняў».
Кнігі
Крыніцы
Спасылкі У сацыяльных сетках: У кантакце
Маргарыта Латышкевіч