LAPV Enok (LAPV — Light Armoured Patrol Vehicle, Лёгкабраніраваная патрульная машына; Enok з нямец. — «янотападобны сабака») — нямецкі бронеаўтамабіль. Распрацаваны кампаніяй Armored Car System (ACS) у 2005 годзе. Створаны на базе вайсковай версіі Mercedes-Benz G-класа. Стаіць на ўзбраенні Бундэсвера і падраздзяленняў паліцыі некалькіх краін.
Апісанне LAPV Enok мае два варыянты выканання: першы — «пікап», прызначаны для перавозкі трох байцоў і габарытных грузаў масай да 1,0 тоны; другі — цалкам браніраваны, для перавозкі пяці байцоў. Браніраванне машыны забяспечвае абарону ўзроўню 2 па STANAG 4569 — браня вытрымлівае кулю БЗ патрона 7,62×39 мм, падрыў міны масай зарада 6 кг ВР і падрыў 155 мм АФС на дыстанцыі 80 метраў. Абазначэнні «5.4» і «6.1» (яго больш позняя версія называецца «6.2») адлюстроўваюць агульную масу машын — напрыклад, для «LAPV 6.1» яна складае 6,1 тоны.
Рухавік: OM642 — шасціцыліндравы, дызельны, вадкаснага астуджэння, з турбанаддзіманнем, інтэркулерам і ўпырскам Common-rail. Магутнасць — 135 кВт (184 к.с.). Трансмісія: W5A 580 — пяціступеньчатая, аўтаматычная. Паліўны бак умяшчае 95 літраў, што забяспечвае запас ходу 600 км.
«Enok 5.4» створаны на базе Mercedes-Benz G-класа ўтылітарнай серыі W461. «Enok 5.4» мае масты з блакіроўкамі дыферэнцыялаў. Падвеска — на вінтавых спружынах і газавых амартызатарах. Колы з пазадарожнымі шынамі маюць «run-flat» устаўкі, якія нават пасля праколу дазваляюць праехаць да 30 км з максімальнай хуткасцю 50 км/г. Памер дыскаў — 75JX17.5. «Enok 6.1» адрозніваецца ад яго галоўным чынам шасі з партальнымі восямі, аналагічнымі G63 AMG 6x6. Яшчэ адной асаблівасцю былі спецыяльныя разборныя дыскі, так званыя «Бедлок». Яны маюць прышрубаванае вонкавае кольца вобада, з дапамогай якога шына фіксуецца на дыску.
У якасці ўзбраення можа ўсталёўвацца кулямёт MG3, гранатамёт HK GMG або аналагічныя кулямёты і станковыя гранатамёты. Бронеаўтамабіль таксама здольны буксіраваць лёгкія прычэпы, напрыклад — палявая кухня, лёгкая зенітная гармата або мінамёт.
Прыдатны для перавозкі транспартнымі верталётамі CH-53 і CH-47.
Характарыстыкі Мадэль Enok 5.4https://web.archive.org/web/20191017113317/https://www.acs-armoured-cars.com/schutzpanzerloesungen/enok-lapv-5-4 Enok 6.2https://web.archive.org/web/20191017131206/https://www.acs-armoured-cars.com/schutzpanzerloesungen/enok-lapv-6-2 Магутнасць 135 кВт пры 3800 аб/хв Габарыты даўжыня 4709 мм 4968 мм шырыня (без уліку люстэрак) 2064 мм 2120 мм вышыня 2060 мм 2312 мм Колавая база 2850 мм Радыус павароту 14 м Макс. хуткасць 120 км/г
Абсталяванне і зброя Патрульны варыянт бронеаўтамабіля Enok 5.4 мае на даху баявога аддзялення турэль для ўсталявання кулямёта. У лік бартавога абсталявання ўваходзяць сістэмы GPS-навігацыі, спадарожнікавай сувязі , электроннага процідзеяння CG-12, а таксама вайсковая інфармацыйна-кіравальная сістэма Führungs- und Informationssystem des Heeres (FüInfoSysH). Яе працоўнай станцыяй выступае ноўтбук Rocky III, замацаваны паміж сядзеннямі. Калі ноўтбук згорнуты, сістэмай кіруе планшэт усталяваны на пярэдняй панэлі перад сядзеннем пярэдняга пасажыра.
У адрозненне ад патрульнай машыны, аўтамабілі вайсковай паліцыі не маюць узбраення. Знешне іх можна пазнаць па падвойным пробліскавым маячку DBS 2000 з гучнагаварыцелем на даху, а таксама двух пробліскавых маячках спераду. Акрамя таго, у задняй частцы тэнта ёсць маленькае акенца для інфармацыйнага табло. Камунікацыйнае абсталяванне ўключае радыёсістэму з дзвюма УКХ-радыёстанцыямі SEM 80/90, спадарожнікавай сувяззю Inmarsat BGAN Explorer 727 SATCOM і вайсковую інфармацыйна-кіравальную сістэму FüInfoSysH. Зарадная прылада для партатыўнай рацыі Kenwood TK-2140D размешчана ў задняй частцы цэнтральнай кансолі.
Машыны каманд абясшкоджвання выбухованебяспечных прадметаў маюць грузавы адсек з жорсткім верхам. У гэтым адсеку знаходзяцца скрыні для захоўвання спецыяльнага сапёрнага інструменту. Сярод іншага, ёсць робат-маніпулятар PackBot 510, аналізатар MH 5, дэтэктары VMR-3 і CEIA, прылада абясшкоджвання боепрыпасаў RE 70 і касцюм сапёра Med-Eng EOD 9. У машынах размініравання толькі два месцы. За сядзеннем кіроўцы месцяцца скрыня для рэчаў і дадатковая скрыня для захоўвання рыштунку. У задняй правай частцы салона размешчана абсталяванне сувязі. Як і на патрульнай машыне, ёсць турэль для кулямёта.
Машыны кіналагічнай службы маюць поўнасцю абаронены грузавы адсек. У адсеку размешчаны дзве клеткі для службовых сабак. Пад імі знаходзіцца шуфляда для захоўвання рыштунку, напрыклад, ашыйнікаў, наморднікаў, павадкоў, сабачага корму і дзвюх 5-літровых бутэлек з вадой для сабак і 20 літраў вады для экіпажа з двух чалавек. Яшчэ адна скрыня з рыштункам перавозіцца на даху аўтамабіля.
Enok 6.1 можа быць абсталяваны лёгкім дыстанцыйна-кіраваным баявым модулем , які звычайна ўзброены кулямётам MG3A1T.
Эксплуатанты Першыя машыны былі перададзены Бундэсверу для выпрабаванняў у 2009 годзе. Станам на красавік 2022 года Бундэсвер меў на ўзбраенні 221 аўтамабіль.
Машына знаходзіцца на ўзбраенні Аўстрыі, Чэхііhttps://www.czdefence.cz/clanek/lehka-utocna-vozidla-modernizace-vozoveho-parku-ceskych-vysadkaru, Германіі, Фінляндыі і Чарнагорыі.
Крыніцы
Спасылкі
Катэгорыя:Аўтамабілі 2010-х Катэгорыя:Аўтамабілі 2000-х Катэгорыя:Аўтамабілі, прадстаўленыя ў 2009 Катэгорыя:Бронеаўтамабілі паводле алфавіта Катэгорыя:Бранятэхніка Германіі