17 сакавіка 2023 года Міжнародным крымінальным судом (МКС) у Гаазе быў выдадзены ордар на арышт прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна. У дачыненні да дзеючага прэзідэнта Расіі былі вылучаны абвінавачванні ў ваенным злачынстве — незаконнай дэпартацыі дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў Расію у ходзе ўварвання Расіі на Украіну. Пуцін стаў трэцім дзеючым кіраўніком дзяржавы і першым з пастаянных членаў Савета Бяспекі ААН, арышту якога запатрабаваў МКС. Да яго МКС выстаўляў абвінавачванні супраць прэзідэнта Судана Амара аль-Башыра і кіраўніка Лівіі Муамара Кадафі.
Разам з Пуціным ордар на арышт быў выдадзены і на Упаўнаважанага пры Прэзідэнце Расійскай Федэрацыі па правах дзіцяці Марыю Львову-Бялову.
Як адзначыў Reuters, пасля выдачы ордара Пуціна і Львову-Бялову могуць арыштаваць і перадаць МКС у любой з 123 краін, якія ратыфікавалі Рымскі статут.
Перадгісторыя У 1998 годзе быў створаны Міжнародны крымінальны суд, асноватворным дакументам якога стаў Рымскі статут. Да 2023 года Рымскі статут ратыфікавалі 123 дзяржавы. У 2000 годзе Расія падпісала Рымскі статут, аднак так і не ратыфікавала яго. У 2016 годзе Расія выйшла з дагавора пра Міжнародны крымінальны суд пасля таго, як МКС прыраўняў расійскую анексію Крыма да акупацыі і ўзброенага канфлікту паміж Украінай і Расіяй. Украіна ў 2000 годзе таксама падпісала, але не ратыфікавала Рымскі статут, аднак яна ў 2015 годзе звярнулася ў МКС з просьбай расследаваць дзеянні Расіі на сваёй тэрыторыі, бо такая магчымасць была прадугледжана Рымскім Статутам для краін, якія падпісалі статут.
4 лютага 2015 года Вярхоўная Рада Украіны звярнулася да МКС для расследавання злачынстваў супраць чалавечнасці, учыненых на ўкраінскай тэрыторыі пачынаючы з 20 лютага 2014 года. Украінскія парламентарыі хацелі прыцягнуць да адказнасці «вышэйшых службовых асоб Расійскай Федэрацыі і кіраўнікоў тэрарыстычных арганізацый „ДНР“ і „ЛНР“». Украіна заяўляла, што Расіяй і «падтрыманымі ёю баевікамі» былі анексаваныя Крым і Севастопаль і акупаваныя часткі Данецкай і Луганскай абласцей.
Пасля ўварвання Расіі на Украіну Генеральная Асамблея ААН прыняла рэзалюцыі ES-11/1 і ES-11/2, якія патрабуюць неадкладнага вываду расійскіх войск з УкраіныHumanitarian consequences of the aggression against Ukraine : resolution / Итоги голосования. Цифровая библиотека ООН, № 3965954. 2022-03-24.. Да гэтага Савет Бяспекі ААН перадаў Асамблеі права прыняцця пастановы па канфлікце, уключаючы пастанову пра ваенную інтэрвенцыю сіламі ААН (рэзалюцыя 2623). 16 сакавіка 2022 года Міжнародны суд ААН запатрабаваў ад Расіі неадкладна спыніць ваенныя дзеянні ва Украіне.
У красавіку 2022 года 42 дзяржавы, якія ўдзельнічаюць у працы МКС, звярнуліся да арганізацыі з просьбай расследаваць ваенныя злачынствы ва Украіне.
Дэпартацыя ўкраінскіх дзяцей у Расію Паводле звестак на лістапад 2022 года, з Украіны ў Расію вывезлі ад 300 тысяч (паводле версіі ўкраінскага боку) да 705 тысяч (паводле версіі расійскага боку) дзяцей. Дзяцей падвяргаюць гвалтоўнаму ўсынаўленню, русіфікацыі і змене ўсіх іх асабістых даных.
Расійскія ўлады вывозяць як дзяцей-сірот, так і дзяцей, у якіх ёсць бацькі. У прыватнасці, сотні ўкраінскіх дзяцей былі адпраўленыя з Херсона ў расійскія лагеры адпачынку, у шэрагу выпадкаў без дазволу бацькоў або ў выніку ціску на бацькоў. Бацькі не атрымліваюць інфармацыю пра цяперашняе месцазнаходжанне сваіх дзяцей, ім адмаўляюць у вяртанні дзяцей.
30 мая прэзідэнт РФ Пуцін спрасціў выдачу расійскага грамадзянства ўкраінскім дзецям-сіротам. Міністэрства замежных спраў Украіны падкрэсліла, што гэтым «Пуцін фактычна ўзаконіў выкраданне дзяцей».
Міжнароднае права З пункту гледжання міжнароднага права гвалтоўная дэпартацыя непаўналетніх лічыцца злачынствам супраць чалавечнасці:
Згодна «Жэнеўскай канвенцыі 1949 года аб абароне грамадзянскага насельніцтва падчас вайны», акупанты не маюць права мяняць грамадзянскі статус дзяцей; Расія таксама парушыла артыкул 7 Канвенцыі ААН аб правах дзіцяці, які гарантуе права дзяцей на імя і на набыццё грамадзянства; У артыкуле II Канвенцыі аб папярэджанні злачынства генацыду і пакаранні за яго 1948 года адзначана, што «гвалтоўная перадача дзяцей з адной чалавечай групы ў іншую» з’яўляецца актам генацыду; Расія ратыфікавала Канвенцыю аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод, згодна з якой «ніхто не можа быць высланы ні ў індывідуальным, ні ў калектыўным парадку з тэрыторыі дзяржавы, грамадзянінам якой ён з’яўляецца». У Расіі Канвенцыя і пратаколы да яе дзейнічалі да 6 сакавіка 2022 года.
Камісія ААН ахарактарызавала дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей як ваеннае злачынства.
Расійскае заканадаўства Паводле ацэнкі расійскага юрыста Сяргея Макаранкі, дзеянні Пуціна можна кваліфікаваць у адпаведнасці з часткамі 1 і 2 артыкула 353 КК РФ як планаванне, падрыхтоўка, развязванне і вядзенне агрэсіўнай вайны. Юрыст таксама адзначыў, што заяўленыя Пуціным мэты вайны не адпавядаюць артыкулу 10 Федэральнага закона «Аб абароне», які апісвае прычыны, па якіх узброеныя сілы могуць быць выкарыстаны за мяжой.
Згодна з раздзелам № 75 па міжнародным гуманітарным праве для Узброеных Сіл Расіі ад 2001 года, «дэпартацыя грамадзянскага насельніцтва з акупаванай тэрыторыі на тэрыторыю іншай дзяржавы забараняецца».
Праблема прыцягнення Пуціна да крымінальнай адказнасці Хаця ў кіраўнікоў дзяржаў няма судовага імунітэту для МКС, працэдура прыцягнення да крымінальнай адказнасці з’яўляецца вельмі складанай. Першы пракурор МКС Луіс Марэна Акампа з гэтай нагоды адзначаў: «калі б МКС хацеў расследаваць ролю Пуціна, ім давялося б даказаць ягоную персанальную віну. Складана прыцягнуць Пуціна да забойства канкрэтнага мірнага жыхара ці нават абстрэлу бальніцы, таму што складана даказаць, што ён меў непасрэднае дачыненне да гэтага». У чэрвені 2022 года Марэна Акампа казаў, што найбольш просты спосаб прыцягнуць Пуціна да адказнасці — гэта расследаваць злачынствы супраць чалавецтва, а менавіта — вымушанае перамяшчэнне людзей, бо ў выніку расійскага ўварвання ва Украіну з’явіліся мільёны бежанцаў.
Паколькі Міжнародны крымінальны суд не выносіць завочных прысудаў, абвінавачаны павінен асабіста прысутнічаць у судзе ў Гаазе. Эксперты сыходзяцца ў меркаванні, што пакуль у Расіі дзейнічае існуючы рэжым, прысуды ў дачыненні да высокапастаўленых асоб наўрад ці магчымыя. Ордар на арышт таксама не гарантуе таго, што Пуціна перададуць МКС пры яго выездзе ў краіны-члены МКС.
Візіты Пуціна ў краіны-члены МКС Візіт у ПАР (ліпень 2023)
У ліпені 2023 года Пуцін адмяніў асабісты візіт у ПАР для ўдзелу ў саміце БРІКС, паколькі Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка ўваходзіць у лік краін, якія падпісалі Рымскі статут, што накладвае на яе абавязацельства выконваць пастановы МКС. На саміце Расію прадстаўляў Сяргей Лаўроў. Пуцін удзельнічаў у фармаце відэаканферэнцсувязі.
Візіт у Манголію (верасень 2024)
У верасні 2024 года Пуцін прыбыў у Манголію на запрашэнне прэзідэнта краіны Ухнаагійн Хурэлсуха. Манголія з’яўляецца членам МКС і прызнае яго юрысдыкцыю. Аднак арышту расійскага кіраўніка не адбылося: улады Манголіі аргументавалі гэта энергетычнай залежнасцю і палітыкай нейтралітэту.
Рэакцыі Расія
Рэакцыя прадстаўнікоў расійскіх уладаў аказалася бурнай і эмацыянальнай, нягледзячы на тое, што яны заяўлялі, што рашэнне МКС для Расіі «юрыдычна нікчэмнае».. Паводле слоў прэс-сакратара Крамля Дзмітрыя Пяскова і афіцыйнага прадстаўніка МЗС РФ Марыі Захаравай, рашэнні суда з пункту гледжання права ў РФ з’яўляюцца «нікчэмнымі». Марыя Львова-Бялова, каментуючы свой ордар, заявіла: «Выдатна, што міжнародная супольнасць ацаніла працу па дапамозе дзецям нашай краіны». Намеснік старшыні Савета бяспекі РФ Дзмітрый Мядзведзеў напісаў: «Не трэба тлумачыць, як выкарыстоўваць гэтую паперу [ордар]», далучыўшы да паста эмодзі туалетнай паперы. Першы намеснік старшыні Міжнароднага камітэта Савета Федэрацыі Уладзімір Джабараў заявіў, што было б «нядрэнна», калі б Басманны раённы суд выдаў ордар на арышт членаў МКС у поўным саставе.
Галоўны рэдактар RT Маргарыта Сіманьян заявіла: «Хацела б я паглядзець на краіну, якая па рашэнні Гаагі арыштуе Пуціна. Хвілін праз восем. Ці колькі там складзе падлётны час да яе сталіцы». Старшыня Дзяржаўнай думы Вячаслаў Валодзін параіў «янкі» прыбраць прэч рукі ад расійскага прэзідэнта, зноў працытаваўшы сваю раней сказаную фразу «Ёсць Пуцін — ёсць Расія».
Разам з тым расійскія апазіцыйныя палітыкі, такія як Леанід Волкаў і Уладзімір Мілоў, віталі рашэнне МКС.
19 сакавіка 2023 года Уладзімір Пуцін нечакана наведаў Марыупаль, што было расцэнена The Guardian як акт непадпарадкавання ў адказ на ордар на яго арышт.
Следчы камітэт Расіі распачаў крымінальную справу ў дачыненні да пракурора і суддзяў Міжнароднага крымінальнага суда (МКС) у Гаазе. У Расіі пракурора МКС Карыма Хана западозрылі ў злачынствах, прадугледжаных артыкуламі ч. 2 арт. 299 КК РФ (прыцягненне заведама невінаватага да крымінальнай адказнасці, злучанае з незаконным абвінавачваннем у здзяйсненні асабліва цяжкага злачынства) і ч. 1 арт. 30 КК РФ, ч. 2 арт. 360 (падрыхтоўка да нападу на прадстаўніка замежнай дзяржавы, які карыстаецца міжнароднай абаронай, з мэтай ускладнення міжнародных адносін). Следчы камітэт таксама апублікаваў заяву, згодна з якой «ніякіх падстаў для прыцягнення да крымінальнай адказнасці Уладзіміра Пуціна няма». У дакуменце таксама сцвярджаецца, што для кіраўнікоў дзяржаў прадугледжаны абсалютны імунітэт у адпаведнасці з Канвенцыяй ААН, прынятай у 1973 годзе.
21 сакавіка прадстаўнік РФ у ААН Васіль Небензя заявіў пра жаданне Расіі правесці нефармальнае пасяджэнне СБ ААН, для таго, каб паказаць, што пытанне гвалтоўна адпраўленых у Расію ўкраінскіх дзяцей «раздутае». Ён адзначыў, што, вывозячы дзяцей, РФ хацела выратаваць іх ад небяспекі, якая ім пагражала на тэрыторыях, дзе праходзілі баявыя дзеянні. Таксама Небензя заявіў, што Расія гатова вярнуць дзяцей, як толькі будуць створаныя бяспечныя ўмовы.
Намеснік кіраўніка Савета Бяспекі Расіі Дзмітрый Мядзведзеў пасля заявіў, што спробы судзіць прэзідэнта ядзернай дзяржавы выклічуць жахлівыя наступствы для міжнароднага права, прыстрашыўшы пры гэтым нанесці па будынку суда ў Гаазе ўдар ракетай «Онікс». Пазней Дзмітрый Мядзведзеў паведаміў, што любая спроба арыштаваць Уладзіміра Пуціна будзе раўнасільная абвяшчэнню вайны Расійскай Федэрацыі.
У адказ на заявы расійскіх чыноўнікаў Прэзідыум Асамблеі дзяржаў-удзельніц МКС выказаў шкадаванне наконт «пагроз» супраць Міжнароднага крымінальнага суда і мер, абвешчаных супраць пракурора МКС і суддзяў.
Расія перасцерагла Арменію ад ратыфікацыі дагавора з Міжнародным крымінальным судом, планы аб якой абвясцілі ўлады краіны. Паводле паведамлення МЗС РФ, гэта недапушчальна на фоне «нядаўніх незаконных і юрыдычна нікчэмных ордараў МКС у дачыненні да расійскага кіраўніцтва». МЗС РФ папярэдзіў пра вельмі негатыўныя наступствы ў выпадку ратыфікацыі.
Украіна
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў: «Гістарычнае рашэнне, з якога пачнецца гістарычная адказнасць. < … > Ажыццявіць такую злачынную аперацыю было б немагчыма без загаду вышэйшага кіраўніка дзяржавы-тэрарыста». Іншыя ўкраінскія афіцыйныя асобы таксама адзначылі справядлівасць такога рашэння.
Захад