Першае беларускае таварыства драмы і камедыі, Першае таварыства беларускай драмы і камедыі, Беларускае таварыства драмы і камедыі — існавала ў красавіку 1917 — сярэдзіне 1920 года ў Менску. За часамі Беларускай Народнай Рэспублікі мела статус Дзяржаўнага тэатра.
Узнікла з ініцыятывы Фларыяна Ждановіча, Ігната Буйніцкага, Усевалада Фальскага і іншых дзеячаў перыяду станаўлення беларускага тэатра. Кіраўнік і рэжысёр Фларыян Ждановіч. У трупе працавалі: Уладзіслаў Галубок, Генрых Грыгоніс, Аляксандр Ільінскі, Антук Крыніца, Лідзія Ржэцкая, Кацярына Міронава, Мікалай Міцкевіч і іншыя. Тэатр гастраляваў па Беларусі.
Адкрылася 23 красавіка 1917 года спектаклямі «Паўлінка» Янкі Купалы і «У зімовы вечар» паводле Элізы Ажэшкі ў памяшканні Мінскага гарадскога тэатра. Потым працавала ў клубе «Беларуская хатка». У таварыства ўваходзілі ўдзельнікі драматычных гурткоў, хор (кіраўнік Уладзімір Тэраўскі), танцавальная група (кіраўнік Часлаў Родзевіч) і аркестр народных інструментаў (кіраўнік Дзмітрый Захар). У рэпертуары тэатра былі: «Раскіданае гняздо», «Паўлінка», «Прымакі» Янкі Купалы, «Антось Лата» Якуба Коласа, «Пінская шляхта» Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, «Хам», «Рысь» Элізы Ажэшкі, «Модны шляхцюк» Каруся Каганца, «Кветка папараці» Канстанцыі Буйло, «Бязвінная кроў», «Апошняя сустрэча» Уладзіслава Галубка, «Пашыліся ў дурні» Марка Крапіўніцкага, «Міхалка» Далецкіх, «Сватанне» Антона Чэхава і інш. Калектыў развіваўся на прафесійнай аснове і ў сваёй дзейнасці абапіраўся на народныя традыцыі Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага. Пасля спектакляў звычайна наладжваліся дэкламацыі, выконваліся народныя танцы і песні. Трупа выязджала на гастролі ў розныя гарады Беларусі.
У траўні 1918 года трупа рэарганізавана ў Беларускі дзяржаўны тэатр (Тэатр Беларускай Народнай Рэспублікі). У ліпені 1918 года загадчыкам рэпертуару тэатра прызначаны Францішак Аляхновіч. Сядзіба тэатра знаходзілася ў Беларускім народным доме імя Максіма Багдановіча, адкрытым у маі 1918 года.
Улетку 1920 года тэатр быў расфарміраваны. На аснове яго творчага калектыву былі створаныя 1-ы Беларускі дзяржаўны драматычны тэатр (БДТ-1, з 1945 года тэатр імя Янкі Купалы) і перасоўны тэатр пад кіраўніцтвам Уладзіслава Галубка (з 1932 года — 3-і Беларускі дзяржаўны драматычны тэатр, БДТ-3).
Таварыства адыграла важную ролю ў культурным жыцці Беларусі, у станаўленні беларускага прафесійнага тэатральнага мастацтва.
Іншыя ўдзельнікі Першага беларускага таварыства драмы і камедыі Пралеска Рамуальд Жакоўскі Вера Тарасік Люба Тарасік Лідзія Навахацкая Янка Беларус Ася Стрэльніцкая
Крыніцы
Літаратура Атрошчанка А. Таварыства драмы і камедыі — Літаратура і мастацтва, № 3. 1958, 8 студзеня. Атрошчанка А. Фларыян Ждановіч. — Мн., 1972.
Няфёд У. Гісторыя беларускага тэатра. — Мн., 1982. Рамановіч Я. Рэкі цякуць з ручаёў. — Мн., 1969. Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1—2. — Мн., 1983—1985.
Катэгорыя:Гісторыя тэатра Беларусі Катэгорыя:1917 год у Мінску