Хуан Луіс Бейгбедэр-і-Ацьенса (; 31 сакавіка 1888 — 6 чэрвеня 1957) — іспанскі ваенны і дзяржаўны дзеяч эльзаскага паходжання, міністр замежных спраў Іспаніі (1939—1940).

Біяграфія Скончыў Інжынерную акадэмію Гвадалахары. На працягу шаснаццаці гадоў служыў у Марока. Удзельнічаў у Другой Мелільскай кампаніі і Рыфскай вайне.

У 1910-я гады разам з карыкатурыстам Антоніа Готам падрыхтаваў даведнік па Тэтуану.

У 1915 годзе ажаніўся з Марыяй Федрыяні-і-Марцінам Эсперанса.

У 1926—1934 гадах працаваў ваенным аташэ пры пасольствах Іспаніі ў Парыжы і Берліне. Пасля займаў розныя пасады ў адміністрацыі Іспанскага Марока.

У ліпені 1936 года прыняў удзел у дзяржаўным перавароце, з якога пачалася грамадзянская вайна ў Іспаніі. Узначаліў Дэлегацыю па справах карэнных народаў. Дзякуючы дзеянням Бейгбедэра нацыяналісты заручыліся падтрымкай мараканцаў. Адначасна ён прадухіліў масавыя хваляванні пасля бамбардзіроўкі Тэтуана рэспубліканскай авіяцыяй. Дамовіўся з ваенным аташэ Германіі ў Парыжы генералам Кюленталем і консулам Італіі ў Танжэры Джузэпэ Лукардзі аб аказанні дапамогі пры перакідцы паўстанцкіх войск з Марока ў Іспанію.

У красавіку 1937 года прызначаны вярхоўным камісарам Іспаніі ў Марока.

У жніўні 1939 года Франсіска Франка па прапанове свайго швагра Рамона Серана Суньера прызначыў Бейгбедэра міністрам замежных спраў.

У кастрычніку 1940 года ён быў адпраўлены ў адстаўку. Адной з прычын сталі чуткі пра стасункі з грамадзянкай Вялікабрытаніі Разаліндай Фокс, якая была агентам спецслужбаў.

У 1943 годзе быў прызначаны ваенным аташэ пры пасольстве Іспаніі ў Вашынгтоне.

У культуры Бейгбедэр сустракаецца ў рамане 2009 года «Час паміж швамі» Марыі Дуеньяс, дзеянні якога часткова адбываюцца ў міжнароднай зоне Танжэр і ў Тэтуане.

Узнагароды Кавалер Вялікага крыжа ордэна Святога Лазара Іерусалімскага (1940) Халіфійскі ордэн «За заслугі»

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі El general Beigbeder

Катэгорыя:Міністры замежных спраў Іспаніі Катэгорыя:Удзельнікі грамадзянскай вайны ў Іспаніі (франкісты) Катэгорыя:Генералы Іспаніі Катэгорыя:Члены Іспанскай фалангі