Не́шчарда, Няшчэрда — возера ў Расонскім раёне Віцебскай вобласці, у басейне ракі Дрыса, за 12 км у напрамку на ўсход ад гарадскога пасёлка Расоны. Адметнае самай доўгай сярод азёр Беларусі берагавой лініяй (50,18 км).
Назва На думку Т. І. Сінкевіч, фармант назваў азёр Нешчарда, Няшчэрда, Невядро фінамоўнага паходжання і ўзыходзіць да геаграфічнага тэрміна «возера»Т. І. Сінкевіч. Славянскія, балцкія і фіна-угорскія фарманты ў назвах азёр Віцебшчыны // Веснік Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Серыя 4. Мінск, 1999. № 1. С. 54..
Корань Skard- у літоўскіх гідронімах тыпу Skardis, Skardžius, Skardelis, Skard-upis. Ад літоўскага skardis «круты схіл, бераг», skardyti «адсякаць, адразаць, аддзіраць»A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 301..
З дапамогай прыстаўкі Ne- аформленыя назвы задзвінскіх азёр Нявежа, Няклея, Нядружна і іншых. Яна ж у літоўскіх гідронімах тыпу Nestrėvis «Нецякучае (возера)» (ад strėvus «плыткі, цякучы»)A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 229..
Апісанне Плошча паверхні возера 24,62 км². Даўжыня 12,05 км, найбольшая шырыня 4,72 км, даўжыня берагавой лініі 50,18 км. Найбольшая глыбіня 8,1 м, сярэдняя — 3,4 м. Аб’ём вады ў возеры 84,72 млн м³.
Катлавіна возера падпруднага тыпу і адрозніваецца складанай будовай, аб чым сведчыць найбольш выцягнутая сярод азёр Беларусі звілістая берагавая лінія (даўжыня 50,18 км), а таксама мноства заліваў і 2 вострава. Берагі амаль на ўсім працягу нізкія, забалочаныя і пакрытыя кустамі; на асобных участках паўднёва-ўсходняй і ўсходняй частцы сплавінныя. Толькі на поўначы і поўдні да возера набліжаюцца марэнныя пагоркі вышынёй да 10—15 м.
Найбольшыя глыбіні возера знаходзяцца па цэнтры абодвух плёсаў, на якія возера дзеліцца вузкім перашыйкам. Найбольшая глыбіня (8,1 м) знаходзіцца ў паўночным плёсе, у той час як у паўднёвым не сустракаецца глыбінь больш за 7 м.
Шэсць ручаёў і рака Атлайская ўпадаюць у возера. З возера выцякае рака Нешчарда. Пратокамі злучана з азёрамі Доўгае, Круглае і Межна.
Экалогія Возера эўтрофнае. Агульная плошча зарастання возера невялікая — 22 %, што тлумачыцца нізкай празрыстасцю вады і вузкай літараллю. Асноўную долю ў зарастанні граюць паўпагружаныя віды, такія як трыснёг, чарот, маннік водны. Расліннасць з плаваючым лісцем шырока распаўсюджаная ў атуленых і мелкаводных залівах паўночнага плёса.
Іхтыяфаўна возера ляшчова-судаковага тыпу. Водзяцца лешч, судак, шчупак, плотка, гусцяра, вугор, сазан, язь, краснапёрка. Вадаём перыядычна зарыбляецца. Вядзецца прамысловая лоўля рыбы.
У гісторыі і культуры На беразе возера выяўлены археалагічныя помнікі Старыца — два гарадзішчы. На месцы гарадзішчы-2 — Гарадок — пасля захопу Полацка ў 1563 годзе загадам вялікага князя маскоўскага Івана IV пабудавалі крэпасць Нешчарду, якую пасля вызвалення Полацка ў 1579 годзе ўзялі і зруйнавалі вялікалітоўскія войскі.
У фальварку Мурагі каля возера нарадзіўся пісьменнік Ян Баршчэўскі. На беразе возера яму пастаўлены помнік.
На паўднёвым беразе возера знаходзіцца сядзіба пана Завальні са зборніка «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» Баршчэўскага. Таксама аўтар прыводзіць паданне пра горад, што нібыта знаходзіўся на паўвыспе на паўднёвым беразе возера, а цяпер, са слоў Баршчэўскага, у тым месцы знаходзяць старыя манеты, упрыгожанні і зброю. Паводле падання, горад быў знішчаны волатам Княжам, за што Бог пакараў усю яго дружыну чумой. Як піша аўтар, памяць пра гэтыя падзеі захавалася, і дагэтуль у тым месцы жыхарам вядомы курган з назвай Магіла Княжа.
Зноскі
Літаратура Блакітны скарб Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: Г. Пашкоў і інш. — Мн., 2007.
Ліст карты N-35-11. Выданне 1987 года. Стан мясцовасці на 1986 год.
Спасылкі
Общая характеристика озёр Витебской области // Справочник «Водные объекты Республики Беларусь» Морфометрические параметры озёр Витебской области // Справочник «Водные объекты Республики Беларусь»
Катэгорыя:Азёры Расонскага раёна Катэгорыя:Басейн Нешчарды