Дапаўне́нне ў беларускай мове — даданы член сказа, які абазначае аб’ект дзеяння ці праяўлення прыметы і паясняе выказнік ці іншыя члены сказа. Выражаецца назоўнікамі і займеннікамі ва ўскосных склонах, субстантываванымі часцінамі мовы, якія набываюць аб’ектнае значэнне, сінтаксічна непадзельнымі словазлучэннямі і сказамі.

Віды Адрозніваюць прамое і ўскоснае дапаўненне.

Прамое дапаўненне выражаецца назоўнікам ці займеннікам у вінавальным склоне без прыназоўніка, які адносіцца да пераходных дзеясловаў: Асыпае пялёсткі бялюткі сад (П. Прыходзька); Снег усё засыпаў густа, ахінуў, нібыта хусткай (К. Буйло). Прамым лічыцца таксама дапаўненне, якое стаіць у родным склоне без прыназоўніка і мае значэнне: часткі аб’екта: папрасіць чаю; часовага карыстання аб’екта: пазычыць солі; аб’екта пры пераходных дзеясловах з адмоўем не: не знаходзіць прытулку.

Ускосныя дапаўненні выражаюцца формамі вінавальнага склону з прыназоўнікамі, формамі іншых ускосных склонаў без прыназоўнікаў ці з прыназоўнікамі і маюць значэнне ўскоснага аб’екта: Вячэрні бор прапах жывіцай і выспелымі верасамі (А. Грачанікаў); Восень захінула ў хмары неба (П. Прануза).

Літаратура

Катэгорыя:Члены сказа