Маста́цкія ткані́ны — від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, ткацкія вырабы ручной ці машыннай вытворчасці, якія вызначаюцца мастацкасцю арнаментацыі, прыгажосцю расфарбоўкі, высокім майстэрствам выканання.
Вырабляюць мастацкія тканіны з шарсцяных, ільняных, баваўняных, шаўковых, сінтэтычных нітак. Аздабляюць перапляценнем у працэсе ткацтва, набіваннем малюнка (набіванка), вышыўкай, батыкам, аплікацыяй і іншымі спосабамі. Выкарыстоўваюцца для вырабу адзення, аздаблення інтэр’ераў, мэблі і інш.
Характар мастацкага афармлення мастацкіх тканін абумоўліваецца іх прызначэннем, матэрыялам, тэхнічнымі магчымасцямі выканання. Адлюстроўвае стылістычныя асаблівасці ў развіцці мастацтва розных часоў, нацыянальныя, этнічныя і іншыя асаблівасці і традыцыі.
Мастацкія тканіны вядомы з глыбокай старажытнасці. Высокай мастацкасцю з II тысячагоддзя да н.э. вызначаліся кітайскія і японскія (пераважна шаўковыя), індыйскія баваўняныя з набіўным арнаментам, іранскія і турэцкія шарсцяныя тканіны, вырабы народаў Закаўказзя і Сярэдняй Азіі, карункі, габелены, тканіны з Італіі, Францыі і іншых краін.
На тэрыторыі Беларусі мастацкія тканіны вядомы з XI—XIII стагоддзяў, калі ва ўжытак увайшлі ткацкія станкі (кросны) і пашырылася вышыўка.
У цяперашні час мастацкія тканіны падарункавага, сувенірнага, мастацкага характару, для аздаблення грамадскіх будынкаў, сцэнічных касцюмаў і спектакляў і іншых мэт вырабляюць самадзейныя майстры, мастакі-тэкстыльшчыкі, прадпрыемствы мастацкай і тэкстыльнай прамысловасці.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі Художественный текстиль. Термины. // Портал «Искусствовед» Непочелович А. И. Современный художественный текстиль в контексте развития декоративно-прикладного искусства // Сетевой электронный научный журнал «Вестник ГГУ». № 2, 2017.
Катэгорыя:Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Катэгорыя:Тканіны