Торфалячэ́нне, торфатэрапія — ужыванне торфу на лекавыя мэты, від гразелячэння. Як правіла, уваходзіць у склад комплекснай фізіятэрапіі, але можа быць і самастойным метадам лячэння.

Упершыню торфалячэнне пачалі выкарыстоўваць у пачатку XIX стагоддзя на курорце Францэнсбад (зараз Францішкаві-Лазнэ ў Чэхіі), а наяўнасць шматлікіх радовішчаў торфу садзейнічала шырокаму распаўсюджванню торфалячэння.

Торф, які выкарыстоўваецца ў лекавых мэтах, складаецца са згнілых раслінных і жывёльных рэшткаў і валодае процімікробным, антыакісляльным, процізапаленчым, ранагаючым і іншымі дзеяннямі. Звычайна выкарыстоўваюць торф, які адпавядае санітарна-гігіенічым патрабаванням, высокай (больш за 60 %) ступені раскладання і падагрэты да 42—52 °C. Працэдуры праводзяць пераважна так, як і іншыя працэдуры гразелячэння. Дзякуючы вялікай цеплаёмістасці, малой цеплаправоднасці і іншым уласцівасцям торфу, хворыя пераносяць торфалячэнне лягчэй, чым іншыя віды гразелячэння.

Выкарыстоўваюць торфалячэнне пры захворваннях і выніках траўмаў апорна-рухальнага апарату і нервовай сістэмы, хваробах палавых органаў, скуры, страўнікава-кішачнага тракту, дыхальнай сістэмы і іншых.

Крыніцы

Літаратура

Торф в медицине / С. Дамзе, А. Горняк, Я. Янковяк, А. Карский. — Ленинград : [б. и.], 1963. — 24 с.; 22 см. — (Доклады / Междунар. конгресс по торфу; 59).

Катэгорыя:Рэабіліталогія Катэгорыя:Бальнеалогія Катэгорыя:Альтэрнатыўная медыцына