Царква Сен-Жэрмэн-л’Аксеруа, таксама Царква Святога Германа Асерскага () — рымска-каталіцкая царква ў 1-й акрузе Парыжа насупраць палаца Луўр.
Названа ў гонар святога Германа, сярэднявечнага біскупа Асера, які стаў папскім легатам і сустракаў святую Жэнеўеву, заступніцу Парыжа, падчас сваіх падарожжаў.
Знаходзячыся ў непасрэднай блізкасці ад Луўра, яна была каралеўскай парафіяльнай царквой. Першапачатковы храм Меравінгаў VI стагоддзя быў разбураны нарманамі. Цяперашняя царква была пабудавана ў ХІІІ стагоддзі з сур'ёзнымі зменамі ў XV і XVI стагоддзях. У царкве знаходзяцца магілы многіх вядомых мастакоў і архітэктараў, якія працавалі над Луўрам.
У 1572 годзе гук званоў царквы Сен-Жэрмэн-л’Аксеруа абвясціў пачатак так званай Варфаламееўскай ночы, калі католікі забілі тысячы гугенотаў. Падчас Вялікай французскай рэвалюцыі інтэр'ер быў разбураны і храм ператвораны ў склад збожжа. Пасля пажару ў саборы Нотр-Дам у 2019 годзе рэгулярныя набажэнствы адтуль часова былі перанесены ў Сен-Жэрмэн-л’Аксеруа.
Катэгорыя:Каталіцкія храмы Парыжа Катэгорыя:I акруга Парыжа