Сяргей Аляксеевіч Белакураў (; , , Расійская імперыя — ) — расійскі царкоўны гісторык і археограф. Магістр (1891) і доктар царкоўнай гісторыі (1904). Член-карэспандэнт Пецярбургскай Акадэміі навук (1903).

Біяграфія У 1875 годзе скончыў Данское духоўнае вучылішча, а ў 1882 годзе — Маскоўскую духоўную семінарыю. У 1881 годзе па хадайніцтве прафесара Я. Я. Галубінскага атрымаў дазвол працаваць з дакументамі ў Маскоўскім галоўным архіве міністэрства замежных спраў, што дазволіла напісаць яму працу «Собрание патриархом Никоном книг с Востока». У 1882—1886 гадах вучыўся ў Маскоўскай духоўнай акадэміі, дзе пад кіраўніцтвам Я. Галубінскага вывучаў прынцыпы крыніцазнаўчага аналізу і метады працы з архіўнымі дакументамі. Пасля заканчэння акадэміі быў рэкамендаваны на службу ў Маскоўскі галоўны архіў, дзе і адпрацаваў амаль усё жыццё; быў начальнікам аддзялення рукапісаў. З 1887 года быў пастаянным членам Маскоўскага Таварыства гісторыі і старажытнасцей Расійскіх, публікаваў артыкулы і архіўныя дакументы ў «Чтениях в Императорском Обществе Истории и Древностей Российских», рэдактарам якіх ён быў з 1891 года; з 1887 года ён таксама быў членам-супрацоўнікам Растоўскага музея царкоўных старажытнасцей; з 1890 года быў ганаровым членам Варонежскай гісторыка-археалагічнай камісіі.

У 1891 годзе абараніў магістарскую дысертацыю «Арсений Суханов» аб вядомым царкоўным дзеячы сярэдзіны XVII стагоддзя. У сваім сачыненні ён падрабязна асвятліў падарожжа іераманаха Арсенія (Суханава) і адзначыў значэнне, якое мелі вынікі паездкі для ажыццяўлення выпраўлення богаслужэбных кніг, ініцыяваную патрыярхам Ніканам. Дысертацыя ў 1894 годзе была адзначана прэміяй мітрапаліта Макарыя, а затым — прэміяй Пецярбургскай акадэміі навук. Працягам гэтай працы стала манаграфія «О библиотеке московских государей в XVI столетии» (1898), у якой ён абгрунтавана адмаўляў сувязь грэчаскіх рукапісаў маскоўскіх збораў з легендарнай бібліятэкай Івана Грознага і не прызнаваў версію аб існаванні бібліятэкі ў тайніках Маскоўскага Крамля. За даследаванне аб царскай бібліятэцы ён атрымаў ступень доктара царкоўнай гісторыі ў 1904 годзе, пасля абароны дысертацыі ў Кіеўскай духоўнай акадэміі.

Навуковыя інтарэсы Займаўся галоўным чынам гісторыяй грамадскага і культурнага жыцця Расіі XVI—XVII стагоддзяў і культурныя ўзаемаадносіны са славянскмі краінамі, Украінай і Беларуссю. Аўтар даследавання пра харвацкага пісьменніка XVII стагоддзя Ю. Крыжаніча. Таксама ён займаўся гістарычнай картаграфіяй, і ў 1898 годзе склаў «Древнерусскую картографию», у якой была прадстаўлена падрабязная інфармацыя аб маскоўскіх планах XVII стагоддзя.

Археаграфічная праца Белакуравым быў апублікаваў шэраг каштоўных гістарычных крыніц, многія дакументы ён упершыню ўвёў у навуковае абарачэнне.

Атрымаўшы па завяшчанні архіў Галубінскага, ён падрыхтаваў да публікацыі працу свайго настаўніка «История Русской Церкви» (1900—1911, 2 тома), напісаў працы аб гісторыі маскоўскіх архітэктурных помнікаў і цэркваў, у тым ліку «Московский Кремль при царе Алексее Михайловиче» (1894), «О времени постройки Покровского (Василия Блаженного) собора в Москве» (1900), «О бывшей в Москве на Воздвиженке церкви Дмитрия Селунского» (1903); працы аб гісторыі манастыроў: «Преподобный Сергий Радонежский и Троице-Сергиева лавра в русской литературе» (1888) і «Афонские монастыри, их настоятели и братия в 1582 г.» (1897).

Сяргейй Белакураў з’яўляўся кіраўніком і рэдактарам шматлікіх выданняў: «Памятники дипломатических сношений Московского государства с Польско-Литовским государством» (1912—1913, 4—5 тамы), у якіх змешчаны дакументы Пасольскага прыказа за 1598—1615 гадах. У 1902 годзе апублікаваў «Краткую выписку о бывших между Польшею и Россиею переписках, войнах и перемириях». 1462–1565 гг. (Чтения в Императорском Обществе Истории и Древностей Российских за 1902 г. Книга IV. С. 9—12.).

Літаратура

Крыніцы

Катэгорыя:Гісторыкі XIX стагоддзя Катэгорыя:Гісторыкі XX стагоддзя Катэгорыя:Гісторыкі Расійскай імперыі Катэгорыя:Археографы Расійскай імперыі