Гродзенская мужчынская гімназія — колішняя сярэдняя навучальная ўстанова ў Гродне. Дзейнічала ў 1834—1915 гадах. Падпарадкоўвалася Віленскай навучальнай акрузе.
Гісторыя 16 жніўня 1833 года была зачынена дамініканская гімназія і на яе базе адкрыта Гродзенская губернская мужчынская гімназіяГродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы: Гістарычны нарыс / С. А. Габрусевіч, I.П. Крэнь, Гродзенскі дзяржауны ўніверсітэт імя Я. Купалы. — Гродна: ГрДУ, 2001. — 175 с.: іл. — ISBN 985-417-241-4: 4500.00..
3 студзеня 1834 года расійскі імператар зацвердзіў штаты гімназіі. 6 красавіка 1834 года адбылося яе ўрачыстае адкрыццё. Указам імператара ад 23 лістапада 1835 года Гродзенская мужчынская гімназія атрымала статус губернскай, а Свіслацкая была пераведзена ў павятовую. Дзейнічала як класічная гімназія з 8-гадовым тэрмінам навучання. Утрымлівалася за кошт дзяржаўных сродкаў, платы за навучанне і інш.
Гімназія месцілася ў будынку былой дамініканскай. Ён быў пераабсталяваны з улікам патрабаванняў, якія дыктаваліся задачамі, што ставіліся ўладамі перад гэтай навучальнай установай. Галоўная задача, як яе фармулюе Я. Ф. АрлоўскіОрловский Е. Ф. Исторический очерк Гродненской гимназии. — Гродно, 1901. C.31, зводзілася да закрыцця ў губерні сярэдніх школ з польска-каталіцкім кірункам (у тым ліку і Гродзенскай дамініканскай гімназіі) і заснавання новых, з рускім кірункам і рускай мовай выкладання. Для рэалізацыі гэтай задачы выдаткоўваліся значныя сродкі, дзякуючы чаму праз пэўны час Гродзенская губернская гімназія мела ўсё неабходнае для арганізацыі навучальнай і выхаваўчай працы гімназістаў.
Фундаментальная бібліятэка мела 4131 найменне кніг у 9393 тамах. Значную частку фонду бібліятэкі складалі кнігі былой дамініканскай гімназіі, у ліку якіх было шмат каштоўных выданняў XVI стагоддзя. З 1896 года ў бібліятэцы быў адкрыты «местный отдел», у якім былі сканцэнтраваны кнігі па гісторыі і этнаграфіі Паўночна-Заходняга краю і Гродзенскай губерні. Бібліятэка мела чытальную залу для выкладчыкаў з багата прадстаўленай расійскай і замежнай перыёдыкай. Вучнёўская бібліятэка была больш сціплай. У 1891—1892 навучальным годзе яе фонд складаў 1039 тамоў. Гімназія мела добры фізічны кабінет, у якім было 392 прыборы і кабінет прыродазнаўчых навук, які налічваў 2394 заалагічных і мінералагічных экспанатаў.
У 1915 годзе ў гімназіі навучаўся 621 навучэнец. Вучэбныя прадметы: закон божы, лацінская і грэчаская мовы (41 % навучальнага часу), фізіка, матэматыка, прыродазнаўчыя навукі, руская мова і літаратура, гісторыя, геаграфія і інш. У 1915 годзе гімназія эвакуіравана ў г. Ліпецк Тамбоўскай губерні.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Гімназіі Расійскай імперыі Катэгорыя:Навучальныя ўстановы Гродна Катэгорыя:Гімназіі Беларусі Катэгорыя:1834 год у Беларусі Катэгорыя:1830-я ў Гродне Катэгорыя:З’явіліся ў 1834 годзе Катэгорыя:Зніклі ў 1915 годзе Катэгорыя:Віленская навучальная акруга