Аляксандр Андрэевіч Егарэйчанка () — беларускі археолаг. Доктар гістарычных навук (2008).
Біяграфія Нарадзіўся 23 красавіка 1955 г. у Канатопе Сумскай вобласці (Украіна). Праз некаторы час яго бацька, ваенны лётчык, быў пераведзены з Украіны ў Беларусь. Скончыў школу ў ваенным гарадку № 92 (цяпер г.п. Мачулішчы) пад Мінскам. У 1972 годзе паступіў на гістарычны факультэт БДУ. Захапіўся археалогіяй, слухаючы лекцыі Э. М. Загарульскага. У 1973 годзе адправіўся ў сваю першую археалагічную экспедыцыю. Яшчэ студэнтам удзельнічаў у раскопках гарадзішча сярэдневяковага Рагачова, асвойваў методыку даследавання пахаванняў на Сеніцкіх курганах.
У 1977 г. скончыў універсітэт і паступіў у аспірантуру Інстытута археалогіі АН СССР. Яго навуковым кіраўніком стаў выбітны археолаг В. В. Сядоў. Малады аспірант заняўся вывучэннем старажытных умацаваных паселішчаў, якія ўзводзіліся насельніцтвам беларускага Палесся ў VII—VI стст. да н. э. — II ст. н. э. Егарэйчанка распрацаваў класіфікацыю гарадзішчаў і даў комплексную характарыстыку помнікаў, а таксама прапанаваў рэканструкцыю гісторыка-культурных працэсаў, што адбываліся ў рэгіёне.
У 1982 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю. У 1980—1987 гг. быў навуковым супрацоўнікам аддзела археалогіі першабытнага грамадства Інстытута гісторыі АН БССР. У цэнтры яго прафесійных інтарэсаў знаходзіліся праблемы жалезнага веку беларускага Палесся. А. А. Егарэйчанка кіраваў раскопкамі на гарадзішчах Івань Слуцкага раёна і Кашчэлічы Валожынскага раёна, селішчах Востраў Пінскага раёна і Давыд-Гарадок Столінскага раёна.
У 1988 годзе быў запрошаны выкладаць у БДУ. Працаваў дацэнтам, з 1997 года загадчыкам кафедры археалогіі, этнаграфіі і дапаможных гістарычных дысцыплін. У 2001 г. у межах удасканалення сістэмы ўніверсітэцкай археалагічнай адукацыі кафедра была рэарганізавана, і Егарэйчанка ўзначаліў абноўленую кафедру археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін. Распрацаваў цэлы шэраг агульных і спецыяльных курсаў: «Археалогія», «Жалезны век Беларусі», «Гістарыяграфія археалогіі Беларусі», «Палявая археалогія» і інш.
У 2008 годзе абараніў доктарскую дысертацыю. У 2013 годзе Егарэйчанку было прысвоена званне прафесара.
Памёр пасля 2 снежня 2021 года цяжкай і працяглай хваробы.
Навуковая дзейнасць Даследаваў археалагічныя помнікі эпохі позняй бронзы і жалезнага веку на тэрыторыі Беларусі і сумежных рэгіёнаў. Адзін з аўтараў «Археалогіі Беларусі» (т. 2, 1999).
Сям'я Меў сына Сяргея (нар. 1988), які стаў гісторыкам і пісьменнікам.
Творы Типология городищ Белорусского Полесья в раннем железном веке // КСИА. 1980. Вып. 162; К истории населения Белоруссии в раннем железном веке // СА. 1982. № 1; Аб характары земляробства і земляробных прылад працы ў насельніцтва Беларускага Палесся ў раннім жалезным веку // ВАНБ. 1983. № 3; Иваньское городище // Древнерусское государство и славяне. Минск, 1983; Племена культуры штрихованной керамики и славянский мир (к вопросу об этнической принадлежности носителей культуры) // Тр. V Междунар. конгр. археологов-славистов. Киев, 1988. Т. 4; Древнейшие городища Белорусского Полесья (VII—VI вв. до н.э. — II в. н.э.). Минск, 1996; Культуры штрихованной керамики. Минск, 2006. А. А. Ваганава.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Археолагі Беларусі