Вайна на Блізкім Усходзе пачалася 7 кастрычніка 2023 года з уварвання ХАМАС у Ізраіль. У адказ Ізраіль 27 кастрычніка ўварваўся ў кантраляваны ХАМАС Сектар Газа і да канца мая 2024 года ўзяў пад кантроль большую частку яго тэрыторыі, уключаючы Філадэльфійскі калідор на мяжы з Егіптам.
У вайне на баку ХАМАС прынялі ўдзел Іран і падкантрольныя яму шыіцкія групоўкі — ліванская Хезбала, еменскія хусіты і іракскія шыіты, якія пачалі сістэматычныя абстрэлы тэрыторыі праціўніка ракетамі і дронамі. Акрамя гэтага хусіты блакавалі Баб-эль-Мандэбскі праліў, сістэматычна нападаючы на судны.
Ізраіль разгарнуў масавыя бамбёжкі ліванскіх тэрыторый, падкантрольных Хезбале, каналаў забеспячэння зброяй гэтай групоўкі ў Сірыі. Хутка ЦАХАЛ уварваўся ў Ліван, насуперак Рэзалюцыі СБ ААН 1701. Таксама Ізраіль арганізаваў масавыя ліквідацыі членаў ХАМАС і Хезбалы, уключаючы лідараў гэтых арганізацый незалежна ад іх месцазнаходжання. З ліпеня 2024 года Ізраіль праводзіць бамбардзіроўкі аб’ектаў хусітаў на тэрыторыі Емена.
На баку Ізраіля выступіла ваенная кааліцыя на чале з ЗША. Група з 20 краін прымае ўдзел у ваеннай аперацыі супраць хусітаў з мэтай забеспячэння бяспекі марскога суднаходства ў раёне Чырвонага мора. Акрамя гэтага ўзброеныя сілы ЗША, Вялікабрытаніі і іншых краін аказваюць дапамогу Ізраілю ў адбіцці ракетных нападаў. Іранскі Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі ажыццявіў некалькі абстрэлаў амерыканскіх аб’ектаў у Іраку і Сірыі.
Станам на пачатак 2025 года Ізраіль з дапамогай пасрэднікаў дамовіўся аб перамір’і з Хезбалой, а ў выніку звяржэння апазіцыйнымі сіламі рэжыму Башара Асада ў снежні 2024 года ў Сірыі праіранская «Вось супраціву» апынулася істотна падарваная. Галоўнымі нявырашанымі праблемамі застаюцца вяртанне захопленых ХАМАС у кастрычніку 2023 года ізраільскіх закладнікаў і спыненне ваенных дзеянняў у Сектары Газа.
13 чэрвеня 2025 года Ізраіль пачаў поўнамаштабную ваенную аперацыю супраць Ірана пад назвай «Народ як леў», 22 чэрвеня да яе далучыліся ЗША. 24 чэрвеня бакі ўзгаднілі спыненне агню.
9 кастрычніка было ўзгоднена спыненне агню ў сектары Газа, 13 кастрычніка былі вернутыя апошнія 20 жывых ізраільскіх закладнікаў. У гэты ж дзень ізраільскія ўлады вызвалілі больш за 1,9 тыс. палесцінскіх зняволеных
28 лютага 2026 года ЗША і Ізраіль нанеслі ўдары па Іране, у выніку якіх загінулі вышэйшы кіраўнік дзяржавы Алі Хаменеі і шэраг высокапастаўленых іранскіх вайскоўцаў, з таго моманту вайна на Блізкім Усходзе стала больш маштабнай. Неўзабаве 7 красавіка па прапанове Пакістана бакі ўхвалілі двухтыднёвае перамір’е. Задача змены рэжыму ў Тэгеране, якая з’яўлялася адной з мэтаў амерыканскай аперацыі, дасягнута не была. Станам на лета, нягледзячы на значныя ваенныя страты, Іран захаваў магчымасці вытворчасці танных ракеты і нанясення удараў па праціўнікам у рэгіёне, уключаючы стратэгічна важныя аб’екты. Выкарыстанне ракет і беспілотнікаў Іранам прывяло да перакрыцця Армузскага праліва. Асцярогі, звязаныя з уплывам зацяжной вайны на эканоміку, прымусілі ЗША згарнуць баявыя дзеянні да дасягнення сваіх амбіцыйных мэтаў і пайсці на перамір’е. Пры гэтым Тэгеран палепшыў свае перагаворныя пазіцыі.
Спасылкі
Катэгорыя:Вайна на Блізкім Усходзе (з 2023)