Ціхі акіян — частка Сусветнага акіяну. Абмежаваны мацерыкамі Еўразія і Аўстралія на захадзе, Паўночная і Паўднёвая Амерыка на ўсходзе, лініяй, якая праходзіць паміж паўастравамі Чукоцкі (мыс Унікін) і Сцюарда на поўначы, Паўднёвым акіянам на поўдні.

Найбольшы з акіянаў на Зямлі. Плошча з морамі каля 180 млн. км² (1/3 паверхні зямнога шара і 1/2 Сусветнага акіяна), аб'ём вады 710 млн км³. Найбольш глыбокі басейн Сусветнага акіяна, сярэдняя глыбіня — 3980 м, максімальная глыбіня — 10911 м (Марыянскі жолаб).rgo.ru

Моры замкнёныя — Берынгава, Ахоцкае мора, Японскае мора і Унутранае Японскае, Усходне-Кітайскае мора, Жоўтае мора і Паўднёва-Кітайскае мора, а таксама міжастраўныя, аб’яднаныя назвай Аўстрала-Азіяцкае міжземнае мора (мора Самар, мора Сібуян і інш.); ускраінныя — Каралавае мора і Тасманава мора, каля берагоў Антарктыды — мора Амундсена, мора Белінсгаўзена і мора Роса; буйныя залівы - Аляска, Каліфарнійскі заліў, Панамскі заліў.

Астравы Па колькасці астравоў (каля 10 тыс., плошча каля 3,6 млн км²) Ціхі акіян займае 1-е месца сярод акіянаў. Мацерыковыя астравы размешчаны пераважна на заходняй ускраіне акіяна — Сахалін, Японскія астравы, Тайвань, усе буйныя астравы Малайскага архіпелага, а-вы Новай Зеландыі і інш.; на ўсходзе — большасць астравоў каля Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі. Вулканічныя астравы трапляюцца на ўсёй акваторыі акіяна — б.ч. Алеуцкіх, Курыльскіх, Рукю, Гавайскіх, Самоа, Маркізскіх, Тубуаі, Галапагас, Хуан-Фернандэс, Чатэм і інш. Біягенныя (каралавыя) астравы размешчаны пераважна ў экватарыяльна-трапічных шыротах — Маршалавы астравы, Гілберта, Тувалу, Такелау, астравы Кука, Лайн, Фенікс, Туамоту і інш.; узнятыя рыфы — Мінаміторы (Маркус), Уэйк, Науру, Хаўленд і інш.; атолы — Тонграва, Джонстан, Капінга-марангі і інш.

Будова дна

Рэльеф дна разнастайны. На ўсходзе — Усходне-Ціхаакіянскае ўзняцце, у цэнтральнай частцы шмат катлавін (Паўночна-Усходняя, Паўночна-Заходняя, Цэнтральная, Усходняя, Паўднёвая і інш), глыбакаводныя жолабы: на поўначы — Алеуцкі, Курыла-Камчацкі, Ідзу-Банінскі; на захадзе — Марыянскі (з максімальнай глыбінёй Сусветнага акіяна), Тагальскі і інш; на поўдні — Цэнтральна-Амерыканскі, Перуанскі і іншыя.

У Ціхім акіяне можна адрозніць літаральныя і сублітаральныя зоны, пераходную зону (да 500—1000 м), батыяль, абісаль і ультраабісаль, або зону глыбакаводных жолабаў (ад 6—7 да 11 тысяч м). Вылучаюцца: падводныя ўскраіны мацерыкоў (10,2 %; пашыраны ва ўскраінных морах Заходняга сектара, вобласці Малайскага архіпелага, каля паўночнага і ўсходняга ўзбярэжжаў Аўстраліі), мацерыковы схіл (3 %), вобласці пераходных зон (13,3 %), ложа акіяна (65,5 %), сярэдзінна-акіянічныя хрыбты (11 % ад плошчы акіяна).

Рэльеф дна Ціхага акіяна характарызуецца найбольшай (параўнальна з іншымі акіянамі) расчлянёнасцю і слабым развіццём шэльфа (1,7 % ад плошчы акіяна). На паўночным захадзе, захадзе і паўночным усходзе шэльф уяўляе сабой абразійна-акумулятыўную раўніну, ускладненую рачнымі далінамі і рэліктавымі формамі ледавіковага рэльефу. На захадзе шырыня шэльфа да 800 км, глыбіня вонкавага краю 150—500 м. Мацерыковы схіл вузкі і стромы (10—30°). Каля берагоў Аўстраліі мноства каралавых пабудоў, на вонкавым краі акаймаваны Вялікім бар’ерным рыфам. На ўсходзе шэльф вузкі (некалькі дзясяткаў кіламетраў), абмежаваны ўступам на глыбіні 1000—1500 м (Каліфарнійскі бардэрленд). Мацерыковы схіл круты, парэзаны шматлікімі каньёнамі, конусы вынасу якіх утвараюць нахіленую раўніну мацерыковага падножжа. Вылучаецца глыба кары кантынентальнага тыпу палеазойскага ўзросту — Кэмпбел (Новазеландскае плато). Мацерыковая ўскраіна Антарктыды вызначаецца пашырэннем ледавіковых і айсбергавых адкладаў. Мацерыковы схіл (глыбіня 500 м) шырокі, парэзаны каньёнамі. Па паўночнай і заходняй перыферыі Ціхага акіяна ў пераходнай зоне ад п-ва Аляска да а-воў Новая Зеландыя цягнецца сістэма катлавін ускраінных мораў (глыб. 3000—7000 м), астраўных дуг і спалучаных з імі акіянічных жалабоў (якім адпавядаюць максімальныя глыбіні) — Алеуцкі (7855 м), Курыла-Камчацкі (9783 м), Ідзу-Огасавара (Ідзу-Банінскі; 9810 м), Марыянскі жолаб (10 920 м), Філіпінскі жолаб (10 265 м) і інш.

Сістэма сярэдзінна-акіянічных хрыбтоў — адзіная структура, даўжыня больш за 7000 км. Падзяляецца на Паўднёва-Ціхаакіянскае падняцце (хрыбет), шырынёю 750 км і Усходне-Ціхаакіянскае падняцце, шырыня да 2000 км. Характарызуецца скляпеннепадобнай будовай, значнай шырынёй, вялікай колькасцю трансформных разломаў, зямной карой рыфтагеннага тыпу. Сярэдзінна-акіянічныя хрыбты тэктанічна актыўныя. Скорасць рассоўвання хрыбтоў у асноўным перавышае 5 см за год, зрэдку 16—18 см. На адлегласці каля 2 км ад галоўнага хрыбта дно разбіта сістэмай скідаў і грабенаў. На аддаленні 10—12 км тэктанічная актыўнасць амаль адсутнічае.

Ложа акіяна сістэмай падняццяў падзелена на шэраг катлавін: Паўночна-Заходнюю (6965 м), Паўночна-Усходнюю (6850 м), Філіпінскую (7759 м), Заходне-Марыянскую (7534 м), Усходне-Марыянскую (6150 м), Заходне-Каралінскую (5798 м), Усходне-Каралінскую (7208 м), Белінсгаўзена (5120 м), Паўднёвую (6600 м), Чылійскую (5021 м) і інш. Падняцці полігенетычныя: акіянічныя валы, глыбавыя горы, вулканічныя хрыбты, ускраінныя валы і хрыбты, асобныя горы (гаёты) і інш. Для асобных катлавін характэрны шыротныя разломы (даўжынёй 4000—5000 м).

Гісторыя фарміравання Ціхі акіян — найбольш старажытны з акіянаў, развіваецца з пратэразою, у мезазоі быў суперакіянам, пасля чаго ў выніку дрэйфу літасферных пліт пастаянна скарачаецца. Катлавінам і падняццям ложа адпавядае кара акіянічнага тыпу, дзе «базальтавы» слой сярэдняй магутнасцю да 7000 м; асадкавы слой складзены з ніжняга, больш шчыльнага асадкавага або вулканагеннага слоя (магутнасць ад соцень да тысяч метраў, у некаторых раёнах адсутнічае) і верхняга, больш рыхлага (1000—2000 м).

Донныя адклады Донныя адклады тэрыгеннага паходжання (абломкавыя і гліністыя) займаюць 10 % плошчы акіяна, пераважна на падводнай ускраіне мацерыкоў; тэрыгенна-айсбергавыя ўтвараюць паласу шырынёй да 1000 м каля берагоў Антарктыды. У пелагіялі акіяна на поўдзень ад экватара да 60° пд.ш. пашыраны карбанатныя фарамініферавыя адклады (каля 38 % плошчы акіяна). Птэраподавыя адклады ў Каралавым моры. У экватарыяльна-трапічным поясе на шэльфе і мацерыковым схіле — каралавыя ўтварэнні (1 % плошчы). Вылучаюцца 3 паясы біягенных (крамяністых) асадкаў (10 % плошчы): паўночны і паўднёвы (субантарктычны) дыятомавых ілоў і экватарыяльны радыялярыевых ілоў. Ракушачныя намнажэнні пашыраны на ўсіх шэльфах, акрамя антарктычнага. У раёнах сучаснага і антрапагенавага вулканізму сярод асадкавых адкладаў значная прымесь вулканагенных. На глыбінях больш за 4500—5000 м у малапрадукцыйных зонах вялікая плошча дна (35 %) укрыты чырвонымі глыбакаводнымі глінамі. Асадкі сярэдзінна-акіянічных хрыбтоў і іх схілаў абагачаны аксідамі і гідраксідамі жалеза і марганцу, што выносяцца ў прыдонныя воды высокатэмпературнымі руданоснымі растворамі.

Карысныя выкапні: нафта і газ на шэльфе (ЗША, Перу, Расія, Кітай, Эквадор, Інданезія); вялікія палі жалеза-марганцавых канкрэцый (пл. 16 млн км²) у адкрытым акіяне, на схілах вулканічных астравоў і падводных гарах; россыпныя радовішчы касітэрыту (Інданезія), рутылу, торыю, цыркону (Аўстралія, Інданезія), золата і плаціны (узбярэжжа Аляскі, Каліфорніі, Чылі), тытана-магнетытавай руды (Японія, Інданезія, Расія, ЗША); радовішчы фасфарытаў (на шэльфах Каліфорніі і а-воў Новая Зеландыя); каменны вугаль на шэльфе Японіі, Аўстраліі,Новай Зеландыі і Паўднёвай Амерыкі. У межах сярэдзінна-акіянічных рыфтаў буйныя радовішчы сульфідных руд (цынк, медзь, свінец, рэдкія металы). На многіх мелкаводных участках шэльфа эксплуатуюцца радовішчы неметалічных карысных выкапняў.

Клімат Большая частка Ціхага акіяна размешчана ў субэкватарыяльным, трапічным, субтрапічным і ўмераным кліматычных паясах, меншая ў экватарыяльным і субарктычным. У паўночна-заходняй частцы акіяна мусонная цыркуляцью атмасферы. Ва ўмераных шыротах заходнія вятры, у трапічных і субтрапічных на поўначы і поўдні адпаведна паўночна-ўсходнія і паўднёва-ўсходнія пасаты. На захадзе трапічнай зоны з чэрвеня па лістапад тайфуны (27—50 за год). Цыркуляцыя атмасферы над акіянам вызначаецца 4 асноўнымі абласцямі атмасфернага ціску: Алеуцкім мінімумам, Паўночна-Ціхаакіянскім, Паўднёва-Ціхаакіянскім і Антарктычным максімумамі.

Гідралагічны рэжым

Паверхневыя цячэнні абумоўлены атмасфернай цыркуляцыяй. На поўнач ад 40° пн.ш. субпалярны цыкланічны кругаварот, што складаецца з Аляскінскага, Алеуцкага, Камчацкага, Курыльскага і Паўночна-Ціхаакіянскага цячэнняў. На поўдзень ад гэтай сістэмы — субтрапічны антыцыкланальны кругаварот, утвораны Паўночным Пасатным, Курасіа, Паўночна-Ціхаакіянскім і Каліфарнійскім цячэннямі. У нізкіх шыротах Паўночнае Пасатнае, Міжпасатнае (Экватарыяльнае) проціцячэнне і Паўднёвае Пасатнае ўтвараюць 2 вузкія трапічныя цыкланальныя кругавароты. У Паўднёвым паўшар'і таксама назіраецца субтрапічны антыцыкланальны кругаварот, што складаецца з Паўднёвага Пасатнага, Усходне-Аўстралійскага, Заходніх Вятроў і Перуанскага цячэння. Цячэнне Заходніх Вятроў сумесна з Антарктычным цячэннем усходняга кірунку ўтварае паўднёвы субпалярны цыкланічны кругаварот. У паверхневых водах з захаду на ўсход цячэнне Кромвела звязана з буйнамаштабным глыбінным пераносам вады. У паўднёва-заходняй частцы акіяна існуе цёплае цячэнне Эль-Ніньё, якое перыядычна мяняе свой напрамак і тэмпературу; назва мяняецца на Ла-Нінья. У Ціхім акіяне самыя высокія (да 34 м) ветравыя хвалі. Сярэднегадавая тэмпература вады на паверхні 19,1 °C. Найбольшая салёнасць 35,5 ‰. і 36,5 ‰ адзначана адпаведна ў паўночных і паўднёвых субтрапічных шыротах. Каля экватара памяншаецца да 34,5 ‰ і менш, у паўночных умераных шыротах зніжаецца да 30—31 ‰, у паўднёвых высокіх шыротах — да 33,5 ‰. Шчыльнасць вады на паверхні раўнамерна павялічваецца ад экватара (1021 кг/м³) да высокіх шырот (1027 кг/м³).

Прылівы ў адкрытай частцы акіяна на поўначы і паўднёвым усходзе няправільныя паўсутачныя (да 12 м у заліве Кука; 2,6 м каля берагоў Чылі). У паўднёвай частцы акіяна — правільныя паўсутачныя (7,2 м каля берагоў Аўстраліі), у экватарыяльнай вобласці — сутачныя і няправільныя сутачныя (2,5 м каля Новай Гвінеі, 1 м каля Саламонавых а-воў). Максімальны прыліў 13,2 м (Пенжынская губа Ахоцкага мора). Лёдаўтварэнне адбываецца ў паўночна-заходніх морах (Берынгава, Ахоцкае, Японскае, Жоўтае), на поўначы заліва Аляска і каля берагоў Антарктыды. Зімой і вясной лёд выносіцца Курыльскім цячэннем у паўночна-заходнюю частку акіяна. Ад берагоў Антарктыды льды і айсбергі выносяцца ў лютым да 61—64° пд.ш., у жніўні да 70° пд.ш.. У выніку землетрасенняў або падводных вывяржэнняў вулканаў узнікаюць цунамі (паўночны ўсход акіяна).

Флора і фауна Флора і фаўна багатая і разнастайная. Фаўна Ціхіга акіяна ўключае каля 100 тыс. відаў, фітапланктон каля 380 відаў. У зоне шэльфа прадстаўлены бурыя, фукусавыя, ламінарыевыя водарасці, малюскі, чэрві, ракападобныя, ігласкурыя і іншыя арганізмы. У мелкаводнай трапічнай зоне шмат каралаў (400 відаў), утвараюць каралавыя рыфы. Фаўна рыб уключае не менш як 2000 відаў у трапічных шыротах і да 800 відаў ва ўмераных.

Даследванні акіяна

Іспанскі канкістадор Васка Нуньес дэ Бальбоа ў 1510 годзе заснаваў на заходнім беразе Дар'енскага заліва паселішча Санта-Марыя-ла-Антыгуа-дэль-Дар'ен (es: Santa María la Antigua del Darién). Неўзабаве да яго дайшлі весткі аб багатай краіне і вялікім моры, размешчаных на поўдні. Бальбоа з атрадам выступіў са свайго горада (1 верасня 1513 г.), і праз чатыры тыдні ён убачыў бязмежную водную роўнядзь Ціхага акіяна. Ён выйшаў на бераг акіяна і ахрысціў яго Паўднёвым морам (ісп.: Mar del Sur).