Дзям’ян Раманавіч Новікаў (18 кастрычніка 1896, в. Шапялёўка, Горацкі павет — 31 студзеня 1976) — беларускі бібліятэкар, шматгадовы загадчык бібліятэкі Горацкага сельскагаспадарчага інстытута (цяпер — Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія), унёс значны ўклад у захаванне і аднаўленне бібліятэчных фондаў пасля Другой сусветнай вайны. Заслужаны дзеяч культуры Беларусі.
Біяграфія Нарадзіўся ў 1896 годзе ў шматдзетнай сялянскай сям’і ў вёсцы Шапялёўка Горацкага павета. У 1908 годзе скончыў народнае вучылішча ў Маслаках, пасля — гарадское чатырохкласнае вучылішча ў Копысі. У 1914 годзе паступіў у Горацкае каморніцка-агранамічнае вучылішча. Там арганізаваў гурток для самаадукацыі. У вольны час падпрацоўваў у Горацкай павятовай воінскай установеЛіўшыц, Уладзімір. «Акадэмічную бібліятэку разрабавалі, кнігі спалілі, але ён адрадзіў яе з попелу» // Узгорак. — 2021. — № 42 (642), 21 кастрычніка. — С. 3, 7..У 1919 годзе скончыў вучылішча і пачаў працаваць памочнікам загадчыка бібліятэкі, а з 1920 года — загадчыкам бібліятэкі Горацкага сельскагаспадарчага інстытута. На гэтай пасадзе ён збіраў найбольш каштоўныя і рэдкія выданні, арганізаваў бясплатны кнігаабмен з буйнейшымі бібліятэкамі краіны, дамогся, каб абавязковы асобнік выдадзеных кніг трапляў у бібліятэку ў Горкі. Дзякуючы ягонай працы, да пачатку Вялікай Айчыннай вайны фонд бібліятэкі складаў болей за 600 тысяч асобнікаў.
У 1930 годзе скончыў завочна агранамічны факультэт акадэміі, пасля чаго чытаў курсы «Навуковая арганізацыя працы і работа з кнігай», «Азеляненне населеных пунктаў», «Дэкаратыўнае садаводства». На грамадскіх пачатках кіраваў паркавай гаспадаркай акадэмііС Горками и академией связаны судьбой (события, люди и дела). Заметки краеведа / В. М. Лившиц. — Горки: БГСХА, 2013. — 200 с..
У 1941 годзе пайшоў на фронт. Даведаўшыся, што нацысты вывезлі кнігі з акадэмічнай бібліятэкі, пачаў іх актыўна шукаць, пісаў у франтавыя газеты. У выніку на адрас бібліятэкі ў 1944—1945 гадах прыйшло 120 бандэролей і пасылак з больш як 1 000 кніг, вывезеных з Горак і знойдзеных пазней байцамі і афіцэрамі Чырвонай Арміі.
У сакавіку 1945 года яму паведамілі пра буйную знаходку ў маёнтку ў раёне горада Штаргардта. Калі Новікаў прыбыў туды, то ўбачыў там не меней за 300 скрыняў кніг з горацкай акадэмічнай бібліятэкі, Акадэміі навук БССР і Магілёўскага педінстытута. Ён паведаміў пра знаходку ў Ваенны Савет Арміі, ЦК КПБ і Прэзідыум АН БССР. Дзякуючы гэтаму, каштоўнасці былі вернуты на радзіму.Дзям’ян Новікаў актыўна вёў перапіску з бібліятэкамі СССР з просьбай дапамагчы ў аднаўленні бібліятэчнага фонду ў Горках. Дзякуючы гэтаму бібліятэка Ціміразеўскай сельскагаспадарчай акадэміі перадала каля 15 тысяч дублетных выданняў. Кнігі таксама былі атрыманыя з бібліятэкі АН СССР, Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта і іншых устаноў.
З 1 ліпеня 1946 года працаваў загадчыкам кафедры лесаводства, чытаў курсы лесаводства і дэкаратыўнага садаводства. Займаўся азеляненнем, кветкамі, мясцовым паркам. У 1971 годзе яму ўпершыню ў Беларусі было прысвоена званне Ганаровага сябра Беларускага таварыства аховы прыроды.
Дзякуючы намаганням калектыву бібліятэкі пад кіраўніцтвам Новікава, да 1966 года ейны фонд зноў склаў больш за 600 тысяч кніг, а ў 1973 годзе — болей за мільён.
У канцы 1975 года выйшаў на пенсію. Памёр 31 студзеня 1976 года.
Ушанаванне памяці У 1980 годзе на будынку акадэмічнай бібліятэкі была размешчана мемарыяльная шыльда з барэльефам Дзям’яна Новікава.
7 кастрычніка 2016 года акадэмічнай бібліятэцы было прысвоена імя Дзям’яна Раманавіча Новікава.
Узнагароды
Медаль «За працоўную адзнаку». Ордэн Чырвонай Зоркі. Медаль «За вызваленне Варшавы». Медаль «За ўзяцце Берліна». Медаль «За перамогу над Германіяй». Заслужаны дзеяч культуры Беларусі.
Цікавыя факты Дзям’ян Раманавіч Новікаў быў знаёмы з Якубам Коласам, Янкам Купалам, Максімам Гарэцкім, Гаўрылам Гарэцкім.
Апошняя сустрэча Новікава і Купалы адбылася 30 чэрвеня 1941 года, калі паэт заехаў у Горкі па дарозе са сваёй дачы ў Ляўках у час эвакуацыі на Усход.
Яму прысвечаны верш балгарскага паэта Стэфана Пантонева «Бібліятэкар», які быў надрукаваны ў кнізе «Беларусь — белая балада», пераклад на беларускую мову зроблены Рыгорам Барадуліным і Ванкарэм Нікіфаровічам.
Янка Купала прысвяціў яму верш «Сярод дубоў і ліп адвечных».
Крыніцы
Катэгорыя:Асобы Катэгорыя:Нарадзіліся ў Горацкім раёне Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1896 годзе Катэгорыя:Памерлі ў 1976 годзе Катэгорыя:Заслужаныя дзеячы культуры Беларускай ССР