«Deep Rock Galactic» — кааператыўны шутар ад першай асобы, распрацаваны дацкай студыяй «Ghost Ship Games» і выдадзены шведскай «Coffee Stain Publishing». «Deep Rock Galactic» была цалкам выпушчана 13 мая 2020 года для «Microsoft Windows» і «Xbox One» пасля выхаду ў ранні доступ 28 лютага 2018 года. Пазней, у студзені 2022 года, гульня выйшла таксама для «PlayStation 4» і «PlayStation 5», а ў верасні 2022 года — для «Xbox Series X/S».
Дзеянне гульні «Deep Rock Galactic» адбываецца на планеце Хоксэс IV, пячоры якой багатыя мінераламі, але запоўненыя варожай мясцовай жыўнасцю і небяспечным асяроддзем. Гулец кіруе дворфам-шахцёрам, які працуе на Deep Rock Galactic, міжгалактычную шахцёрскую карпарацыю, якая адпраўляе супрацоўнікаў у пячоры Хоксэса IV для здабычы рэсурсаў. Гульцы могуць аб'яднацца з трыма іншымі дворфамі ў місіях на планеце, дзе ім трэба будзе перамяшчацца па працэдурна згенераваных пячорах і дасягаць пастаўленых мэт, змагаючыся з раямі чужынцаў. Чужынцы ўяўляюць сабой вялізарных насякомых, якія ў гульне падраздзяляюцца на некалькі сямействаў — паўзучых «гліфідаў», лятаючых «мактэр», расштурхваючых усіх на сваём шляху «к'ронараў» і шмат іншых.
Гульня атрымала станоўчыя водгукі ад крытыкаў, якія высока ацанілі яе заснаваны на класах геймплэй і атмасферу. Па стане на студзень 2024 года было прададзена больш за восем мільёнаў адзінак гульні, а з лістапада 2020 года яна з'яўляецца часткай падпіскі «Xbox Game Pass». Яна таксама была даступная падпісчыкам «PlayStation Plus» на працягу месяца пасля яе выпуску.
Гульнявы працэс «Deep Rock Galactic» з'яўляецца кааператыўным шутарам ад першай асобы. Геймплэй у асноўным сканцэнтраваны на місіях, якія адбываюцца ў працэдурна згенераваных пячорных сістэмах з поўнай разбуральнасцю асяроддзя; кожная з іх мае розную генерацыю мясцовасці, мэты, небяспекі і ворагаў у залежнасці ад абранага біёму і тыпу місіі. Гульцы прызямляюцца ў пячоры з дапамогай арбітальнай дэсантнай капсулы, дзе ім будзе патрэбна дасягнуць мэты місіі, якая можа заключацца ў здабычы рэсурсаў, павяртанні згубленага абсталявання, суправаджэнні самаходнай свідравой устаноўкі, крадзяжы чужынскіх яек, знішчэнні асабліва небяспечных ворагаў і шмат іншым. Робячы гэта, яны павінны змагацца з варожымі чужынцамі, кіраваць абмежаваным боезапасам і перамяшчацца па пячоры. Пасля выканання мэты гульцы могуць пачаць працэс эвакуацыі, дзе ім трэба вярнуцца праз пячору да выратавальнай капсулы, каб бяспечна выйсці разам з усімі сабранымі рэсурсамі. Таксама даступныя другарадныя мэты (напрыклад, збор пэўнай колькасці пэўных аб'ектаў, здабыча дастатковай колькасці ўнікальнага мінералу або вынішчэнне шкадлівай для аперацый карпарацыі Deep Rock Galactic жыўнасці), якія даюць гульцам дадатковыя крэдыты, якія можна выдаткаваць на паляпшэнне зброі і навыкаў, і пункты досведу, што павялічваюць узровень гульца і прасоўваюць яго ў атрыманні доступу да новай зброі, навыкаў і ўпрыгожанняў.
Класы Перад пачаткам кожнай місіі гульцы выбіраюць адзін з чатырох гульнявых класаў: разведчык, інжынер, кулямётчык і буравік. Кожны клас мае ўнікальны набор зброі і прылад, што дае ім разнастайныя магчымасці ў баі і навігацыі. Працуючы разам, каб скарыстацца ўзаемадзеяннем гэтых розных магчымасцей, каманды могуць больш эфектыўна перамяшчацца па пячоры, дасягаць мэты і змагацца з ворагамі. Такім чынам, цяжка ўзброены кулямётчык можа з дапамогай тросастрэла звязаць два пункта, размешчаныя на розных вышынях, і забяспечыць хуткае перасоўванне паміж імі. Інжынер можа ўсталёўваць аўтаматычныя турэлі і размяшчаць на сценах пячор пляцоўкі, па якіх дворфы могуць хадзіць — гэта дазваляе пераадольваць вялікія падземныя пустэчы. Разведчык можа хутка перасоўвацца і залазіць на сцены з дапамогай гака-зачэпа, а буравік — прабураць тунэлі ў сценах і абараняцца ў блізкім бою з дапамогай агнямёта. Усе персанажы з'яўляюцца найперш шахцёрамі, і ўсе яны займаюцца здабычай мінералаў. Хоць гульня мяркуе праходжанне групай з чатырох гульцоў, у яе можна гуляць і ў адзіночку — у гэтым выпадку гульцу дапамагае кіруемы камп’ютарны робат Боска, якому гулец можа аддаваць розныя каманды.
Рэжымы гульні У «Deep Rock Galactic» ёсць 10 гульнявых рэжымаў:
Шахцёрская экспедыцыя: першы даступны тып місіі, у якім гульцам даручана здабыць пэўную колькасць маркіту. Паляванне за яйкамі: у пячорах раскіданы згусткі арганічнага матэрыялу, змяшчаючыя ў сабе чужынскія яйкі, якія гульцы павінны сабраць і згрузіць у самаходнае сховішча — М.У.Л.а. Выманне яйка пры гэтым можа выклікаць хвалю ворагаў. Мясцовая перапрацоўка: свідравіны вадкага маркіту павінны быць падключаны трубаправодамі да цэнтральнай ачышчальні і перапампоўвацца, пакуль ачышчальня не будзе поўнасцю запоўнена. Тым часам гульцы павінны рамантаваць трубаправоды ў моманты іх паломак ад нападаў узбуджаных чужынцаў. Ратавальная аперацыя: дзеянне адбываецца ў раней даследаванай пячоры, дзе гульцы павінны паправіць міні-М.У.Л.аў і дэсантную капсулу, пакінутую ад папярэдняй шахцёрскай каманды, каб выратаваць каштоўнае абсталяванне карпарацыі. Пункт здабычы: у пячору, дзе з'яўляюцца гульцы, апускаецца вялікая платформа (якая замяшчае звычайнага М.У.Л.а), дзе патрэбна сабраць, аднесці і згрузіць вялікія ярка-блакітныя каштоўныя камяні, замураваныя ў сценах пячоры. Суправаджэнне: сарцавіна Амарана знаходзіцца ў канцы пячорнай сістэмы, дзе вялікі аўтаномны робат са свідрам — свідрактар — павінен быць абаронены ад ворагаў па дарозе да сарцавіны. У працэсе суправаджэння ў свідрактара будзе заканчвацца паліва, для папаўнення якога неабходна будзе выняць паліўныя каністры і здабыць імі гаручы сланец. Па прыбыцці да Амарана трэба абараняць свідрактар ад вялікай хвалі ворагаў, пакуль ён здабывае саму сарцавіну Амарана. Ліквідацыя: гульцы павінны знайсці і ліквідаваць гліфід-дрэдноўтаў, якія з'яўляюцца босамі распаўсюджанага варожага гліфіда. Прамысловы сабатаж: у гэтай місіі гульцы адключаюць сілавое поле вялікага ахоўнага робата, вядомага як Наглядчык, шляхам узлому яго генератараў энергіі. Гэта прыводзіць да шматэтапнай барацьбы з Наглядчыкам. Пасля яго знішчэння стойка даных, якую ён абараняў (належыць карпаратыўнаму канкурэнту), становіцца даступнай для згрузкі ў самаходнае сховішча. Глыбіннае сканаванне: гульцы павінны знайсці і здабыць каштоўныя зерні маркіту, якія знаходзяцца ў жэодах глыбока пад зямлёй. Каб вызначыць іх месцазнаходжанне, гулец павінен знайсці рэзанансныя крышталі і пабудаваць на іх сканеры. Далей ідзе этап суправаджэння, дзе гульцы павінны абараняць бур'ёмнік — вертыкальны бур — ад варожых формаў жыцця, пакуль ён прабіваецца ў жэоду. Па збору ўсіх зерняў жэоды, гульцы падымуцца з глыбіні з дапамогай спецыяльных рэактыўных чаравікаў. Буйная здабыча: гульцы павінны знайсці некалькі камякоў смаляніту, раскапаць вакол іх, прымацаваць да іх пад'ёмныя ракеты і затым націснуць на кнопку, каб адправіць смаляніт на касмічную станцыю.
Кожны тып місіі можна праходзіць на шасці розных узроўнях складанасці, якія называюцца ўзроўнямі небяспекі. Кожны ўзровень павялічвае здароўе і шкоду ворага, а таксама колькасць і частату яго з'яўлення. Місіі таксама могуць мець адну з трох працягласцяў місій і мадыфікатараў складанасці пячоры. Гэта запатрабуе большых затрат часу, а пячора будзе згенеравана болей і складаней. Таксама існуюць выпадковыя мадыфікатары, якіх у місіі можа быць да двух. Гэтыя мадыфікатары падзяляюцца на дзве катэгорыі: анамаліі і трывогі, прычым анамаліі звычайна маюць добрыя або нейтральныя эфекты, а трывогі маюць адмоўныя эфекты, але даюць больш вопыту ў якасці кампенсацыі.
У дадатак да стандартных місій, ёсць два спецыяльныя тыпы місій, якія называюцца «Глыбокі спуск» і «Элітны глыбокі спуск». У іх ствараецца выпадкова згенераваная серыя з трох місій на ўзрастаючай складанасці, прычым біём, тып місіі, мадыфікатары і планіроўкі амаль цалкам выпадковыя. Усе тры місіі павінны быць выкананы паслядоўна, але рэсурсы пераносяцца паміж кожнай з трох місій. Акрамя ўзнагарод у выглядзе крэдытаў і досведу, гульцы атрымліваюць спецыяльныя прадметы, якія завуцца матрычнымі ядрамі, што выкарыстоўваюцца для разблакавання мадыфікацый зброі і касметычных прадметаў. Аднак іх можна сабраць толькі адзін раз за місію кожны тыдзень, што азначае, што можна здабыць да шасці ядраў, калі будуць завершаны і «Глыбокі спуск», і «Элітны глыбокі спуск».
Распрацоўка Студыя «Ghost Ship Games» была створана групай з шасці сяброў — пяцёра з іх раней працавалі ў індустрыі камп’ютарных гульняў. Калі яны прыкладна ў адзін і той жа час засталіся без працы, у іх узнікла думка аб стварэнні ўласнай студыі. «Deep Rock Galactic» стала дэбютным праектам студыі — па словах кіраўніка «Ghost Ship Games» Сорэна Лундгарда, студыя сфармавалася менавіта вакол ідэі гэтай гульні. Канцэпцыя гульні адпавядала планам заснавальнікаў аб адкрытай распрацоўцы і хуткім выхадзе ў ранні доступ, а канцэпцыю кааператыўнай гульні з касмічнымі дворфамі-шахцёрамі было лёгка прасоўваць перад выдаўцамі, інвестарамі і гульцамі.
У якасці рухавіка быў абраны «Unreal Engine 4». Па словах арт-дырэктара студыі Роберта Фрыса, важнымі крыніцамі натхнення для распрацоўшчыкаў былі сусвет «Warhammer 40,000», фільмы «Чужыя» і «Бездань». Характэрны нізкапаліганальны стыль графікі гульні ўзнік дзякуючы тэхнічным абмежаванням у сістэме, якую распрацоўшчыкі выкарыстоўвалі для працэдурнай генерацыі пячор — яна не магла ствараць гладка выгнутыя паверхні. Распрацоўшчыкі эксперыментавалі і з больш дасканалымі мадэлямі з выкарыстаннем карт нармаляў, але, улічваючы малы памер каманды і вялікая колькасць кантэнту ў гульні, вырашылі спыніцца на стылізаваным варыянце — з ім было прасцей працаваць. Гульня знаходзілася ў стане закрытай альфа-версіі са снежня 2016 года і была выпушчана ў ранні доступ 28 лютага 2018 года. Поўная версія гульні была выпушчана 13 мая 2020 года.
Спін-офы На пачатку 2022 года быў паспяхова прафінансаваны праект «Kickstarter» для настольнай гульні «Deep Rock Galactic: The Board Game». Пасля станоўчага водгуку былі паспяхова прафінансаваны яшчэ дзве кампаніі «Kickstarter»: першая з дапаўненнямі «Space Rig» і «Biome» ў 2023 годзе, а другая з дапаўненнямі «Horrors of Hoxxes» і «Rival Incursion» у 2025 годзе.
У сакавіку 2023 года быў анансаваны спін-оф відэагульні «Deep Rock Galactic: Survivor». У адрозненне ад арыгінала, гэта шутэр зверху ў стылі «Vampire Survivors», распрацаваны «Funday Games». Гульня выйшла ў раннім доступе ў 2023 годзе.
Яшчэ адзін спін-оф, «Deep Rock Galactic: Rogue Core», быў анансаваны ў кастрычніку 2023 года. Падобна арыгіналу, гэта будзе кааператыўны працэдурна-генераваны шутэр ад першай асобы, але з элементамі rogue-lite замест стандартнай прагрэсіі, які сканцэнтраваны на атрадзе з чатырох дворфаў, прызначаным для расследавання прыпынення горназдабыўной дзейнасці ў асноўных сектарах Хоксэса. Гульня перайшла ў закрытую альфа-версію ў маі 2025 года, а 20 мая 2026 года выйшла ў ранні доступ.
Зноскі
Спасылкі
Катэгорыя:Гульні для Xbox One Катэгорыя:Гульні для Windows Катэгорыя:Навукова-фантастычныя відэагульні Катэгорыя:Гульні для PlayStation 4 Катэгорыя:Кааператыўныя відэагульні Катэгорыя:Відэагульні 2020 года Катэгорыя:Відэагульні, распрацаваныя ў Даніі Катэгорыя:Відэагульні з працэдурнай генерацыяй Катэгорыя:Гульні для PlayStation 5