«Дзюна» () — навукова-фантастычны раман амерыканскага пісьменніка Фрэнка Герберта, выдадзены асобнай кнігай у 1965 годзе. Уваходзіць у лік самых прадаваных і ўплывовых навукова-фантастычных раманаў у свеце. Па ягоных матывах былі зняты фільмы і серыялы, зроблены коміксы і камп'ютарныя гульні. Паклаў пачатак цыкла «Хронікі Дзюны».

Сюжэт

У далёкай будучыні людзі каланізавалі мноства планет, але з цягам часу апынуліся пад уладай машын. Пасля вайны з імі чалавецтву ўдалося аднавіць кантроль, і тэхналогіі былі забароненыя — разлікі і навігацыю цяпер ажыццяўляюць спецыяльна выведзеныя генетычна змененыя істоты.

Грамадства будучыні арганізавана ў форме Імперыі, дзе ўлада сканцэнтраваная ў руках феадальных дамоў. Кожны з іх кіруе асобнымі планетамі. Планета Аракіс, таксама вядомая як Дзюна, мае асаблівую каштоўнасць, бо з'яўляецца адзінай крыніцай прыправы (англ.: melange, або the spice) — рэчыва, якое падаўжае жыццё, дазваляе бачыць будучыню і неабходнае для міжзорных пералётаў.

На пачатку падзей Аракісам кіруе дом Харконэнаў. Аднак Падзішах-імператар Шадам IV перадае кантроль над планетай дому Атрэйдэс — даўнім ворагам Харконенаў. Фармальна гэта выглядае як праява даверу, але насамрэч з'яўляецца спробай сутыкнуць два дамы і знішчыць Атрэйдэсаў, якіх імператар успрымае як пагрозу сваёй уладзе.

Кіраўнік дому Атрэйдэс, герцаг Лета, прыбывае на Аракіс разам са сваёй наложніцай, лэдзі Джэсікай, і сынам Полам. Пол мае здольнасць бачыць прарочыя сны, што прыцягвае ўвагу таемнага ордэна Бэнэ Гесэрыт, які займаецца селекцыяй з мэтай стварэння звышчалавека.

Герцаг Лета спрабуе наладзіць кантакт з карэннымі жыхарамі Аракіса — фрэменамі (). Аднак у выніку змовы адбываецца напад: дом Харконэнаў пры падтрымцы імператарскіх войск атакуе планету. Герцаг Лета і большасць ягоных прыхільнікаў гінуць, Пол і лэдзі Джэсіка хаваюцца ў пустыні.

Там яны знаходзяць прытулак у фрэменаў. Пол збліжаецца з дзяўчынай па імені Чані і пачынае прыстасоўвацца да жыцця пустыннага народа. Фрэмены падпарадкоўваюцца строгім законам пустыні, перамяшчаюцца на гіганцкіх пясчаных чарвях, пакутуюць ад недахопу вады і таемна імкнуцца ператварыць Аракіс у зялёную планету. Паводле іх вераванняў, павінен прыйсці месія з вонкавага свету. Паступова фрэмены пачынаюць бачыць у Поле гэтага месію.

Пол прымае лідарства, абвяшчае сябе прарокам і арганізоўвае ўзброены супраціў. У адказ імператар прыбывае на Аракіс з жахлівымі імперскімі войскамі — Сардаўкарамі. Фрэмены, выкарыстоўваючы пясчаных чарвей, наносяць удар і перамагаюць Харконэнаў. Пол заяўляе пра намер знішчыць запасы прыправы, што можа прывесці да катастрофы ў галактыцы. У выніку імператар пагаджаецца перадаць Полу ўладу і сваю дачку — прынцэсу Ірулан. Пол становіцца кіраўніком Імперыі, аднак не здольны спыніць далейшую ўзброеную барацьбу фрэменаў.

Ідэі і тэмы

Раман «Дзюна» лічыцца сацыяльна-філасофская фантастыка, у якой прысутнічаюць моцныя біблейскія і месіянскія матывы — галоўны герой успрымаецца як абраны і як прарок. Герберт выбірае пустыню ў якасці асноўнай лакацыі, адсылаючы да аравійскай традыцыі і культуры Блізкага Усходу.

Аўтар выводзіць на першы план экалагічную праблематыку, якая ў час стварэння рамана толькі пачынала гучаць.

Свет рамана — арганічная сістэма, у якой клімат і рэсурсы маюць ключавое значэнне.

Арыгінальная мова рамана выглядае дзіўнай і састарэлай, што стварае адчуванне старажытнасці, прароцкай літаратуры і міфалагічнай вагі.

Шлях Пола Атрэйдэса адбываецца па схеме, апісанай Джозефам Кэмпбелам у «Герою з тысячай твараў»: ад падарожжа праз выпрабаванне і пакуты — да поўнай перамены, ад адмовы ад мінулага — да пазнання сваёй сапраўднай прыроды.

У рамане ключавой тэмай з'яўляецца праблема лідара – чаму людзі схільныя безумоўна падпарадкоўвацца харызматычным кіраўнікам, як павязаны паміж сабою рэлігія, палітыка і ўлада. Аўтар даследуе магчымасці чалавека, ягоны патэнцыял і ўменне адаптавацца, а таксама сутнасць разумнасці і вар'яцтва.

Гісторыя стварэння

У 1957 годзе Фрэнк Герберт зацікавіўся экалагічным праектам Міністэрства сельскай гаспадаркі ЗША, скіраваным на стрымліванне пясчаных дзюн у раёне мястэчка Флорэнс (штат Арэгон). Мясцовыя ўлады планавалі выкарыстоўваць еўрапейскі пясчаны пескалюб, разгалінаваная каранёвая сістэма якога здольная стабілізаваць пясчаныя масівы. Герберт быў уражаны падыходам да вырашэння экалагічнай праблемы і ідэяй пераўтварэння пустыні ў прыдатную для жыцця тэрыторыю.

У канцы 1950-х гадоў Герберт пачаў даследаваць узаемасувязь паміж экалогіяй пустынь і феноменам місіянства. Ён звярнуў увагу на тое, што некалькі буйных рэлігій паўсталі ў пустынных рэгіёнах. Гэтая ідэя прывяла да аб’яднання экалагічнай і рэлігійнай тэматыкі ў адзіную канцэпцыю будучага рамана.

На працягу наступных пяці гадоў Герберт вывучаў псіхааналіз, філасофію, лінгвістыку, эканоміку, паліталогію і рэлігіязнаўства, імкнучыся глыбей зразумець псіхалогію людзей, уцягнутых у місіянскія рухі.

Першапачаткова галоўным героем задуманага рамана быў эколаг, які імкнецца азеляніць пустынную планету. Аднак у працэсе працы над тэкстам Герберт прыйшоў да высновы, што такая структура не дазваляе раскрыць увесь комплекс ідэй, уключаючы разважанні пра ўладу, рэлігійныя маніпуляцыі і псіхалогію мас. У выніку сюжэт быў ускладнены, і ў цэнтры яго з’явіўся новы персанаж — Пол Атрэйдэс. На стварэнне ягонага вобраза паўплывала біяграфія Лоўрэнса Аравійскага і ягоны ўдзел у арабскім паўстанні.

Першыя версіі будучага рамана былі надрукаваны ў часопісе Analog у выглядзе дзвюх аповесцей. Першая, пад назвай «Свет Дзюны», выходзіла з канца 1963 да пачатку 1964 года ў трох частках. У 1965 годзе з’явіўся працяг — «Прарок Дзюны», надрукаваны ў пяці выпусках часопіса. Пазней Герберт перапрацаваў абодва творы, значна іх пашырыў і аб’яднаў у адзіны раман пад назвай «Дзюна».

Гатовы рукапіс адхілілі 23 выдавецтвы, спасылаючыся на аб’ём і складанасць зместу. Інтарэс да кнігі выказаў рэдактар невялікага выдавецтва Chilton Books Стэрлінг Ланье. Нягледзячы на тое, што выдавецтва спецыялізавалася на тэхнічнай літаратуры, ён пераканаў кіраўніцтва выдаць раман. Кніга паступіла ў продаж у жніўні 1965 года, але не мела камерцыйнага поспеху: высокі кошт, значны аб’ём і філасофскі падтэкст выклікалі насцярожанасць. Большая частка накладу была ўтылізавана.

Аднак з цягам часу раман набыў папулярнасць, дзякуючы станоўчым водгукам чытачоў. У 1966 годзе «Дзюна» атрымала прэміі «Х'юга» і «Неб’юла». Значны рост цікавасці да кнігі адбыўся пасля выхаду таннага выдання ў мяккай вокладцы ад Ace Books. Пазней Герберт атрымаў прапанову напісаць працяг.

Культурны ўплыў Раман «Дзюна» натхніў аўтараў шматлікіх кніг, музычных твораў, фільмаў, тэлепраектаў, камп'ютарных гульняў і коміксаўRoberts, Adam (2000). Science Fiction. New York: Routledge. pp. 85–90. ISBN 978-0-415-19204-0. Культурныя спасылкі на «Дзюну» ёсць у «Зорных войнах», «Зорным шляху», «Хроніках Рыдзіка», «Хроніках забойцы каралёў» і «Футураме». Раман лічыцца крыніцай натхнення для анімэ Хаяо Міядзакі.

Па матывах рамана створаны гульні Dune (1992), Dune II (1992), анансаваны выхад гульні Dune: Awakening.

У гонар рамана названы невялікі кратар на Месяцы.

Пераклад на беларускую мову У 2025 годзе раман быў выданы на беларускай мове выдавецтвам «Янушкевіч». Пераклад выканаў Ігар Кулікоў. Вокладку і мастацкае афармленне зрабіў Уладзь Пятручык.

Экранізацыі Раман неаднаразова экранізаваўся:

1984 — фільм «Дзюна» Дэвіда Лінча, 2000 — міні-серыял «Дзюна Фрэнка Герберта», 2021-2024 — «Дзюна» (2021) і «Дзюна: Частка другая» Дэні Вільнёва.

Крыніцы

Катэгорыя:Фантастыка Катэгорыя:Літаратура ЗША Катэгорыя:Кнігі 1965 года Катэгорыя:Навуковая фантастыка Катэгорыя:Літаратура XX стагоддзя