Адам Васілевіч Ждановіч (1889, Бродніца, цяпер Іванаўскі раён, Брэсцкая вобласць — 16 лютага 1954, Мінск) — беларускі праваслаўны святар, протаіерэй. Адзін з найбольш вядомых духоўных дзеячаў Жлобіншчыны першай паловы XX стагоддзя. Быў рэпрэсаваны савецкімі ўладамі, пасля вызвалення вярнуўся да святарскага служэння.

Біяграфія

Нарадзіўся ў вёсцы Бродніца Пінскага павета Мінскай губерні, цяпер Іванаўскі раён Брэсцкай вобласці, у сям’і псаломшчыка. Скончыў Мінскае духоўнае вучылішча і два класы Мінскай духоўнай семінарыі.

У 1914 годзе быў прызначаны псаломшчыкам Свята-Мікалаеўскай царквы ва Урэччы. У 1920 годзе рукапаложаны ў дыякана Свята-Успенскага храма ў Рэчыцы, а затым у святара і накіраваны ў Левашоўскую царкву Рэчыцкага павета.

У 1922 годзе стаў настаяцелем Свята-Мікалаеўскага храма ў Храковічах, цяпер Брагінскі раён. У 1923 годзе быў прызначаны благачынным Рэчыцкай акругі. У 1929 годзе пераведзены ў Свята-Троіцкі храм у Жлобіне і прызначаны благачынным Жлобінскай акругі.

Арышт і рэпрэсіі

20 снежня 1932 года Адам Ждановіч быў арыштаваны органамі АДПУ па абвінавачанні ва ўдзеле ў «антысавецкай групоўцы» і «распаўсюджванні правакацыйных чутак». 11 студзеня 1933 года «тройка» пры Паўнамоцным прадстаўніцтве АДПУ па БССР прысудзіла яго да пяці гадоў папраўча-працоўных лагераў.

Пасля арышту святара Свята-Троіцкі храм застаўся без настаяцеля і быў закрыты. Яго будынак пачалі выкарыстоўваць для захоўвання архіваў. Сям’ю Ждановіча выслалі з Жлобіна тэрмінам на тры гады.

Пасля вызвалення ў 1938 годзе працаваў галоўным бухгалтарам у Комі АССР.

Пасля вайны

Пасля вызвалення Жлобіна сям’я Ждановіча вярнулася ў горад. Яго дом згарэў падчас вайны, а Свята-Троіцкі храм быў разбураны. Першыя пасляваенныя набажэнствы святар праводзіў у прыватным доме № 8 на вуліцы Шчорса.

У 1946 годзе быў прызначаны настаяцелем царквы ў вёсцы Артукі Рэчыцкага раёна. Адначасова святар хадайнічаў перад уладамі аб адкрыцці ў Жлобіне малітоўнага дома. Дазвол быў атрыманы ў 1947 годзе. Малітоўны дом не мог мець купалоў і званоў, паколькі побач знаходзілася школа № 5.

У 1948 годзе Ждановіч зноў стаў благачынным Жлобінскай акругі, а ў 1950 годзе быў узведзены ў сан протаіерэя.

Памёр 16 лютага 1954 года ў Мінску. Перад смерцю паспеў сустрэцца з сынам Васілём. Пахаваны на Старых могілках у Жлобіне.

Рэабілітацыя

22 снежня 1960 года Адам Ждановіч быў афіцыйна рэабілітаваны.

Памяць

У лютым 2024 года, да 70-годдзя з дня смерці святара, у жлобінскім храме свяціцеля Васілія Вялікага адбылася паніхіда ў яго памяць.

У красавіку 2024 года прыхаджане і настаяцель храма Васілія Вялікага добраўпарадкавалі магілы Адама Ждановіча і яго жонкі Алены. Каля пахаванняў была адслужана памінальная ліція.

Крыніцы

Літаратура

Слесарев А. В. Мартиролог Гомельской епархии (1917—1953): биографический справочник. — Минск: Издательство Минской духовной академии, 2017. — С. 88.

Спасылкі

Адам Ждановіч, протаіерэй // Гомельская епархія. У Жлобіне ўшанавалі памяць протаіерэя Адама Ждановіча // «Новы дзень».

Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1889 годзе Катэгорыя:Памерлі ў 1954 годзе Катэгорыя:Пахаваныя ў Беларусі Катэгорыя:Жлобін Катэгорыя:Жлобінскі раён Катэгорыя:Праваслаўе ў Беларусі Катэгорыя:Постаці Жлобіна